шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.

2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны ​1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.

3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.

шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эта́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да этапа (у 1, 2 знач.). Доўга думаў Войцік, чаму шпікі адвезлі Максіма ў гарадскі астрог, а не ў дэфензіву ці паліцыю на папярэдняе следства і допыт? Ён ведаў, што пры гарадскім астрозе следства не вядуць, што гэта астрог этапны, перасылачны. Машара.

2. Які звязаны з перасылкай па этапу. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. // у знач. наз. эта́пны, ‑ага, м. Асоба, якая рухаецца па этапу пад канвоем. // Які суправаджае, канваіруе тых, каго перасылаюць па этапу. На нашай вуліцы стаяла этапная рота, якая канваіравала палонных аўстрыякаў. Хведаровіч.

3. Які з’яўляецца этапам (у 4 знач.). У кожнай літаратуры ёсць творы этапныя і малазначныя. Шкраба. Этапнымі тварамі Янкі Брыля, якія адпавядаюць гэтым новым ідэйным якасцям яго рэалізму, з’яўляюцца «Марыля», «Зладзеі», «У сям’і». Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.

2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.

3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.

4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кішэ́нь1, кішэ́ня ’ўшыты ў адзенне мяшочак для дробных рэчаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. II, Сл. паўн.-зах., ТС, Мал., Ян., Грыг., Яруш., Др.-Падб., Мядзв.). У апошняй крыніцы адзначана як запазычанне з польскай мовы (параўн. Кюнэ, Poln., 64). Ст.-бел. кешаня, кішеня (з 1555 г.) (Булыка, Запазыч., 154), кишеня ’жывот’, польск. kieszeń ’кішэня’, чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa. Рус. кишеня ’жывот’ семантычна не суадносіцца з іншымі паралелямі і ў той жа час адпавядае палаб. tʼèsin ’страўнік’ (< *kъsenь), хоць апошняе мае іншую фанетычную структуру. Калі *kyšenʼa (= рус. кишеня) < *kyxenʼa < *kysenʼa, архетып, да якога ўзводзіцца палаб. форма, не рэалізаваў пераход s > x пасля й, што трэба лічыць неверагодным. Таму палаб. *kъsenь < *kъšenь, што тлумачыцца вядомым спарадычным пераходам š > s у палабскіх дыялектах. Такім чынам, прасл. kъšenь/kyšenʼa. Формы чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa — запазычанні з польскай мовы, дзе рэфлекс ъ > e рэгулярны (kieszeń). На беларускай і ўкраінскай моўнай глебе наглядаецца падвойны рэфлекс і кантамінацыя форм kъšenь і kyšenʼa (параўн. ст.-бел. кешеня і кішеня). Булыка (Запазыч., 154) разглядае іх як запазычанні з польскай мовы. З гэтым трэба пагадзіцца, але вывядзенне польск. kieszeń з тур. késé не адпавядае рэчаіснасці, бо храналагічна немагчымае (параўн. Слаўскі, 2, 158). Прасл. kъšenь, kyšenʼa аднаго паходжання з прасл. kyšьka (Бернекер, 503). Гл. кішка1.

Кішэ́нь2 ’малая ўкладка снапоў’ (ДАБМ). Да кішэнь1. Малая ўкладка складалася з пастаўленых снапоў каласамі ўгору і была пакрыта зверху адным або двума снапамі каласамі ўніз нібы шапкай (гл. каментарыі да ДАБМ, карта 286). Такая ўкладка падобна да кішэні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йца1 ‘Сёмуха’, у хрысціянскай рэлігіі ‘трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ): Сёмуха ці Тройца у нас тры дні (Сержп. Прымхі), Siomucha albo Świataja Trójca ‘тс’ (Пятк. 3), Trýeǐca ‘тс’ (Арх. Вяр.). Тро́іца ‘свята на другі дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас., Ян.); сюды ж тройцова́ць ‘святкаваць Сёмуху’ (ТС), тро́йцын дзень ‘Сёмуха’ (круп., Сл. ПЗБ), Trójeckije dziedý ‘тс’ (Пятк. 3). Ст.-бел. тройца, троица ‘Бог у трох іпастасях; Сёмуха’ (ГСБМ). У аснове ст.-слав. троица — калька з грэч. Τριάς, якое з τρεῖς; ‘тры’ (Фасмер, 4, 104). Да тры, трое, гл.

Тро́йца2 ‘кампанія з трох чалавек’ (ТСБМ), ‘лік тры’ (Нас.): Boh trójcu lùbić (Пятк. 2), ‘трое суб’ектаў’: робляць па трэйко дзеля того, каб тут была тройца: мужык, жонка і дзеці (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. дыял. сʼвата́ три́йцʼа ‘траіх неразлучных сяброў’ (Арк.), чэш. trojice ‘тры асобы’, славен. trojíca ‘тс’, серб. тро̏йца ‘тс’, балг. трои́ца ‘тс’, макед. тројца ‘тс’, у ваколіцах Салуні truica ‘трое людзей’ (Малэцкі, Słownik). Паколькі ў большасці славянскіх моў фармальна адрозніваюцца назвы, якія суадносяцца з тройца1 і тройца2, мяркуецца, што формы з нерэлігійным значэннем з’яўляюцца больш старажытнымі ў некаторых мовах, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 397; Скок, 3, 300; Арол, 4, 105.

Тро́йца3, ‘канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’ (Шмярко, Кіс.). Параўн. укр. трі́йка ‘тс’, рус. тро́йца ‘тс’, чэш. trojka, trojačka ‘тс’. У аснове назваў лічэбнік тры (гл.), што характарызуе будову лістка з трыма пласткамі (ЕСУМ, 5, 643; Махэк, Jména, 121), гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грыф 1, ‑а, м.

1. У антычнай міфалогіі — крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва.

2. Вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай.

[Грэч. gryps.]

грыф 2, ‑а, м.

1. Доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны. Гітара была добрая, з прыгожымі малюнкамі на версе, з вялікім чырвоным бантам на канцы грыфа. Васілёнак.

2. Стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі.

[Ням. Griff.]

грыф 3, ‑а, м.

1. Штэмпель з узорам чыйго‑н. афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля. Бланк з грыфам установы. □ Светла-жоўтыя, горда аздобленыя двухмоўным грыфам паўпрэдства СССР пакеты прыходзяць на лагерную пошту амаль штодня. Брыль.

2. Надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. Апублікаваць брашуру пад грыфам: «На правах рукапісу». □ Палкоўнік запісаў.. [лічбы] на бланку з грыфам «Сакрэтна», затым утаропіўся ў іх вачамі і задумаўся. Дудо.

[Ад фр. griffe — кляймо, штэмпель.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вяне́ц, ‑нца, м.

1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.

2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.

3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.

4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.

5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.

•••

Ісці пад вянец гл. ісці.

Стаяць пад вянцом гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́зваліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Зрабіць свабодным каго‑, што‑н., даць свабоду каму‑, чаму‑н. Вызваліць арыштаваных. Вызваліць з няволі. □ Граніца, што штучна падзяляла беларускую зямлю на дзве часткі, была сцёрта ў верасні 1939 года, калі Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь з-пад панскага прыгнёту. Хадкевіч. [Камлюк:] — Трэба не толькі вызваліць зняволеных, але і адсекчы шлях адступленне для франтавых часцей праціўніка. М. Ткачоў.

2. Адваяваць захопленую ворагам тэрыторыю. Вызваліць горад ад захопнікаў.

3. Выратаваць, даць магчымасць пазбегнуць чаго‑н. Вызваліць людзей ад немінучай смерці. □ [Грыша:] — Не лепшага я шукаю, а хачу ад лішняга клопату вызваліць вас [дзядзьку]. Пальчэўскі.

4. Выслабаніць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. грувасткага, цяжкага і пад. Вялічка вызваліў грудзі ад трушчанай цэглы і ўбачыў, што іх залівае кроў. Чорны. Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Колас.

5. Звольніць, зняць з работы. [Сухадольскі:] — Прашу вызваліць мяне ад абавязкаў галоўнага інжынера. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. з інф. або з дадан. сказам. Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны. Васіль вырашыў, што ў сябра нейкая непрыемнасць і чакаў, калі Саша загаварыць сам. Шуцько.

2. што. Рашыць, знайсці адказ на што‑н. Вырашыць пытанне, праблему. □ Сацыялізм вырашыў вялікую сацыяльную праблему — ліквідаваў эксплуататарскія класы і прычыны, якія параджаюць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Праграма КПСС. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Колас. Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Кулакоўскі.

3. што і з інф. Прыняць рашэнне. Па заяве ж, як і дамагаўся Міхал, вырашылі стварыць камісію і даручылі ёй яшчэ раз праверыць факты. Карпаў.

4. што. Рассудзіць. Вырашыць спрэчку, непаразуменне.

•••

Вырашыць лёс каго — прыняць рашэнне па якім‑н. пытанні, якое звязана з чыімі‑н. інтарэсамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

конь, каня́; мн. ко́ні (з ліч. 2, 3, 4 кані́), ‑ей; м.

1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды. Запрагаць каня. Верхавы конь. Ехаць на кані. // Пакладаны самец гэтай жывёліны.

2. Шахматная фігура з галавой каня. Хадзіць канём.

3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў. Практыкаванні на кані.

•••

Арабскі конь — адна з лепшых парод верхавых коней.

Быў конь, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).

На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць, пабываць і пад.).

Ні па кані, ні па аглоблях — не так, як хацелася (выйшла, атрымалася і пад.).

Па конях! — кавалерыйская каманда для пасадкі на коней.

Траянскі конь — ашуканства, падманныя дзеянні (са старажытнагрэчаскага падання аб узяцці Троі з дапамогай вялікага драўлянага каня, у сярэдзіне якога былі схаваны воіны).

Ход канём гл. ход.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)