птушы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушкі. Птушыныя галасы. Птушыны пух. □ Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка. // Які складаецца з птушак. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль. Маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. Лынькоў. // У якім водзіцца многа птушак; населены птушкамі. Птушыны гай. □ Таямнічы шолах плыў з птушынага бярэзніку. Бялевіч. // Прызначаны для птушак. Птушыны корм. Птушыная клетка.

2. Які нагадвае птушку; такі, як у птушкі. У прыемнай сакратара пісала на машынцы бялявая дзяўчына з маладзенькім, нейкім птушыным тварам. Гаўрылкін. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачамі, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Маўр.

•••

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушыны базар гл. базар.

(Толькі) птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рухо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны рухацца (аб прыстасаваннях, механізмах і пад.). Рухомы блок. □ Зроблены новы рухомы круг і прыстасаванні для дэкарацый. «Беларусь».

2. Які не знаходзіцца пастаянна на адным і тым жа месцы, здольны змяняцца. Рухомы націск у слове. □ [Вецер] разрываў полаг хмар, і тады праз рухомыя прасветы згасаючымі іскрамі падалі на зямлю зоркі. Шамякін. // Які пераязджае з месца на месца; проціл. нерухомы. Рухомы лазарэт. Рухомы магазін. // Прызначаны для перамяшчэння з месца на месца. Рухомая артылерыя. Рухомы мост. □ — Будзем ствараць невялікія рухомыя атрады, якія б змаглі знайсці прытулак і ў стэпе, — прапанаваў Андрэй. Няхай.

3. Які можа змяняцца ў залежнасці ад умоў. Рухомыя формы арганізацыі. // Які хутка развіваецца, мяняецца. Стыль пісьменніка, калі разглядаць яго як сувязі, што існуюць паміж асноўнымі вобразамі твораў, — з’ява рухомая. Юрэвіч.

•••

Рухомая маёмасць гл. маёмасць.

Рухомы састаў гл. састаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Выраб са скуры, тканіны і пад., звычайна з ручкамі, прызначаны для нашэння чаго‑н. Гаспадарчая сумка. Прадуктовая сумка. Паштальёнская сумка. □ [Кандуктар] час ад часу папраўляла раменьчык сва[ёй] кандуктарск[ай] сумкі, каб не так рэзала плячо. Пальчэўскі. Нават смешна было глядзець на .. [Янука]: ватоўка расхрыстана, сумка з кнігамі закінута за спіну, шапка з’ехала на патыліцу. Хадкевіч. // Пра выраб такога тыпу для грошай і некаторых прыналежнасцей жаночага туалету.

2. У анатоміі — орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі. Сардэчная сумка. Сустаўная сумка.

3. У некаторых жывёл — поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.

4. Орган у некаторых грыбоў, у якім развіваюцца споры.

•••

Палявая сумка — сумка, у якой ваенныя носяць планы, карты.

Санітарная сумка — сумка з наборам медыкаментаў і перавязачных сродкаў, неабходных для першай дапамогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяме́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.

2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.

3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарнавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Напісаны, зроблены начарна; неканчатковы. Чарнавы чарцёж. □ І на самай справе, як аб гэтым сведчаць даты на лістах чарнавога рукапісу паэмы, некаторыя дні прыносілі па 30 і больш вершаваных радкоў. У. Калеснік. У асобе Міколы Аўрамчыка беларуская літаратура якраз мае вельмі патрабавальнага паэта, які .. не спяшаецца друкаваць яшчэ чарнавыя накіды вершаў. Бугаёў. // Прызначаны для запісаў начарна, з такімі запісамі. Чарнавы сшытак. □ — Вось, малады чалавек, — сказаў інжынер Блок, — тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перан[есяце] папраўленыя лічбы... Колас.

2. Дапаможны, падсобны; цяжкі, брудны (пра работу). Рабочых сцэны не было, артысты самі выконвалі ўсе чарнавыя работы. Сабалеўскі. Купала не цураўся ніякай чарнавой работы, толькі б падтрымаць маладых пісьменнікаў. Ярош.

3. Звязаны з першапачатковай стадыяй вытворчасці. Чарнавая апрацоўка.

4. Спец. Са значнай колькасцю прымесей (пра каляровыя металы). Чарнавы цынк. Чарнавая медзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да школы (у 1, 2 знач.). Школьны будынак. Школьны двор. Школьная сістэма ацэнкі ведаў. // Які абслугоўвае школу, працуе ў школе. Школьныя настаўнікі. Школьны ўрач. Школьная бібліятэка.

2. Звязаны з навучаннем у школе, знаходжаннем у школе. Школьныя прыналежнасць. Школьная форма. Школьны ўзрост. Школьныя гады. Школьны таварыш. Школьныя канікулы. □ Маленства! Ты гарыш агнём начлежным, Ты школьным заліваешся званком. Панчанка.

3. Праведзены, выкананы ў школе, школьнікамі, сярод школьнікаў. Школьная насценгазета. □ Перадавалі аб усім: .. на колькі працэнтаў выканала дзённае заданне брыгада цесляроў, хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін. // Які складаецца са школьнікаў, створаны школьнікамі (звычайна адной школы). Школьны хор. Школьная самадзейнасць. Школьная каманда гімнастаў. // Прызначаны для школьнікаў; разлічаны на школьнікаў. Школьны лекторый.

4. перан. Несамастойны, вучнёўскі, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Школьныя разважанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.

2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.

3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.

4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.

5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.

•••

Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.

Фігурныя дужкі гл. дужка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг. літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц. ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк. летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел. лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр. літо, рус. лето, польск. lato, палаб. lʼotü в.-луж. lěćo, н.-луж. і в.-луж. lěto, чэш. léto, славац. leto, славен. lę́to, серб. ле̏то, харв. ljȅto, макед. лето, lʼatu, балг. лято, ст.-слав. лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл. lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл. lěto з літ. lė̃tas ’павольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат. lę̄ts ’лёгкі’, лац. lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е. *lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав. lěto з лац. laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл. lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац. laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл. lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ня ’ўчастак вадаёма, прызначаны для лоўлі рыбы закідным невадам’, ’адзін закід невада, а таксама ўлоў ад аднаго закіду’ (ТСБМ), ’глыбокая яма на рэчцы’ (кам., ЛА, 2), ’мачулішча’ (докш., ЛА, 4), ’вір’ (Ласт.; кам., ЛА, 2), ’месца, праз якое за адзін раз працягнуты невад’ (Арх. Вяр.), ’разавы прагон рыбалоўнай сеткі, невада’ (Крыв.), ’глыбокае месца ў рэчцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ’затон, вір; адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай; колькасць рыбы, злоўленай сеткай за адзін заход’ (ТС), ’адзін заход з сеткай (закідванне і выцягванне сеткі); найбольш глыбокі ўчастак возера, дзе водзіцца рыба’ (в.-дзв., Нар. сл.), ’колькасць рыбы, злоўленай за адзін раз’ (івац. ЖНС), ’месца, дзе водзіцца рыба, затон; адзін запуск невада ў раку’ (ушац., Нар. сл.), ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац., З нар. сл.), ’глыбокае месца на рацэ ці возеры, дзе закідваецца невад; вір’ (навагр., свісл., лід., стаўб., Сл. ПЗБ), то́ня, то́нька ’старарэчышча, затока’ (докш., Сл. ПЗБ), таня́ ’невад’ (брасл., Рабк.), ст.-бел. тоня ’месца для лоўлі рыбы’ (Статут 1529). Гл. таксама тонь1. Укр. то́ня ’частка вадаёма для лоўлі рыбы невадам; невад з рыбай’, дыял. ’месца, дзе можна ўтапіцца’, рус. то́ня, тонъ ’адна працяжка невада’, ’прастора, якую ахоплівае невад’, ’месца, дзе можна закінуць невад’, ’месца, дзе ловяць рыбу; сетка’, польск. tonia, toń ’глыбокае месца; месца, дзе можна закідваць невад’, н.-луж. toń ’невад; балота, дрыгва’, чэш. tůně, tůň ’глыбокае месца’, славен. дыял. tonja ’тс’, ’лужа’, серб.-харв. то̀ња ’тарфянік, тарфяная глеба’, балг. дыял. то́на ’зручнае для рыбнай лоўлі месца’ (БЕ, 23, 5, 437). Прасл. *tonʼa ’глыбокае месца (дзе збіраецца рыба)’, *tonь ’тс’, традыцыйна звязваюць з *topiti ’тапіць, акунаць’, адпаведна з *topnʼa, *topnь (Фасмер, 4, 77; Махэк₂, 661; Брукнер, 573; Талстой, Геогр., 170), параўн. і то́пень ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС). Зубаты (Studie, 1, 2, 120) і Мяркулава (Этимология–1975, 52–58) разглядаюць праславянскія словы як звязаныя з *tęgnǫti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ на падставе таго, што ў шэрагу славянскіх моў пераважае семантыка, звязаная з працягваннем невада, параўн. таксама волак (гл.) і ст.-бел. озеро зволочити ’аблавіць возера’ (Статут 1529 г.). На думку іншых (Шустар-Шэўц, 1516; Фурлан у Бязлай, 4, 198), мае месца аманімія двух слоў з рознай этымалогіяй або дапускаецца аб’яднанне ў адным слове генетычна адрозных слоў (Борысь, 637). Параўн. тонь2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)