джа́ла, ‑а, н.

1. Колючая частка органа самаабароны і нападу некаторых насякомых (пчол, вос, шэршняў і інш.), якая знаходзіцца на канцы брушка. Хто іх на свеце не знае, шэршняў тых, з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых. Дубоўка. // Колюча-смокчучы хабаток некаторых насякомых (мухі, камара, авадня і інш.). Адчуўшы ранішні прыпек і джала авадня, Конь стаў пад голлем у цянёк. Бялевіч.

2. Доўгі, раздвоены на канцы язык ядавітай змяі. Летам.. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала і высоўвала джала, то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка.

3. Вастрыё колючага ці рэжучага інструмента, прылады. І вострае джала разца гоніць спружыністыя стружкі. Гартны.

4. перан. Пра абвостранае пачуццё, успрыманне. Перад.. вачамі [Ніны] успыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі галаву безліччу пякучых джал. Мележ. // чаго. Пра што‑н. вострае, едкае. Джала сатыры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.

2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.

3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.

•••

Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. Разлічыцца за даўгі, атрыманыя грошы і пад. сваёй працай. — Дзякуй вам, дзякуй! — пачаў паўтараць.. Даніла і ледзь не кланяецца гаспадыні. — Мы заплацім, як прыедзе сын, а то я адраблю валі, кашоў напляту. Кулакоўскі.

2. Разм. Скончыць працаваць. Адрабіўшы, можна і адпачыць. // Перастаць рабіць, папрацаваўшы доўгі час, аддаць працы многа сіл, стаць непрыгодным для працы. [Сын з нявесткай:] — Не табе, старой, сягоння Раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак. — Дзед ужо не работнік... — ледзьве прагаварыла маці праз плач. — Дзед сваё адрабіў... Якімовіч. // Знасіцца ад працяглай работы (пра машыны, прылады і пад.).

3. Папрацаваць нейкі час. Пастушэня гутаркай кароткай быў узрушан, хоць нямала ён у праектнай адрабіў канторы, розных шмат спраектаваў мастоў. Русецкі.

4. чаго, што. Зрабіць так, каб вярнуць што‑н. да ранейшага стану. Адно для Сценкі было ясна: цяпер ён за парогам бацькавай хаты. Таго, што зрабілася, назад не адробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.

2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.

3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка. // Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. // Разм. Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу. Брыль.

4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.

2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.

3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бара́н1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́біць1 ’прынаджваць, прыцягваць, клікаць’ (БРС, Яруш., Гарэц.); ’свістаць для прынаджвання дзікіх птушак’ (Інстр. II); ’зводзіць, выклікаць’ (Гарэц.), вабіцца ’ісці на прынаду, спакушацца’ (Гарэц.). Рус. вабить, укр. вабити, польск. wabić, в.-луж. wabić, н.-луж. wabiś, чэш. vábiti, славац. vábiť, макед. ваби, балг. ва́бя, серб.-харв. ва́бити, славен. vabiti, ст.-слав. вабити. Прасл. *vabiti ’крычаць’. Згодна з адной версіяй (Развадоўскі, Wybór, 2, 157), праславянскае слова суадносіцца з гоц. wōpjan, ст.-ісл. оéра ’крычаць, лемантаваць’ і інш. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 61; Траўтман, 333–337; Скіт, 706; Покарны, 1109; Рудніцкі, 1, 287; Фасмер, 1, 263; БЕР, 1, 110; Махэк₂, 673; Скок, 3, 557. Згодна з іншай версіяй, праслав. *vabiti было непасрэдна звязана з назвай паляўнічай прылады (пасткі) і мела першапачаткова значэнне ’заманьваць птушку ў пастку’, адкуль пазней развілося значэнне ’прынаджваць птушку голасам’. Параўн. паралелі да *vabiti: ст.-інд. ubhnā́ti ’звязвае’, ст.-грэч. ὕφος ’сетка’, лац. lасеге ’вабіць’ і laquens ’сіло, пятля’, ст.-в.-ням. spanan ’вабіць’ і ст.-англ. spannan ’звязваць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 190–191).

Ва́біць2 ’марнаваць час; забаўляць’, вабіцца ’затрымлівацца; забаўляцца, гуляць’, ваблены ’марудны’ (Яўс.). Узнікла ў выніку метатэзы: бавіць > вабіць, што пацвярджаецца поўным супадзеннем семантыкі абодвух дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́так1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. асядаць — асесці (у 1 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. асадзіць ​1 (у 1 знач.).

3. Спец. Глыбіня апускання судна ў ваду. Карабель з глыбокай асадкай. Няпоўны асадка.

4. Спец. У кавальскай справе — ковачная аперацыя, пры якой павялічваецца таўшчыня загатоўкі за кошт яе вышыні.

5. Тое, што і асада ​2 (у 2 і 3 знач.). На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Колас. // Драўляная частка якога‑н. інструмента, прылады, якая з’яўляецца дзяржаннем металічнай або якой‑н. іншай часткі. Асадка долата. □ Дзед Трыфан любіў буслоў, як любіў ён і галубоў, для якіх спецыяльна на гарышчы хаты ставіў асадкі старых рашотаў, і птушкі ў іх вілі гнёзды. Сабаленка. // Пісьмовая прылада — палачка, у якую ўстаўляецца пяро; тое, што і ручка (у 3 знач.). А тым часам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракта, асадку, чарніла, пяро. Колас. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў іх, прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяро́, а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.

1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.

2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.

3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.

4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.

5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.

•••

Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.

Адным росчыркам пяра гл. росчырк.

Валодаць пяром гл. валодаць.

Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)