сто́йбішча, ‑а, н.
1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.
2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.
3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пераста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.
1. што. Паставіць на другое месца. Пераставіць лямпу на другі стол. □ [Волька] узяла кветкі і пераставіла на акно, каб не так кідаліся ў вочы. Мікуліч. // Разм. Замяніць парадак чаго‑н. Пераставіць словы ў сказе. □ Можна напісаць на гэту тэму другі твор, .. але ў гэтым — ні замяніць, ні пераставіць нічога нельга, усё зроблена па закону абумоўленасці і неабходнасці. «Полымя».
2. што. Расставіць што‑н. іначай, на іншыя месцы. [Зіна] не толькі прыбрала, а і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту. Шыцік. Але аднойчы я прынесла смятану з крамы, і слоікі ў халадзільніку выпадкова пераставіла. Савіцкі. // каго. Разм. Размясціць каго‑н. больш зручна для выканання якіх‑н. абавязкаў. Пераставілі людзей, і атрымалася, што тыя ж аперацыі можна рабіць меншай колькасцю рабочых. Шыцік.
3. што. Пабудаваць, зрабіць нанава (хату, печ і пад.), перарабіць. Я з бацькам дуб пілую на штандары (Патрэбна ў хаце пераставіць печ). Гаўрусёў.
4. што. Разм. Перамяніць, перайначыць. — Чалавек, калі захоча, натуру можа пераставіць. Чорны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
прыгне́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгнесці.
2. у знач. прым. Які церпіць прыгнёт, уціск, эксплуатуецца. Расцвіўшай грэчкай пахне родны край, у час майго маленства і юнацтва — прыгнечанае, бунтарнае Наднямонне. Брыль. / у знач. наз. прыгне́чаны, ‑ага, м. Змагацца за волю вядзі [песня] ўсіх бяздольных, Мільёны прыгнечаных і беспрацоўных, Мільёны рабочых, сялян, паднявольных. Танк. // Які церпіць прыніжэнні, здзекі; пакрыўджаны, няшчасны. [Паўлу Паўлавічу] да слёз стала шкада сябе, бездапаможнага, прыгнечанага, і жыццё ўласнае здалося яшчэ больш недарэчным і немагчымым. Шамякін.
3. перан.; у знач. прым. Цяжкі, змрочны (пра стан, настрой). Нелады і непрыемнасці не аднойчы выклікалі ў Паходні прыгнечаны настрой, нездаволенасць. Хадкевіч.
4. перан.; у знач. прым. Якога штосьці гняце; моцна засмучаны, занепакоены чым‑н. [Андрэй] пайшоў дадому прыгнечаны. «Чаму Каця нічога не сказала.., што сёння раніцай пойдзе дадому? Што пра яе ведае Стэфа, чаму не дагаворвае?..» Чарнышэвіч. Кожны раз [Віця] прыходзіла з бальніцы прыгнечаная, са слязьмі... Новікаў. // Які выяўляе цяжкі, змрочны стан, настрой. Усе мелі прыгнечаны выгляд, былі пахмурымі, злёгку ўздрыгвалі ад перадранішняга халадку. М. Ткачоў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
са́ла, ‑а, н.
1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.
2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.
3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.
4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.
•••
Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.
Заліць за скуру сала гл. заліць 1.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
у́тро ср.
1. ра́ніца, -цы ж., ра́нак, -нку м.;
к утру́ пад ра́ніцу;
2. перен. (начало) пача́так, -тку м., ра́ніца, -цы ж., зо́лак, -лку м.;
одно́ у́тро аднае́ ра́ніцы, адно́йчы ра́ніцай;
под у́тро пад ра́ніцу;
с утра́ до́ ночи з ра́нку да но́чы;
до утра́ да ра́ніцы;
ра́нним у́тром ра́нічкаю, (на рассвете) на до́світку;
с утра́ з ра́ніцы;
по утра́м ра́ніцамі, заўсёды ра́ніцай;
на у́тро наза́ўтра ра́ніцай;
ка́к-то у́тром аднае́ ра́ніцы;
◊
у́тро ве́чера мудрене́е пераначу́ем, бо́лей пачу́ем;
до́брое у́тро! до́брай ра́ніцы!
 Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс) 
Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода 10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
сыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што, на чым і без дап. Выканаць што‑н. на музычным інструменце. Сыграць на гітары. Сыграць лявоніху. □ Вось [Васіль] сыграе што-небудзь, моладзь патанцуе. Кавалёў. // што. Падаць які‑н. сігнал ігрой на музычным інструменце. Сыграць адбой. □ Аднойчы ў час канцэрта сыгралі трывогу, і байцы пайшлі ў бой. «ЛіМ». // перан.; на чым. Уздзейнічаць на чые‑н. пачуцці, і пад. для дасягнення пэўных мэт, выкарыстаць чые‑н. пачуцці, настрой у сваіх мэтах. Сыграць на шчырасці.
2. што. Выканаць, паставіць у тэатры, на сцэне (п’есу, оперу і пад.). Сыграць спектакль. // у чым. Прыняць удзел у выкананні п’есы, оперы і пад.; выступіць. Сыграць у кінафільме. Сыграць у аперэце. // Паказаць на сцэне, выканаць якую‑н. ролю. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Рамановіч. [Тамілін:] — Я вось думаю, калі будзе пасля вайны напісана п’еса пра нас, дык абавязкова сыграю ролю генерала ляснога фронту. Шчарбатаў.
•••
Сыграць першую скрыпку — адыграць галоўную ролю ў якой‑н. справе. На чарзе новыя клопаты: сяўба яравых. І тут механізатары павінны, як кажуць, сыграць першую скрыпку. Шымук.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тэатра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэатра (у 1–3 знач.). Тэатральнай мастацтва. Тэатральная зала. □ У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджанай ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў полы паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач. // Звязаны з тэатрам, з дзейнасцю яго. Тэатральная крытыка. Тэатральны часопіс. Тэатральны сезон. □ Тым не менш .. дэбют [Мележа] ў новым жанры не прайшоў незаўважаным тэатральнай грамадскасцю. Гіст. бел. сав. літ. // Прызначаны для тэатра, сцэны. Тэатральная музыка. □ Я ўявіў сабе фантастычны лес, нібы тэатральную дэкарацыю да казкі. Бядуля. У Адэсе мы пакінулі ўсю сваю тэатральную маёмасць і ў двухкласных вагонах рушылі на поўнач. Рамановіч. // Прызначаны для падрыхтоўкі акцёраў, спецыялістаў тэатра. Тэатральнае вучылішча. Тэатральная студыя.
2. Характэрны для тэатра; умоўны, штучны. Тэатральныя прыёмы.
3. перан. Які вызначаецца тэатральнасцю (у 2 знач.). Тэатральная поза. □ Аднойчы, калі ён быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, зачапіўшы яго, адбеглася і, стаўшы ў позу, прамовіла: — О, Алекс!.. Сарвалася з тэатральнага тону, пырснула звонкім смехам і пабегла. Брыль.
•••
Тэатральныя падмосткі гл. падмосткі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
факт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.
2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.
3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.
[Ад лац. factum — зробленае.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ячэ́йка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.
1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. □ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.
2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.
3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.
•••
Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.
Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.
Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)