сфармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Надаць каму‑, чаму‑н., якую‑н. форму, выгляд. Сфарміраваць кроку дрэва.
2. Надаць каму‑, чаму‑н. устойлівыя, закончаныя рысы, уласцівасці. Сфарміраваць характар. Сфарміраваць светапогляд. □ Адзін рэжысёр не можа сфарміраваць аблічча тэатра. «ЛіМ». // Выпрацаваць тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. Максіма Танка як свядомага грамадзяніна сфарміравала рэвалюцыйная барацьба заходнебеларускага народа за сваё вызваленне. Бугаёў.
3. Арганізаваць, скласці, стварыць (калектыў, установу і пад.). Сфарміраваць у рад. Сфарміраваць разведачную экспедыцыю. // Арганізаваць, камплектуючы людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). Сфарміраваць полк. □ Мінькову даручылі за тры дні .. сфарміраваць для дапамогі партызанскаму краю зборны атрад, забраўшы са сваёй і дзвюх суседніх брыгад па дзве ўзмоцненыя роты. Хадкевіч.
4. Саставіць (поезд), счапляючы вагоны. — Калі .. [ворагі] падыходзілі да горада, мы паспелі сфарміраваць эшалон і адагнаць яго ў Смаленск, — расказваў Медны. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.
1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.
2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схе́ма, ‑ы, ж.
1. Спрошчаны чарцёж, які перадае сістэму, пабудову, сувязь частак чаго‑н. На гэтым экране кожны вучань можа пісаць, чарціць схемы, застаючыся за сваёй партай. Шыцік. Для нагляднасці я намаляваў нават схему руху гэтых уяўных паяздоў. Навуменка. Па схеме ўсё правільна, а ўстаноўка не працуе. Мыслівец. // Агульны план пабудовы, арганізацыі, размяшчэння чаго‑н. Каця паабяцала разам са сваімі сябрамі, што працавалі на аэрадроме, скласці схему, дзе падрабязна былі б адзначаны стаянкі самалётаў, запасы боепрыпасаў, памяшканні, дзе жылі лётчыкі. Няхай.
2. Апісанне, зробленае ў агульных рысах, папярэдні накід. Схема п’есы. Схема даклада. □ Штампы і схемы ляжаць і на многіх творах аб калгасным жыцці. «Беларусь».
3. Абстрактны паказ чаго‑н.; агульная формула, палажэнне (у думках, разважаннях). Багата якія важныя пытанні наогул не атрымлівалі адказу, не даследаваліся, таму што не ўкладваліся ў апрыёрныя схемы. «Полымя».
[Грэч. schema — вобраз.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.
Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уго́лас, прысл.
1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.
2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укліні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Увайсці, удацца клінам, вузкаю палосай у сярэдзіну чаго‑н. Сабраўся быў павярнуць у вёску, як заўважыў у маладым калгасным садзе, што глыбока ўклініўся ў поле, чалавечую постаць. Хадкевіч. На мяккай мураве ў зацішку. Дзе лес густы ўклініўся ў луг, Гуляюць [дзеці] у ката і мышку. Смагаровіч. У вярхоўях Бярэзіны, прытоку Дняпра, паміж марэннымі ўзвышшамі ўклінілася Верхне-Бярэзінская нізіна. Прырода Беларусі. // Уварвацца куды‑н. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ. Лыжныя батальёны, разведка, конніца, пяхотныя падраздзяленні глыбока ўклініліся ў варожы тыл. Асіпенка. // Уціснуцца паміж кім‑, чым‑н. [Марынка] ўклінілася паміж Паходнем і Заранікам, сунула Паходню свой пакунак і ўзяла абодвух пад рукі. Хадкевіч. // перан. Разм. Умяшацца ў што‑н. — Дык можа б за гэта і па чарцы выпілі? — нарэшце дачакаўся моманту Басько, каб уклініцца ў гаворку мужчын. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.
2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.
3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.
Разм.
1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.
2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.
3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.
1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.
2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.
3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штука́рства, ‑а, н.
1. Паводзіны, учынкі штукара (у 3 знач.); дзіўныя, незвычайныя дзеянні, штукі (у 4 знач.). Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў, або падыманне самога сябе на нары. Колас. Калапскі вёў сваю пракурорскую справу больш сумленна, пазбягаў грубых падманаў, штукарства і ашуканства, трымаўся салідна і спакойна. Машара. [Віця] марыць вырасці мужным і смелым, а што ні зробіць — усё называюць штукарствам, дураслівасцю. Шыловіч.
2. Стварэнне танных знешніх эфектаў, разлічаных на тое, каб сваёй незвычайнасцю ўразіць каго‑н. Маладнякоўскія кіраўнікі не маглі дараваць Я. Коласу яго іранічнага стаўлення да .. паэтычнага штукарства. «Полымя». Талент чалавека заўсёды мае патрэбу ў адкрыцці, бо не адкрыты і не ўспешчаны людскою ўвагаю, ён можа астацца толькі штукарствам, з якога людзі будуць добразычліва сабе пасміхацца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)