Свякро́ў ‘маці мужа’ (ТСБМ, Стан., Сл. ПЗБ), свякро́ва ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свякрывя́ ‘тс’ (Гарэц.), свякро́ўка ‘тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), свякру́ха (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), свякра́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свекро́ў, свекру́ха ‘тс’ (ТС), укр. свекру́ха, рус. свекро́вь, дыял. свекры́, свекро́ва, стараж.-рус. свекры, Р. скл. свекръве, польск. дыял. і старое świekra, ст.-польск. świekrzew, świekrucha, świokra ‘свякроў; цешча’, ст.-чэш. swekrev, svekruše, славац. svokra, svokruša, серб.-харв. све̏кърва, славен. svȇkrv, svekrva, балг. свекъ́рва, макед. свекрва ‘тс’. Прасл. *svekry, Р. скл. *svekъrve. Адпаведнікі ў новаперс. xusrū, лац. socrūs, ст.-в.-ням. swigur ‘свякроў’, арм. skesrair, skesur ‘тс’ (Траўтман, 296; Торп, 544; Майргофер, 3, 400). На падставе роднасных форм рэканструюецца і.-е. *svék̂uros. Нявырашаным застаецца пытанне аб цвёрдасці ‑к‑ у славянскім слове. Педарсэн (BB, 19, 302) мяркуе, што было дзве формы і.-е. *svék̂uros і *svekrus, адкуль можна было тлумачыць слав. к. Ісачанка (Slavia, 1953, 65) дапускае існаванне прасл. *svesry: *sve‑ ‘свой’, дзе другая частка слова ў выніку народнай этымалогіі была заменена на ‑kry пад уплывам *kry ‘кроў’ (параўн. польск. krewni ‘родзічы’ = “кроўныя”). Падрабязна гісторыю слоў гл. Трубачоў, История терм., 118 і наст., Шаўр, Etymologie, 41–44 (паводле яго, зыходныя формы абазначалі як бацьку, так і маці мужа, гл. свёкар). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 572; Махэк₂, 595; БЕР, 6, 539.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр. сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус. се́вер ‘поўнач’, ст.-рус. сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск. дыял. śevorecka ‘імжа’, чэш. sever, славац. sever ‘тс’, в.-луж. sowjer ‘марыва, туман’, славен. séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв. се̏вер ‘поўнач’, балг. се́вер, макед. север ‘тс’, ст.-слав. сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл. *severъ, якое мае адпаведнікі ў літ. šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат. caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е. *seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раскі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Кідаючы, размясціць у розных месцах па паверхні. Раскідаць гной. □ — Я некалі не паверыў, што Талаш раскідаў пяцёх легіянераў, вырваўся ад іх і ўцёк. Лужанін. І вецер, надзьмуўшы, як ветразь, шторы, Праз фортку ўварваўся, раскідаў лісты... Гілевіч. // Пакласці ў беспарадку, не на месца. Абуўся дзядзька, штось шукае І раптам голасна пытае: — А во! хто ж кнігі так раскідаў?! Колас.

2. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Размясціць на адлегласці адзін ад аднаго. Да вайны вакол вёсак было раскідана яшчэ некалькі меншых хутароў. Залескі. На гэтых бяскрайніх абшарах балот, як астраўкі ў акіяне, былі раскіданы прыгожыя, асабліва ўлетку, выспы. Шчарбатаў. // Прымусіць разысціся, раз’ехацца ў розных напрамках; размясціць у розных месцах. Усіх падсудных раскідала, каго куды, па ўсіх астрогах Польшчы. Машара. / у безас. ужыв. Цвіў сіні бэз, была вясна. І па палях праходзіў квецень, Калі ўсхадзілася вайна. І нас раскідала па свеце. Астрэйка.

3. Разбурыць, разваліць. Першымі часамі пасля рэвалюцыі [Банадысь] .. раскідаў старую цесную хату і на яе месцы паставіў дом. Чорны. // перан. Разладзіць, расстроіць, прымусіць распасціся. У Таццяны Восіпаўны была надзея, што, скончыўшы школу, Марылька паможа даць адукацыю Янюце і Сашы, але яе ранні замуж раскідаў гэтыя планы. «Полымя». [Анэта:] — Цераз гэты гандаль і тады сям’ю раскідаў і цяпер моцнай не зробіш! Чорны.

4. Дарэмна патраціць. — Не просіць нічога [сястра], а я ведаю: трэба памагчы. А я ўсе грошы раскідала на дробязі. Савіцкі. «І чужога не вазьму, і свайго не раскідаю» — такое цётчына правіла. Лось.

5. Праараць уроскідку. [Яўген] раскідаў запар дзве палосы: сваю і Анісеву. Баранавых.

раскіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да раскі́даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае, робіць шум ​1 (у 1 знач.). Вада ў калонцы была сцюдзёная, і Піхамір з ахвотаю стаў пад шумны струмень. Чыгрынаў. Патрэскваюць галіны бярозы ў шумным ветры. Пестрак.

2. Які робіць шмат шуму, гучна гаворыць; крыклівы і пад. (пра чалавека). Штодзень збіраліся на полі Мы, хлапчукі, у шумны гурт. Смагаровіч. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Шыцік. Паводзіны.. [Соні] нічым не адрозніваліся ад ранейшых, яна была ўсё такой жа, вясёлай і шумнай, поўная бесклапотнага смеху. Ракітны.

3. Які суправаджаецца шумам, адбываецца з шумам (у 1, 2 знач.). Шумныя спрэчкі. □ З прычыны добрай пагоды і святочнага дня сход асабліва мнагалюдны і шумны. Крапіва. Шашы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Шамякін. [Зіну] цягнула на шумныя вечары, танцы, дзе было ёй цікава і дзе не трэба было непакоіцца, як падумаюць аб табе іншыя. Шыцік. // Які праяўляецца, выражаецца бурна, з шумам. «Віват! Жаданы госць!» — і ў захапленні шумным Гасціннасць расчыніла дзверы насцеж. Панчанка. // Гучны. Шумная гамонка.. адарвала Святлану ад роздуму. Шахавец.

4. Поўны кіпучай дзейнасці, напоўнены шумам, ажыўлены. Шумная вуліца. Шумны двор. □ Прывезлі ёлку прадаваць На гарадскі на шумны рынак. Танк. Белы дом стаіць пры шумным скверы Паміж ліп і клёнаў маладых. Непачаловіч. // перан. Поўны здарэнняў, трывог; неспакойны. Па следу шумнага, напружанага дня, Нарэшце, завітала цішыня. Корбан.

5. перан. Які выклікае шум (у 4 знач.), прыцягвае да сябе ўвагу, цікавасць. Музычны фільм «Карнавальная ноч» меў шумны поспех. «Маладосць».

шу́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае на сваёй паверхні пену (пра напітак); пеністы. Шумнае віно. Шумнае піва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. і чаго. Дабавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць; павялічыць што‑н.; прыбавіць, дабавіць. Да чацвёркі шахцёраў прыйшлося дадаць яшчэ чатырох чалавек. Мікуліч. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Сказаць ці напісаць у дадатак. [Таіса] памаўчала і дадала: — І сама сябе я не ведаю. Скрыган. Вось, бадай, і ўсё. Хіба толькі яшчэ дадам, што немаведама як і завошта зрабілі мяне нейкім ледзь не героем. Краўчанка.

2. і чаго. Аддаць другі раз тую частку чаго‑н., якая не была аддадзена раней. Вазьмі пакуль гэта, астатняе дадам заўтра.

3. Прыкласці, далучыць да чаго‑н. Дадаць характарыстыку да заявы.

4. Скласці лікі. Да пяці дадаць чатыры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што ад чаго.

Аддзяліць (перагародкай, плотам і пад.) што‑н. ад чаго‑н. Гаспадыня зачыніла дзверы і быццам адгарадзіла пакой ад усяго астатняга свету. Савіцкі. // Аддзяліць, з’яўляючыся перагародкай, перашкодай. Тут [на месцы, дзе балота злучалася з ручвом раўчука] павінна была вырасці высокая і моцная грэбля, якая адгародзіць балотца ад раўчука. Якімовіч. // перан. Абараніць засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага або непрыемнага. Да радаснага адчування ашчаслівіць і.. «адгарадзіць .. [Славу] ад усялякіх злых намераў» далучалася пачуццё патрэбы самому збыць з свае галавы ўсё гэта, ачысціцца ад усялякіх слядоў мінулага. Чорны. [Малашанка:] — Ты што ж... хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў? Шамякін. // перан. Пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н.; адасобіць. У той дзень Манцэвічу пачало здавацца, што яго адгарадзілі ад усяго свету. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́з 1, ‑у, м.

1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.

2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.

3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.

4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.

адка́з 2,

У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)