сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.
2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.
3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.
4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́мвал, ‑а, м.
Умоўнае абазначэнне, знак якога‑н. прадмета, з’явы, ідэі. Белы голуб — сімвал міру. □ І няслі мы сцяг чырвоны, — Сімвал вольнасці і працы, — Ў бойках кулямі прабіты. Броўка. І тут здарылася якраз тое, што непазбежна павінна было здарыцца. Дзядзька Пятрусь стаў для Даніка сімвалам надзей і спадзяванняў. Майхровіч. Зубр — сімвал імклівай сілы — стаў эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвалам «машыннай сілы краіны». В. Вольскі. // У літаратуры — мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую‑н. думку, ідэю, перажыванне. Не традыцыйная высокая муза, а народная жалейка стала сімвалам, увасабленнем паэзіі. Івашын. // Спец. Умоўнае абазначэнне якой‑н. велічыні, паняцця, прынятае той ці іншай навукай. Сімвалы хімічных элементаў.
•••
Сімвал веры — а) кароткі выклад асноўныя дагматаў хрысціянскай рэлігіі; б) перан. асноўныя перакананні.
Сімвал часу (кніжн.) — тое, што з’яўляецца найбольш тыповым для таго ці іншага часу.
[Ад грэч. symbolon — умоўны знак, прыкмета.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сірата́, ‑ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.
Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.
•••
Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ба, ‑ы, ж.
Абл. Рабрына. Паламаны скабы і крануты лёгкія... З парванымі лёгкімі многа не нахліпаеш... Пташнікаў. / Пра вельмі худую жывёлу. Пасля таго як тут прайшоў фронт, .. [каня].. — адны скабы — калгаснікі падабралі на дарозе. Сабаленка.
скаба́, ‑ы́; мн. ско́бы, ‑аў; ж.
1. Сагнутая паўкругам металічная паласа, якая ўбіта ў што‑н. і служыць для прымацавання чаго‑н., трымання, апоры пры пад’ёме і пад. Спускавая скаба. □ Ціхон сам зрабіў з тоўстага дроту скабу і забіў яе ў шула. Пальчэўскі. Падышоў да краю пляцоўкі, намацаў скобы на вагоннай сцяне і, як па лесвіцы, палез на дах. Карпаў. // Сагнутая пад вуглом жалезная паласа ці дрот, што служаць для сашчаплення якіх‑н. частак. Сашчапленне бярвення скобамі.
2. Разм. Тонкая падковападобная металічная пласцінка, якая набіваецца на абцасы абутку; падкоўка.
•••
Вымяральная скаба — падковападобны інструмент для кантролю размераў дэталей машын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.
2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слуга́, ‑і, ДМ слузе, м.
1. У дарэвалюцыйным і замежным быце — чалавек для асабістых паслуг, прыслужвання. Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям’ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Колас. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.
2. перан. Той, хто працуе ў імя каго‑, чаго‑н., адданы каму‑, чаму‑н. Каб у жыцці з праўдзівай жыў душою, З людзьмі на свеце добрымі дружыў, Каб я свайму народу быў слугою, Радзімаю, як маці, даражыў. Русак. Ідэальным паэтам для Купалы з’яўляецца паэт-грамадзянін — слуга народа. Івашын. // Той, хто выконвае чыю‑н. волю, з’яўляецца зброяй у чыіх‑н. руках. Слугі імперыялізму.
•••
Ваш пакорны слуга (уст.) — а) ужывалася замест «я» ў размове для выказвання пашаны да таго, з кім гавораць; б) ветлівая форма заканчэння пісьма, паслання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смоль, ‑і, ж.
1. Смала (звычайна ў паэтычнай мове). Пахне смоллю Лясной, Аплывае жывіца. Лужанін. Усё было мне міла тут: Над Нёманам зялёны кут, Палі шырокія, узгоркі, І смоль сасны, і ў небе зоркі. Астрэйка. Векавечны, хмуры бор Горда ўзносіцца высокі, Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Жылка.
2. Смалісты кавалак драўніны; смаліна. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на к[а]мінку смоль.., здалася прытульнай, цёплай. Галавач.
3. Гарэлае, гар; смаль. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю. Лынькоў. Ад Бугроў нясло чадам і смоллю. М. Ткачоў.
4. перан. Пра чорныя валасы; наогул што‑н. чорнае. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў. Лынькоў. Кубанак смоль, Чупрын віхры — любому заглядзецца... Калачынскі.
•••
Як смоль (чорны) — вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увасабле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. увасабляць (у 1 знач.) — увасобіць і стан паводле дзеясл. увасабляцца (у 1 знач.) — увасобіцца.
2. Перанясенне ўласцівасцей, рыс жывой істоты ці чалавека на з’явы, прадметы і паняцці.
3. Ажыццяўленне чаго‑н. у рэчаіснасць праяўленне ў канкрэтным вобразе, канкрэтнай форме. Машына — гэта матэрыяльнае ўвасабленне творчай думкі чалавека. □ Гусляр з паэмы Янкі Купалы «Курган» — .. герой народа, увасабленне яго магутнага духу. Каваленка. Сэрца [Галі] .. рванулася да хлопчыка як да жывога ўвасаблення любага ёй чалавека. Сабаленка. Камунізм — гэта рэальнае ўвасабленне гуманізму. «Звязда». // Пра таго, хто (або тое, што) з’яўляецца самым высокім праяўленнем якіх‑н. якасцей. Юнакі адчувалі сябе такімі ж смелымі і мужнымі, як тыя людзі, якія з’яўляліся для іх увасабленнем гераізму. Асіпенка. Кляпнёў .. доўга і мнагаслоўна прасіў прабачэння ў гаспадыні. Анёл, а не чалавек. Увасабленне найвышэйшай этыкі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.
1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.
2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чуб, ‑а, м.
1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны). За пісьмовым сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, камсамолец Грышка Гаруй. Колас. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі.
2. Даўней ва ўкраінцаў — доўгая пасма валасоў, якую пакідалі на цемені выбрытай галавы.
3. перан. Некалькі раслін, якія шчыльна злучаны ці растуць побач адной групай. Перахоплены вяроўчынай мех важка гойдаецца ў .. [Аксінні] на спіне і ківаецца чубамі травы над сівой галавой. Ракітны.
4. Прыўзнятае пер’е на галаве пеўня, курыцы ці іншай свойскай птушкі. Матрона .. падкрэсліла, што для таго,.. каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Крапіва.
•••
Брацца за чубы гл. брацца.
У чубы хадзіць гл. хадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)