фатаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фатаграфіі (у 1 знач.). Фатаграфічная прамысловасць. // Прызначаны для фатаграфіі, які служыць для фатаграфавання. Фатаграфічная пласцінка.

2. Атрыманы пры дапамозе фатаграфавання. Фатаграфічны партрэт. □ Убранства пакоя дапаўняла ці то карціна, ці то фатаграфічны здымак старой яўрэйскай сям’і. Мурашка.

3. перан. Такі, як пры фатаграфаванні; вельмі дакладны. Сустракаюцца ў ранніх творах Чорнага элементы натуралізму. Аўтар часам з фатаграфічнай дакладнасцю перадае пэўны жыццёвы факт, здарэнне або выпадак з чалавекам. Кудраўцаў. // Вельмі дакладны, натуралістычны. Фатаграфічнае адлюстраванне рэчаіснасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыбу́ля, ‑і, ж.

1. Агароднінная расліна сямейства лілейных з ядомымі цыбулінай і трубчастымі лістамі. Рэпчатая цыбуля. □ Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час вырасла б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе. Колас.

2. зб. Ядомыя трубчастыя лісты або галоўкі гэтай расліны. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч. [Чалавек:] — Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. Кулакоўскі.

3. Назва некаторых травяністых цыбульных раслін сямейства лілейных. Цыбуля мядзведжая. Цыбуля заячая.

[Ад ням. Zwiebel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапуры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм.

1. Прыхарошвацца, адмыслова прыбірацца, прыводзіць сябе ў парадак. Пакуль чапурыліся калгасныя артысты, пакуль падыходзілі да стагоў людзі, Уладзімір Іванавіч паспеў што-нішто расказаць. Кірэйчык. Варка такі сябе глядзела: як толькі прыходзіла з поля, чысценька вымывалася, круцілася перад люстрам, запляталася, чапурылася і станавілася такою, хоць ты яе ў тэлевізар паказвай. Сабаленка. Дзедка пагаліўся, Стаў ён чапурыцца — Маладзей зрабіўся Так гадкоў на трыццаць! Валасевіч.

2. Надзімацца, натапырвацца (пра птушак). На прасторным двары Сімона чапурыўся дурны ганарлівы індык. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зало́жнік1 ’асоба, затрыманая ў якасці гарантыі (залогу)’. Рус., укр. зало́жник, балг. зало̀жник, макед. заложник ’тс’. Утворана ад прым. заложны (які ад залогъ — слова, вядомага яшчэ ў ст.-слав.) са знач. ’такі, што пакінуты ў залог’ з дапамогай суфікса ‑ік (гл. пра словаўтваральную мадэль Сцяцко, Афікс. наз., 104–105). Час утварэння — ст.-рус. ці нават познепрасл., паколькі адпаведныя словы вядомы паўд.-слав. мовам. БЕР, 1, 595. Паводле Шанскага (2, З, 44), рус. слова ўтворана ад дзеяслова заложить ’аддаць у залог’ з дапамогай суфікса ‑ник, аднак гэта азначала б позняе ўтварэнне слова.

Зало́жнік2 ’паліца для пасуды’ (Жд. 1; круп., Нар. сл.), ’паліца з дзіркамі для лыжак’ (пін., Нар. лекс., 108), залэжнік, залажэ́тнік ’паліца для посуду’ (Сцяшк.). Рус. смал. заложник ’тс’. Назоўнікі з конфіксам за‑ + ‑нік абазначаюць прадметы, размешчаныя за тым, што названа ў аснове (Сцяц., Афікс. наз., 238). Таму, магчыма, слова ўтворана ад ло́жак, а паліца змяшчалася за ложкам (?). Трэба адзначыць, што слова распаўсюджана шырэй, чым словатворчая мадэль, паводле Сцяцко (гом., маг.). Гл. жаложнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́зкі ‘гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць або які цяжка ўтрымаць’, ‘пакрыты сліззю’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), слізь ‘цягучая і слізкая маса’ (ТСБМ), слізата́ ‘слізкасць’ (Сл. ПЗБ), слізо́та ‘заледзянелая дарога’ (тс), ‘калі пад нагамі слізка’ (Варл.), слі́знуць, слі́зі́ць ‘пакрывацца сліззю, прэць’ (ПСл), слі́дзікі ‘піражкі’ (брасл., Сл. ПЗБ). Укр. сли́зький, рус. сли́зкий, польск. ślizki, чэш. slizký, slzký, славац. slizký, славен. slízek, балг. сли́зък, ст.-слав. сльзъкъ ‘ліпкі; сакавіты’. Прасл. *slizъkъ утворана ад прасл. *slizь з суф. ‑ъkъ, параўн. укр. слиз, рус. слизь, чэш., славац. sliz, славен. slȋz ‘слізь’, балг. слиз. Роднасныя ст.-ісл. slíkr ‘гладкі’, ст.-в.-ням. slîhhan ‘красціся’, с.-в.-ням. slik ‘глей’, грэч. λίγδην ‘дакранаючыся да паверхні’, ст.-ірл. sligim ‘пэцкаць’. Гл. Міклашыч, 300; Праабражэнскі, 2, 300; Фасмер, 3, 671; Траўтман, 270; БЕР, 6, 876–878 з аглядам літ-ры. Узводзіцца да і.-е. *sleu̯gʼ‑ ‘слізгаць, слізкі’ (Покарны, 663–664; Сной₁, 581; Борысь, 617; SEK, 4, 312). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Шустар-Шэўц, 1315; ЕСУМ, 5, 300.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

духо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да духу (у 1 знач.); звязаны з унутраным, псіхічным жыццём чалавека. Духоўны свет чалавека. Духоўныя інтарэсы. Духоўная блізкасць. □ Сапраўды-такі здараюцца духоўныя перавароты ў маладых людзей, здаецца часам, што перайначваецца ў чалавека натура. Чорны. // перан. Нематэрыяльны, бесцялесны. Хлеб духоўны.

2. Звязаны з рэлігіяй, царквой; проціл. свецкі. Духоўная ўлада. Духоўная музыка. // Звязаны з кіраўніцтвам царкоўнымі справамі, падрыхтоўкай служыцеляў культу. Духоўнае ведамства. Духоўная семінарыя. // Які належыць да духавенства. Духоўная асоба. // Які прысвойваецца служыцелям царквы. Духоўны сан. Духоўнае званне.

•••

Духоўны айцец гл. айцец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падвала (у 1 знач.). Падвальнае акенца. □ — Вы што тут робіце? — нахіліўшыся над падвальнай дзіркай, крычыць.. [жанчына]. Гарбук. // Размешчаны ў падвале. Частка рабочых з двара і падвальных кватэр перабралася наверх. Бядуля. У падвальным памяшканні — сталоўка. Таўлай. // Які ўласцівы падвалу; такі, як у падвале. Падвальная сырасць. Падвальная цемра. // у знач. наз. падва́льны, ‑ага, м. Рабочы, які працуе ў вінным падвале. — [Ясь:] .. у мяне спірытус астаўся яшчэ з таго часу, як падвальным быў. Чарнышэвіч.

2. Які займае падвал у газеце. Падвальны артыкул.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мужчы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мужчыны. Мужчынская работа. // Прызначаны для мужчын. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль. // Уласцівы мужчыне; такі, як у мужчыны. За суседняй сцяною .. загаманілі мужчынскія галасы. Мурашка. Не выпускаючы .. [Людзінай] маленькай гарачай рукі са сваёй мужчынскай, дужай, Аржанец усміхнуўся на гэты раз трохі збянтэжана. Брыль.

2. Спец. Які мае адносіны да мужчынскага полу, характарызуе мужчынскі пол (пра расліны). Мужчынскае суквецце. □ Усе вядомыя нам дрэвы пірамідальнага топаля — гэта мужчынскія экземпляры. «Беларусь».

•••

Мужчынская рыфма гл. рыфма.

Мужчынскі род гл. род.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

некрану́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не краналі, да якога не дакраналіся. Некрануты абед. □ У маім некранутым куфлі апала пена, і піва зрабілася светлае, празрыстае. Васілёнак. Жыта зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. // Цэлы, не разбураны. У Магілёў калона прыехала па світанні. Горад быў цэлы, нават мост цераз Дняпро некрануты. Сабаленка.

2. Які не падпадаў пад уздзеянне чалавека; першабытны. Перада мной стаяў некрануты дрымучы лес. Чарнышэвіч. Тут [на будаўніцтве] — гарманічнае спалучэнне некрапутай прыроды і самай дасканалай тэхнікі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)