стыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Мець сумежныя бакі, межы; размяшчацца, падыходзіць вельмі блізка, упрытык. І пеўнікаў над франтонамі, дзе стыкаюцца ветравыя дошкі, таксама зрабіў Антон. Пальчэўскі. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Назаўтра раніцаю Грышка хадзіў па [ўс]краіне лесу, які стыкаўся з канцамі сялянскіх загонаў той вёскі, дзе патрэбна было зрабіць разведку. Чарот.

2. Быць, знаходзіцца дзе‑н. які‑н. час, прыпыняцца. Працавала .. [Юзэфа] ў аўтакалоне дарожніцай, рэдка стыкалася дома і не глядзела Андрэя. Пташнікаў. І .. [Анісім] не стыкаўся дома — усё бегаў то з касою, то з граблямі і рабіў сена: яго можна было ўзімку прадаць і выручыць добрыя грошы... Сачанка.

3. Нечакана сустракацца з кім‑н. (пры ўваходзе, выхадзе і пад.). [Алена Сцяпанаўна:] — Дарэчы, я зайшла сказаць, што вас кліча дырэктар. — Выходзіць, але ў дзвярах і стыкаецца з дырэктарам. Скрыган.

4. перан. Уступаць у якія‑н. адносіны, кантакт з кім‑н.; мець справу з кім‑н. Некаторыя, што стыкаліся з .. [Сашкам Стафанковічам] па службе, мелі яго за чалавека вялікага розуму і практыкі. Чорны. Гэта не перашкаджала .. [Веры] заўсёды быць у дзейнай бадзёрасці і перадаваць гэту бадзёрасць усім, хто з ёю стыкаўся. Зарэцкі.

5. перан. Быць звязаным з чым‑н.; мець дачыненне да чаго‑н. [Лабановіч:] — Нашы інтарэсы не стыкаюцца, і нам няма за што пасварыцца нават. Колас.

•••

Дзверы не стыкаюцца гл. дзверы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.

2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́бач,

1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.

•••

Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.

Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.

2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.

3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.

4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

светII

1. (земля, вселенная) свет, род. све́ту м., мн. нет;

путеше́ствовать вокру́г све́та падаро́жнічаць вако́л све́ту;

стра́ны све́та краі́ны све́ту;

ча́сти све́та ча́сткі све́ту;

об э́том зна́ет весь свет (мир) пра гэ́та ве́дае ўвесь свет;

2. (общество) уст. свет, род. све́ту м.;

выезжа́ть в свет выязджа́ць у свет;

3. (верхушка привилегированных классов) свет, род. све́ту м.;

вы́сший свет вышэ́йшы свет;

свет (не) кли́ном сошёлся свет клі́нам (не) сышо́ўся; не то́лькі све́ту, што ў акне́;

бе́лый свет бе́лы свет;

бо́жий свет бо́жы свет;

бо́лее всего́ на све́те больш за ўсё на све́це;

яви́ться на свет з’яві́цца на свет;

ни за что на све́те ні за што на све́це;

на край све́та на край све́ту, за свет;

уви́деть свет уба́чыць свет;

све́та (бе́лого) не ви́деть све́ту (бе́лага) не ба́чыць;

бли́зкий (бли́жний) свет блі́зкі свет;

произвести́ на свет нарадзі́ць;

свет не мил свет не мі́лы;

сжить (согна́ть) со́ света (свету) зжыць (зве́сці) са све́ту;

броди́ть, слоня́ться по све́ту бадзя́цца па све́це;

на свет не гляде́л бы свет не мі́лы;

на чём свет стои́т на чым свет стаі́ць;

свет не производи́л (кого) свет не ба́чыў (каго);

свет затми́лся свет закры́ўся;

на тот свет отпра́вить на той свет адпра́віць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кто мест. хто (род., вин. каго́, дат. каму́, твор., пред. кім);

кто пошёл в театр, кто в кино хто пайшо́ў у тэа́тр, хто ў кіно́;

кто что лю́бит хто што лю́біць;

е́сли кто придёт, скажи́, что я пошёл на рабо́ту калі́ хто пры́йдзе, скажы́, што я пайшо́ў на рабо́ту;

кому́ посла́ть пригласи́тельные биле́ты? каму́ пасла́ць запраша́льныя біле́ты?;

за кем вы стои́те? за кім вы стаіце́?;

кем сде́лана э́та рабо́та? кім зро́блена гэ́та рабо́та?;

кто бы ни… хто б ні…;

ма́ло ли кто (ці) ма́ла хто;

кто в лес, кто по дрова́ хто ў лес, а хто па дро́вы, хто ў боб, хто ў гаро́х;

кто кого́ хто каго́;

кто куда́ хто куды́;

кто́-кто, а… хто́-хто, а…

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

падсячы́ і падсе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. падсек, ‑секла; заг. падсячы; зак., каго-што.

1. Надсячы знізу. Падсекчы пласт вугалю. Падсячы камель сасны. □ [Язэп] падсек дзве.. [бярозы]. Зрабіў лубкі, і першыя кроплі бярозавіку скаціліся па іх у прынесеную пасудзіну. Асіпенка.

2. і чаго. Разм. Насячы дадаткова, яшчэ трохі. Падсячы дроў.

3. перан. Разм. Падарваць асновы чаго‑н., прывесці ў заняпад што‑н. Падсекчы прыбыткі гаспадаркі. □ — Падсякуць, брат, заработкі мне, — казаў.. [Шкель]. Колас. // Рэзкай заўвагай збянтэжыць, паставіць у цяжкае становішча. Падсекчы дакладчыка раптоўным пытаннем.

4. Тузануць вудзільнам лёску ў той момант, калі рыба бярэцца за кручок. Паплавок зноў тузануўся і знік пад вадою. Мішка падсек, і хутка ладная краснапёрка затрапятала ў руках. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падула́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад уладаю каго‑, чаго‑н., залежны; несамастойны. Падуладныя краіны. □ Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Галавач. // Падпарадкаваны волі, загаду каго‑, чаго‑н. Усе гукі зліліся неўзабаве ў адзін спеў машын, падуладных волі чалавека. Хадкевіч. У ліцейны цэх прыходзяць людзі смелыя і мужныя, бо гарачы метал падуладны толькі адважным. «ЛіМ». / у знач. наз. падула́дныя, ‑ых. Пан Счэхула добра ведаў магчымасці сваіх падуладных. Машара.

2. перан. Які паддаецца ўздзеянню, уплыву каго‑, чаго‑н. Мацней за ўсё памяць. Памяць народа. Яна не падуладна ні бурам, ні часу, ні войнам. Аляхновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)