вуліца, ‑ы, ж.

1. Два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. В. Вольскі. // перан. Жыхары гэтых дамоў. На пажар збеглася ўся вуліца.

2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню. [Алена:] — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў. Мележ.

3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго‑н. Уплыў вуліцы.

•••

Будзе і на нашай вуліцы свята гл. свята.

Выкінуць на вуліцу каго гл. выкінуць.

Зялёная вуліца — прапускаць без затрымак, па-за ўсякай чаргою.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)