парты́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да партыі (у 1 знач.). Партыйны апарат. Партыйная дысцыпліна. // Які мае адносіны да членаў партыі. [Паланевіч:] Калі ваш старшыня не хоча вучыцца, паклічце яго на партыйны сход ды растлумачце як след. Крапіва. Недарэмна ён дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Які з’яўляецца членам партыі. [Бумажкоў] быў грамадскім дзеячам, работнікам савецкім і партыйным. Чорны. // у знач. наз. парты́йны, ‑ага, м., парты́йная, ‑ай, ж. Той, хто з’яўляецца членам партыі.
2. Які адпавядае прынцыпам і задачам пэўнай партыі, пэўнага класа. Высока партыйную годнасць Павінен трымаць камуніст. Глебка.
3. Які мае адносіны да партыі (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
столь, ‑і, ж.
1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.
•••
Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.
Пляваць у столь гл. пляваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куры́ць, куру, курыш, курыць; незак., што.
1. а таксама без дап. Удыхаць і выдыхаць дым якога‑н. рэчыва, пераважна тытуню. Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Колас. / Пра папяросы, люльку і пад. Курыць цыгарку. Курыць люльку. // без дап. Быць курцом, ужываць тытунь для курэння. [Лаўрэн] дастаў сваю вялікую люльку, пачаў набіваць яе самасадам ды такім, што Паўленка, які не курыў, пачаў чхаць. Шамякін.
2. а таксама чым. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладанам.
•••
Курыць фіміям — лісліва ўсхваляць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сяла. Сельская школа. Сельская электрастанцыя. Сельская гаспадарка. // Які жыве і працуе ў сяле, вёсцы. Сельская інтэлігенцыя. Сельскі карэспандэнт. // Уласцівы сялу, вёсцы, жыхарам сяла, вёскі. Сельскія звычаі. Сельскі ўклад жыцця. □ І твар Лявона быў звычайны — твар сельскага жыхара: абветраны, цёмна-карычневы, нібы выразаны з альховага карча. Шашкоў. // Які мае адносіны да кіравання і самакіравання сяла. Сельская абшчына. Сельскі сход. □ Гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад. Чорны. З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня. □ Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца за горадам, не гарадскі. Сельская мясцовасць. // Уласцівы такой мясцовасці. Сельская прырода. Сельская цішыня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папярэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.
2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самапа́сам, прысл.
Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ча 1, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.
стрэ́ча 2, ‑ы, ж.
У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́пліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.
1. Кароткі адказ, заўвага аднаго субяседніка на словы другога. Рабочыя працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. Лынькоў. // Заўвага, пярэчанне, выкрык з месца на сходзе і пад. Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды надавалі рэплікі. Колас. — Вы лепей пра кароў скажыце, — кінула рэпліку Вера. Асіпенка. За рэплікі ў бяссільнай злосці старшыня суда загадваў двойчы вывесці Тарашкевіча з судовай залы. Ліс.
2. Элемент сцэнічнага дыялога — адказ дзеючай асобы на словы партнёра, а таксама канец фразы, апошнія словы аднаго персанажа, пасля якіх гаворыць другі. [Настачка], успомніўшы якую-небудзь рэпліку ці жэст артыста, ціха смяялася. Ракітны.
3. Пярэчанне стараны на судовым працэсе. Права апошняй рэплікі заўсёды належыць адказчыку і яго прадстаўніку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.
[Фр. réplique.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.
1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.
2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.
3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.
4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.
Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)