матэ́рыя, ‑і, ж.

1. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе паміма і незалежна ад свядомасці чалавека. Матэрыя ёсць філасофская катэгорыя для абазначэння аб’ектыўнай рэальнасці, якая дадзена чалавеку ў адчуваннях яго, якая капіруецца, фатаграфуецца, адлюстроўваецца нашымі адчуваннямі, існуючымі незалежна ад іх. Ленін.

2. Спец. Рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды. Будова матэрыі.

3. Разм. Тканіна; матэрыял. Чысценькае, хоць і з простай матэрыі, адзенне [дзяўчыны] гэтак прыемна кідалася ў вочы. Нікановіч.

4. перан. Разм. Прадмет размовы; тэма. [Валасны пісар:] — Ну што, гаспадзін настаўнік, аб высокай матэрыі з мужыкамі гутарыце?.. Чарот.

[Лац. materia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.

2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канёк 1, канька, м.

1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.).

2. Разное ўпрыгожанне страхі, пераважна ў выглядзе конскай галавы. «Канькі» — гэта разныя ўпрыгожанні верхняй часткі франтона [«шчыта»] пры двухскатным даху. «Беларусь».

3. Востры верхні край, грэбень страхі. Новы чырвоненькі пеўнік на каньку хаты вось-вось збіраўся кукарэкнуць на ўвесь голас. Краўчанка.

4. перан. Любімая тэма размовы, любімы занятак каго‑н. [Вярноў] горача расказваў Ніне пра новыя творы маладнякоўцаў. Літаратурнае жыццё было яго каньком. Лобан. — Скрыпка і флейта — от на чым я выязджаў. Гэта мой канёк. Чорны.

канёк 2,

гл. канькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., чаго.

1. Нарабіць многа платоў, перагародак. Нагарадзілі катухоў, ані павярнуцца, ані слова сказаць, бо ўсё скрозь сцяну чуваць. Карпюк.

2. Разм. Наставіць, накідаць у беспарадку вялікую колькасць чаго‑н. У сенцах нешта грукнула і пачулася прыглушанае вохканне: — Хто гэта тут нагарадзіў?.. Ледзь духі не адбіла... Б. Стральцоў.

3. перан. Разм. Нагаварыць, напісаць многа лішняга, непатрэбнага; напляткарыць. [Максім:] — Ты тут нагарадзіў такога, што трэба адразу ўнесці яснасць. Калі ты нас дрэнна разумееш, дык навошта ж распачынаць размовы. Машара. [Іван Пятровіч:] — Не ведаў, Мікалай Барысавіч, што ты такі дробязны чалавек. Пісаць на мяне.. такую лухту. — Сам ты што на мяне нагарадзіў? Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партнёр, ‑а, м.

Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».

[Фр. partenaire.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́яць, ба́ю, ба́еш, бае; незак.

Разм.

1. Расказваць байкі, казкі. Як пачне [дзед Нупрэй] баяць пра добрых мядзведзяў, хітрых лісіц ды злых ваўкоў, дык пра ўсё забудзеш. Рылько. [Алена:] — Спі, мой хлопчык, ноч малая, Ходзіць вецер, казкі бае. Глебка.

2. Гаварыць, паведамляць што‑н. [Сарафіма:] — Ці то праўду Цімохаў блазюк баяў, што да цябе [Тэклі] сынок ляціць у госці? Краўчанка. [Дзядзька Раман:] — А хто ж яго ведае, — даўно было гэта, але так баюць старыя людзі. Колас. — Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які... Галавач. // Весці пустыя размовы, балакаць. Прыйшоў [Шаманскі]. Бачыць, сядзяць сабе дзядзькі на прызбе, тытунь смаляць, байкі розныя баюць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасло́ўе, ‑я, н.

1. Грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве. Дваранскае саслоўе. □ Са зместу «Размовы» відаць, што аўтар абараняе ідэалы сацыяльнага міру паміж класамі і саслоўямі тагачаснага грамадства. «Помнікі».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — група асоб, аб’яднаных прафесіянальнымі інтарэсамі. Саслоўе медыкаў. □ Акалічнасці далучэння Багушэвіча да адвакацкага саслоўя ўстанаўліваюцца дастаткова поўна па іншых дакументах. Кісялёў.

•••

Падатковае саслоўе — пра сялян, гараджан і пад. як пра такую грамадскую групу насельніцтва пры феадалізме, якая абкладалася падаткамі.

Прывілеяваныя саслоўі — духавенства і дваранства як група насельніцтва пры феадалізме, якая падаткамі не абкладалася.

Трэцяе саслоўе — непрывілеяванае падатковае саслоўе ў феадальнай Францыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траскатня́, ‑і, ж.

1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.

2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералі́ўкі ’дробная страта; пусты занятак: пераліванне з пустога ў парожняе’, ’невялікі навар, даход’ (Нас., Шат.), ’драбніца, жарт’ (Шат.), звычайна ў спалучэнні з не (не-): не перэлі́ўкі ’не паласа, нічога добрага не чакай’ (ТС), гл. непераліўкі: да пера- і ліць (гл.). Укр. пере́ливки ’не жарты, не дробязі’, рус. пере́ли́вки, пск. ’памыі’, ’жарты, смех, кпіны’, смал. ’пустыя размовы’, на переливки ’на спрэчку’, польск. przelewki ’п’яныя жарты’, звычайна ў фразеалагізме to nie przelewki ’гэта не жартачкі!’, przelewka ’зліў, спуск шлаку’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, з першапачатковага ’пералітае праз край’, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе спаборніцтва ў перапіванні, параўн. польск. przelewać ’ужываць без меры’, якое Банькоўскі (2, 858) трактуе як пераклад франц. transfuser ’тс’. У іншых слав. мовах — без суф. ‑к‑: в.-луж. přeliw, н.-луж. pśelew, серб.-харв. пре́лив, славен. prelívanje, preliv, балг. прел́иване. Параўн. непераліўкі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)