Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАТЭЛЕФО́Н, відэафон,
абаненцкая відэаакустычная прылада, з дапамогай якой абаненты бачаць адзін аднаго ў час тэлеф.размовы. Аб’ядноўвае звычайную тэлеф. сувязь і перадачу відарысаў (кожнага абанента па асобным канале, як у тэлебачанні). Выкарыстоўвае тэлевізійныя каналы міжгародняй сувязі. Устанаўліваюць пераважна на перагаворных пунктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІЯ́Н (Lukianōs; каля 125, г. Самсат, Турцыя — 180-я г.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік-сатырык. Захаваліся 84 яго творы (аўтарства некаторых спрэчнае), што адлюстроўваюць крызіс ідэалогіі ант. грамадства. Развіваючы традыцыі ант. камедыі і меніпавай сатыры, стварыў жанр сатыр. дыялогу. Пісаў пародыі на сафістычную дэкламацыю («Пахвала мусе», «Настаўнік красамоўства»), высмейваў алімп. багоў («Размовы багоў», «Праметэй, ці Каўказ»), паказваў мізэрнасць жыццёвых даброт, марнасць усяго на свеце («Размовы ў царстве мёртвых», «Харон», «Меніп»), рабіў выпады супраць сац. несправядлівасці («Нігрын»), крытыкаваў ранняе хрысціянства, развенчваў веру ў забабоны, містычныя пераўтварэнні («Аляксандр, ці Лжэпрарок», «Пра смерць Перэгрына», «Аматар хлусні, ці Нявер»). Аўтар сатыр на тагачасныя гістарыяграфію «Як трэба пісаць гісторыю», на фантастыку папулярных раманаў «Праўдзівая гісторыя» і інш. Яго творчасць паўплывала на асветніцкую л-ру Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр.Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),
латышская актрыса. Нар.арт.СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Арсен Аркадзевіч) (7.6.1848, г. Пушкін, Расія — 10.2.1913),
рускі паэт. Граф. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900). Друкаваўся з 1869 (час. «Дело», «Вестник Европы»). Быў блізкі да кампазітараў «магутнай кучкі», асабліва да М.П.Мусаргскага, які стварыў 2 вакальныя цыклы на яго вершы: «Без сонца» (1874), «Песні і танцы смерці» (1877). З канца 1870-х г. у яго творчасці з’явіліся матывы асуджанасці, смутку аб разбураных дваранскіх гнёздах (паэма «Старыя размовы», 1879; верш «Спатканне са смерцю»), ідэалізацыя мінулага. Аўтар драм. хронікі «Смута (Васіль Шуйскі)» (1879), трылогіі ў прозе «Далечыня кліча» (1907). На вершы Галянішчава-Кутузава напісалі рамансы С.В.Рахманінаў, Ц.А.Кюі, А.С.Арэнскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (н. 9.3.1950, в. Язна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай шкалы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1976). Выкладае ў Віцебскім ун-це. Творы вылучаюцца глыбінёй і складанай драматургіяй вобразаў з падкрэслена нац. каларытам, трапяткім стаўленнем да перадачы натурных уражанняў у спалучэнні з аўтарскай манерай распрацоўкі жывапіснай прасторы. Аўтар тэматычных карцін «Дыялог» (1981), «Аўтарытэт» і «Загад» (абедзве 1987), «Думкі» (1989), «Размовы» і «Разважанне аб вечным» (абедзве 1990), «Свята ў горадзе» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1993), «Гуканне дзядоў», «Жаночы лёс», «Спакуса» (усе 1995), трыпціх «Катарсіс» (1996), серыі «Чалавек і прырода» (1989), «Успамін аб леце» (1995). Малюе пейзажы: серыі «Рыжскія краявіды» (1978), «Беларускае Прыдзвінне» (1984); партрэты, нацюрморты.
М.Л.Цыбульскі.
М.Ляўковіч. Незабудкі. З серыі «Успамін аб леце». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАХО́ЎСКІ (Ілья) (свецкае імя Ірахім Стафанавіч; каля 1576, г. Львоў, Украіна — 1631),
пісьменнік-палеміст, паліт. і царк. дзеяч. Уніят. З 1596 вучыўся ў папскім калегіуме ў Рыме. Памагаў уніяцкаму мітрапаліту І.Пацею ў барацьбе супраць праваслаўных; мяркуюць, што ў сааўтарстве з ім напісаў кнігі «Гармонія» і «Рэляцыя» (Вільня, 1608 і 1609). У 1609 кароль Жыгімонт III Ваза прызначыў М. сваім сакратаром на ВКЛ, а пасля смерці Пацея (1613) выдаў яму прывілей на Уладзіміра-Брэсцкае епіскапства. Як епіскап удзельнічаў у з’ездзе уніятаў у Навагрудку (1624), рабоце Кобрынскага сінода 1626. Выступіў супраць палемічна-публіцыстычнага твора М.Сматрыцкага «Трэнас». У кн. «Перыгорыя...» (на польск. мове, Вільня, 1612) асудзіў ідэалогію брацкага руху. Аўтар «Размовы пра пачатак адарвання грэчаскай царквы ад рымскага касцёла...» (1622), «Рэляцыі аб жорсткім забойстве Іасафата Кунцэвіча, полацкага архіепіскапа» (1624; абодва на польск. мове, выдадзены ў Замосці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТАРКО́ВАЯ МО́ВА,
жывая вусная мова народа, якая служыць сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вял. адвольнасцю і варыянтнасцю нормаў на фанетычным, арфаэпічным, лексічным, марфал., фразеалагічным і інш. узроўнях. Непасрэдна звязана з канкрэтным спосабам мыслення, у пераважнай большасці з неафіцыйнасцю маўлення, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы і аналізу думкі, з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай мове — інтанацыяй, мімікай, жэстамі.
Сучасная бел. гутарковая мова выразна праяўляецца ў 3 разнавіднасцях: афіцыйная гутарковая мова — вусная разнавіднасць літаратурнай мовы, якой карыстаюцца на радыё, тэлебачанні, у школе, ін-тах і інш.афіц. установах; штодзённагутарковая мова, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці, прычым пад уплывам гутарковай стыхіі побач з літ. мовай ужываюцца элементы неліт. маўлення (у першую чаргу прастамоўныя, дыялектныя і інш.); народна-дыялектная гутарковая мова, характэрная пераважна сельскаму насельніцтву старэйшага пакалення. Гутарковая мова бел. народа стала асновай бел.нац. літаратурнай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),
польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.Длугаша, Мацея з Мехава, Б.Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА ((Wajda) Анджэй) (н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),
польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.