сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сціць, чышчу, чысціні, чысціць; незак., каго-што.

1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі. Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала. Новікаў. // Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты. Лынькоў. // Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам. Пташнікаў. — Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька. Паўлаў. // Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры. Смагаровіч.

2. Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка. Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру. Пестрак.

3. перан. Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.

4. перан. Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае? Лобан. У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі. Бядуля.

5. перан. Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насі́цца, насіўся, носішся, носіцца; незак.

1. Тое, што і несціся ​1 (у 1 знач.), але абазначае рух у розных напрамках, працяглы, у розны час. [Камандзір] насіўся ўдоўж лініі фронта пад жорсткім агнём. Брыль. Над нізкім іржышчам .. насіліся шпакі. Пташнікаў. Цэлымі днямі .. [Косцік] насіўся з сябрамі вакол азярца, што шапацела хвалямі за вёскай. Даніленка. // Хутка перамяшчацца (пра вецер, хмары, пыл і пад.). Па-над полем носіцца гуллівы лёгкі вецер. Галавач.

2. перан. Разносіцца, распаўсюджвацца (пра гукі, чуткі, пахі і пад.). Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі. Лынькоў. Цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. Баранавых. Над поплавам носіцца пах свежазгрэбенага сена. Галавач.

3. Быць, знаходзіцца ў нашэнні. Паліто добра носіцца. □ [Дзядзька] нават раіўся з Толем, якую падэшву лепш, паставіць пад бот, каб ён даўжэй насіўся. Даніленка. // Быць ва ўжыванні, у модзе. Універсітэцкі значок носіцца з правага боку.

4. Разм. Празмерна захапляцца кім‑, чым‑н.; вельмі многа думаць, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Насіцца з ідэяй. □ [Галя:] — Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа яно і не авантура, можа ён [Ігнат] проста кепікі нада мной строіць. Лынькоў. // Надаваць вялікае значэнне, удзяляць шмат увагі чаму‑н. — І вось бачыш, — .. [Сяргей] паказаў на нагу, — нашуся цяпер з ёй, як з цацкай. Сіўцоў.

5. Разм. Задавацца. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Пташнікаў.

•••

Насіцца ў паветры — пра блізкі надыход чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. каго-што. Пражыць даўжэй за каго‑, што‑н., застацца жыць пасля смерці, гібелі каго‑, чаго‑н. Выраслі ўнукі, а сыноў няма, усіх чатырох перажыў ён, стары бацька. Навуменка.

2. каго-што. Разм. Праіснаваць, прабыць, захавацца даўжэй за каго‑, што‑н. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Бачыла. А рэшткі колішніх збудаванняў перажылі сваіх гаспадароў. Шыцік. // Доўга не страціць свайго значэння; захаваць сваё значэнне пасля смерці аўтара, стваральніка і пад. (пра творы мастацтва і інш.). Хіба перажыла сябе брама, напісаная ў мастацкай манеры п’ес Горкага. «ЛіМ».

3. што. Пражыць, перабыць які‑н. час; знайсці ў сабе сілы перанесці, выцерпець што‑н., справіцца з цяжкасцямі. — Не плач, перажывём бяду-вайну, — Янук пачаў Раіну суцяшаць. Танк. [Карп:] — Ну, нічога, унучак... Мы перажывём гэта. Перажывём... Шамякін. [Васіль:] Я лякарствы прывёз, — тыя, што Дора Абрамаўна выпісала. Маладзец, кажа, твой бацька. Ён і не такі сардэчны прыступ перажыве. Даніленка.

4. што. Зазнаць, нацярпецца ў жыцці. Косця слухаў Таню, і яму рабілася страшна, страшна, што такое магло быць на свеце, што такое магла перажыць Таня. Арабей. — Як сям’я? Уцалела? — спытаў між іншым Павел. — Уцалела. Пісалі, шмат чаго перажыць давялося. Пальчэўскі. // Зведаць якое‑н. пачуццё. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны.

•••

Перажыць (самога) сябе — а) захаваць сваё значэнне пасля смерці; б) страціць сваё значэнне пры жыцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзі́ба, ‑ы, ж.

1. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку (у сельскай мясцовасці). Перад .. [Нявідным] раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Колас. Суровая, марозная была зіма, снегам замяло дарогу, што вяла з лесу ў далёкую панскую сядзібу. Лупсякоў. — Я так мяркую, — казаў .. [Ксяпевіч] далей, — што хоць сядзіба Несцяровічаў у нізіне, з гарышча хаты ці з вышак адрыны ўся шаша як на далоні. Новікаў. // Памешчыцкі дом як цэнтр маёнтка. Відны фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». // Гаспадарчы і жылы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (саўгаса, калгаса і пад.). Люся другі месяц жыла з бацькамі на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Дружба». Даніленка. Ад эмтээсаўскай сядзібы метраў з чатырыста — і поле. Лобан. // Разм. Наогул — месца, дзе размяшчаецца якая‑н. установа. У грамадзянскую вайну цеснаватыя пакоі гэтага, дома на нейкі час сталі сядзібай польскай дэфензівы і, напэўна, нямала б маглі расказаць аб мужнасці перад вачыма смерці барацьбітоў антыбелапольскага падполля і беларускіх партызан 1919 года У. Шумскага, С. Плашчынскага і інш. Ліс.

2. Зямельны ўчастак, заняты збудаваннямі ў адрозненне ад зямлі пад палямі, лугамі, лесам. [Сымон:] — А якая ў мяне сядзіба! Шостая частка яго [Халусты]. Чарнышэвіч. Сядзіба ў Мацея Глоткі шырокая, а от жа наважыў новую хату паставіць ледзь не ўпрытык да суседскіх акон. Марціновіч. // Зямельны ўчастак каля дома, заняты агародам, садам; прысядзібны ўчастак. Усё забрала мачыха, прыхапіўшы і тое, што вырасла на сядзібе. Шамякін. На сядзібе былі яблыні, слівы і розныя садовыя пусты. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ 3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ 4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Дарогай на лагі начлежнікі пагналі коней. Пташнікаў. Лепшы калгасны статак яшчэ ўчора пагналі ў тыл — па дарозе, што вяла на ўсход. Якімовіч. // Накіраваць рух чаго‑н. Пагнаць мяч у вароты. □ Федзя спрытна скокнуў на карму, узяў у рукі вясло і пагнаў лодку супраць цячэння. Ваданосаў. / Пра вецер, дождж і пад. У рэчку ўпалі пакурчаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі навокал топкіх берагоў. Гурскі.

2. Пачаць праследаваць, праганяць. Пагнаць ворага. □ Пасля таго як белыя сталі адступаць і нашы, перабраўшыся цераз рэчку, пагналі іх, перабірацца стаў на той бераг і штаб палка. Чорны. // і без дап. Пачаць гнаць, праследаваць звера. [Антось] выйшаў на палянку і ўбачыў, што Такса пагнала ласіху з ласянём. С. Александровіч. // Прымусіць пайсці, паехаць, насільна накіраваць куды‑н. Пагнаць на вайну. □ А сёння бабку пагналі немцы ў абоз — вазіць салому. Лынькоў.

3. Разм. Выгнаць; звольніць. Пагнаць з працы. □ [Васількоў:] — Каб не быў ты славутасцю, пагналі б мы цябе з камсамола. Асіпенка.

4. Прымусіць хутка рухацца. Пагнаць машыну. □ [Дзяўчына] шпарчэй пагнала каня. Колас.

5. безас. Прымусіць хутка расці, павялічвацца. Міне яшчэ колькі часу, цяплей прыгрэе сонца, распусцяцца лісточкі на дрэвах, у рост пагоніць траву і ўсюды — на зямлі, на кустах, на дрэвах — закладзе свае гнёзды птаства. Клышка. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін.

6. перан.; і без дап. Працуючы чым‑н., пачаць ствараць, утвараць што‑н. — Пакашу да вечара, хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.

7. безас. Скіраваць убок. Дарога была слізкая ад галалёдзіцы, і на касагоры пагнала сані на ўхабу. Пальчэўскі.

8. безас. Разм. Падацца, пайсці куды‑н. Пагнала яго ў свет. □ [Алесь:] — І чаго пагнала гэтага старога ў прычэпшчыкі? Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мой, майго́, м.; мая́, маёй, ж.; маё, майго́, н.; мн. мае́, маі́х; займ. прыналежны да я.

1. Які мае адносіны да мяне, належыць мне. Мае гады. Мая хата. Мае кнігі. □ Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай. Лось. [Туляга:] Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту. Крапіва. Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон. Купала. // Які ажыццяўляецца мною. [Булай:] — Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Шыцік. // у знач. наз. маё, майго́. Тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, уласцівасцю, асаблівасцю. Маё — мне, а чужога не трэба. // Які мае адносіны да мяне як члена якога‑н. калектыву; які належыць мне разам з іншымі; які складаецца з каго‑н., уключаючы і мяне. Цвіце, каласіцца мой край, Ці сонейка захад, ці ўсход. Купала. [Враніслаў:] — Усе нашы людзі абвясцілі бязлітасную партызанскую вайну гітлераўцам... Твая дапамога патрэбна майму атраду. Якімовіч.

2. Які належыць мне па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. [Міхась:] — Мой бацька добры. Паглядзіш. Ён будзе табе рады. Якімовіч. На Дняпры, на правай кручы, Друг мой кіеўскі жыве. Бялевіч. — Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў.. [камандзір] да вайскоўцаў. Колас. / Пры зваротках. [Скуратовіч:] — Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі .. ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. Чорны. // у знач. наз. мой, майго́; мая́, маёй. Муж, гаспадар; жонка, гаспадыня. [Старая:] — А ты, родненькая, пабудзь трошкі ў нас. Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі. Крапіва. // у знач. вык. Пра любімага чалавека, мужчыну, пра любімую жанчыну. — Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя. Купала.

3. Уласцівы мне; такі, як у мяне. Мой характар. У сына мая паходка.

4. Той, пра каго ідзе размова (з пункту погляду аўтара). Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.

•••

Божа мой; божухна мой! гл. бог.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх гл. верх.

На маё (яго) выйшла гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)