пагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.
1. Прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Дарогай на лагі начлежнікі пагналі коней. Пташнікаў. Лепшы калгасны статак яшчэ ўчора пагналі ў тыл — па дарозе, што вяла на ўсход. Якімовіч. // Накіраваць рух чаго‑н. Пагнаць мяч у вароты. □ Федзя спрытна скокнуў на карму, узяў у рукі вясло і пагнаў лодку супраць цячэння. Ваданосаў. / Пра вецер, дождж і пад. У рэчку ўпалі пакурчаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі навокал топкіх берагоў. Гурскі.
2. Пачаць праследаваць, праганяць. Пагнаць ворага. □ Пасля таго як белыя сталі адступаць і нашы, перабраўшыся цераз рэчку, пагналі іх, перабірацца стаў на той бераг і штаб палка. Чорны. // і без дап. Пачаць гнаць, праследаваць звера. [Антось] выйшаў на палянку і ўбачыў, што Такса пагнала ласіху з ласянём. С. Александровіч. // Прымусіць пайсці, паехаць, насільна накіраваць куды‑н. Пагнаць на вайну. □ А сёння бабку пагналі немцы ў абоз — вазіць салому. Лынькоў.
3. Разм. Выгнаць; звольніць. Пагнаць з працы. □ [Васількоў:] — Каб не быў ты славутасцю, пагналі б мы цябе з камсамола. Асіпенка.
4. Прымусіць хутка рухацца. Пагнаць машыну. □ [Дзяўчына] шпарчэй пагнала каня. Колас.
5. безас. Прымусіць хутка расці, павялічвацца. Міне яшчэ колькі часу, цяплей прыгрэе сонца, распусцяцца лісточкі на дрэвах, у рост пагоніць траву і ўсюды — на зямлі, на кустах, на дрэвах — закладзе свае гнёзды птаства. Клышка. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін.
6. перан.; і без дап. Працуючы чым‑н., пачаць ствараць, утвараць што‑н. — Пакашу да вечара, хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.
7. безас. Скіраваць убок. Дарога была слізкая ад галалёдзіцы, і на касагоры пагнала сані на ўхабу. Пальчэўскі.
8. безас. Разм. Падацца, пайсці куды‑н. Пагнала яго ў свет. □ [Алесь:] — І чаго пагнала гэтага старога ў прычэпшчыкі? Шахавец.