уго́лас, прысл.
1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.
2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укліні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Увайсці, удацца клінам, вузкаю палосай у сярэдзіну чаго‑н. Сабраўся быў павярнуць у вёску, як заўважыў у маладым калгасным садзе, што глыбока ўклініўся ў поле, чалавечую постаць. Хадкевіч. На мяккай мураве ў зацішку. Дзе лес густы ўклініўся ў луг, Гуляюць [дзеці] у ката і мышку. Смагаровіч. У вярхоўях Бярэзіны, прытоку Дняпра, паміж марэннымі ўзвышшамі ўклінілася Верхне-Бярэзінская нізіна. Прырода Беларусі. // Уварвацца куды‑н. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ. Лыжныя батальёны, разведка, конніца, пяхотныя падраздзяленні глыбока ўклініліся ў варожы тыл. Асіпенка. // Уціснуцца паміж кім‑, чым‑н. [Марынка] ўклінілася паміж Паходнем і Заранікам, сунула Паходню свой пакунак і ўзяла абодвух пад рукі. Хадкевіч. // перан. Разм. Умяшацца ў што‑н. — Дык можа б за гэта і па чарцы выпілі? — нарэшце дачакаўся моманту Басько, каб уклініцца ў гаворку мужчын. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.
1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.
2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.
Разм.
1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.
2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.
3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што.
1. Выклікаць вагальны рух, ад якога ўтвараюцца хвалі. Вецер хваляваў паверхню вады. // перан. Выклікаць рух, падобны на хваляванне паверхні вады. А вецер хвалюе ў бязмежным прасторы Духмянага жыта шумлівае мора. Хведаровіч. // Хвалявацца (у 1 знач.). Шуміць вада, хвалюе мора, Мой човен шпарка ўдаль ляціць. Гурло. Вось шырокім залацістым возерам паміж лесу ледзь-ледзь хвалюе жыта. Мурашка.
2. Прыводзіць у трывожны, узбуджаны стан; непакоіць. Адначасовы ўзлёт мноства самалётаў заўсёды хваляваў Смірына. Алешка. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца, ён да вайны цераз гэта зусім не працаваў. Яго стараюцца аберагаць, не хваляваць нічым. А тут такая бяда! Мележ.
3. Падбухторваць, схіляць да хваляванняў (у 3 знач.); выклікаць хваляванні (у 3 знач.). Хваляваць народ. □ Народная па духу і форме, [паэзія] хвалявала шырокія масы, натхняла на барацьбу за лепшае будучае. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́бат, ‑а, М ‑баце, м.
1. Выцягнутая рухомая насавая частка морды ў сланоў і некаторых іншых жывёл, якая служыць для дыхання, нюху, дотыку, хапання. Хобат тапіра. □ Хобатам матляе слон Ды вачыма лыпае. Барадулін. // Выцягнутая пярэдняя частка або выраст пярэдняй часткі цела ў некаторых бесхрыбетных жывёл, якая служыць для абароны, хапання, забівання здабычы і пад. Хобат п’яўкі.
2. Спец. Частка механізмаў, машын або прыстасаванняў, якая па форме або функцыі нагадвае выцягнуты нос жывёлы. Хобат экскаватара. □ Рытмічна махаючы сваім хобатам, пагрузачны кран падымаў і апускаў на платформы кантэйнеры. Шыловіч.
3. Спец. Задняя падоўжаная частка лафета артылерыйскай гарматы або задняя частка станка кулямёта, якая служыць для ручной наводкі на цэль. // Ствол гарматы. Хобаты гармат уздымаліся гнеўна ў неба, у заходні бок. Мележ. І хобаты жэрлаў Паволі Гарматы спускаюць на дол. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.
1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?
2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цьмець, ‑ее; незак.
Разм.
1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.
2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.
3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)