прыхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
1. Нахіліцца, нагнуцца трохі ўніз, да зямлі. Нікне трава ад жаласці, а дзерава пад тугою к зямлі прыхілілася. Купала.
2. Шчыльна наблізіцца да чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца. Лынькоў. Міхась прыклыпаў да дзвярэй, прыхіліўся плячом да вушака — роўна стаяць было яму цяжка. Савіцкі.
3. Прытуліцца, прыпасці да каго‑н. Але хлопчык і не варухнуўся, глянуў спадылба на Косцю, прыхіліўся бліжэй да Ірыны. Арабей. Тады Стася зусім блізка прыхілілася да .. [бацькі] і яшчэ цішэй, ледзь чутна запытала: — А як з мамкай? Зарэцкі. // перан. Знайсці спагаду, спачуванне ў каго‑н.; адчуць прыхільнасць да каго‑н. — Людзі нашы нядрэнныя. Вядома, цёмныя мы, прыхіліцца не да каго, — Алесь зразумеў, што .. [Марыніч] кажа Калачыкавы словы. Чарнышэвіч. Няма да каго прыхіліцца, няма каму пра сваё гора расказаць. Якімовіч. Ранняй часінай к табе я лячу, Позняй парою, Толькі к табе прыхіліцца хачу Сэрцам, душою. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рубе́ц 1, ‑бца, м.
1. Падоўжнае паглыбленне, зробленае чым‑н. на гладкай паверхні. Хлопцы скінулі ўраз Рукзакі і сарочкі, І ўпіліся ў сосны Стальныя разцы. На ствалах засталіся Рубцы ад падсочкі. Свірка.
2. След на целе пасля зажыўшай раны або ад пабояў. Галіна заўважыла ў .. [Колі] на грудзях чырвоны рубец — след асколка. Шамякін. [Бенька] падышоў і сеў на ўслончык. Пад расшпіленым каўняром кашулі відзён быў шырокі пакручасты рубец. Скрыган.
3. Шво, якое атрымліваецца пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад. І насыпка, і навалачка лопнулі паўз рубец. Місько. [Пасведчанне] трэба было зашыць у складку ці нейкі рубец адзежыны. Васілевіч.
4. Разм. Тое, што і руб. Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі. Баранавых.
•••
Да рубца — зусім, поўнасцю (падрацца).
Сухога рубца няма на кім гл. няма.
рубе́ц 2, ‑бца, м.
Самы вялікі аддзел (частка) страўніка жвачных жывёл. // Ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэда́кцыя, ‑і, ж.
1. Праўка, рэдагаванне тэксту. Рэдакцыя артыкула.
2. Пэўная фармулёўка або тэкст, якія чым‑н. адрозніваюцца ад падобных фармулёвак або тэкстаў. Пункт пратакола ў новай рэдакцыі. Другая рэдакцыя рамана. □ Многія раннія вершы Таўлая маюць па некалькі зусім розных рэдакцый. Арочка. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.
3. Кіраўніцтва выданнем (кнігі, часопіса і пад.). Кніга пад рэдакцыяй прафесара.
4. Калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў той домік пад соснамі. Брыль. — Я прыехаў здалёк, ад рэдакцыі, і хачу паглядзець, як людзі жывуць. Галавач. // Група работнікаў, якія займаюцца апрацоўкай і падрыхтоўкай тэксту рукапісу да выдання.
5. Памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі. Пазваніць у рэдакцыю. Зайсці ў рэдакцыю. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае рэчаіснасці, існуе сапраўды; рэальны. — Мусіць, зіма сапраўдная ляжа, — з выглядам знаўцы сказаў Коля. Якімовіч. // Аўтэнтычны, праўдзівы, не фальшывы. Нікому, нават самым блізкім сябрам сваім,.. [Іван] не гаварыў сапраўднага імя і прозвішча. Новікаў. Да руля быў прымацаваны званок, самы сапраўдны званок! Арабей.
2. Які адпавядае нашым уяўленням пра каго‑, што‑н.: такі, які павінен быць; ідэальны. Не знайсці нічога ў свеце Прыгажэй сапраўднай дружбы. Ні адна не мае мова Слова лепшага, чым «друг». Панчанка. Зразу пайшоў на работу хлапчына. Ён працаваў як сапраўдны мужчына. Дубоўка. Няўжо.. [Лакота] не можа знайсці сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця? Зарэцкі. А месца там — сапраўдны курорт! Чарнышэвіч.
3. Такі самы, падобны на каго‑, што‑н. Трэба кнігу, сапраўдную кнігу стварыць, Трэба вывесці ў свет немаўля-чалавека. Свірка.
4. Які захоўвае сваю сілу, дзейнічае. Білет сапраўдны на трое сутак.
•••
Сапраўдны лік гл. лік 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыві́ць, скрыўлю, скрывіш, скрывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым; перакасіць, выгнуць. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ». [Маша] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. І сама галаву неяк скрывіць. Брыль. / у безас. ужыв. Яго скрывіла ад скразняку. // Збіць набок, стаптаць. Скрывіць туфлі. // Адхіліць ад пэўнага кірунку; пайсці не прама. Навёў [Платон] .. [паркан] ад хлявоў, як ён і стаяў, цэлячыся на дзічку. Вёў, вёў яго і раптам — хваць! — скрывіў. Укапаў шулку так, што груша апынулася на яго баку. Ракітны. І, як на злосць, яму [Мікіту] адну Валы скрывілі баразну. Купала. // Надаць ненатуральны выраз (рысам твару); перакасіць. Дзяўчына нездаволена скрывіла губкі. Зарэцкі. Вакула паціснуў плячамі і скрывіў рот: што, маўляў, чэпішся да мяне брыгадзір. Радкевіч. Тут д’ябальская ўсмешка скрывіла Ясеў твар. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. У спраўніка твар аж скрывіла ад злосці. Лобан. // Пачаць дзейнічаць насуперак устаноўкам, рашэнням, дырэктывам. Скрывіць лінію партыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́й, ‑ю, м.
1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.
2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.
•••
Вечны спакой — смерць.
Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.
На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стулі́цца, стулюся, стулішся, стуліцца; зак.
1. Скурчыцца, сагнуцца. Турок прысеў, стуліўся, але капітан зараз жа гучным шэптам гукнуў яму: — Давай сюды! Быкаў. А ле Лясніцкі заўважыў, што пад гэтым поглядам Раіса Андрэеўна неяк недалужна стулілася, зрабілася раптам маленькай і вінаватай. Зарэцкі. // Сабрацца разам, згрупавацца. [Соня, Люба і Антон] збочылі пад купчастую бярозу, прыселі, стуліліся ў купку і прыгнулася. Пальчэўскі.
2. Шчыльна сціснуцца, заплюшчыцца (пра губы, вочы і пад.). [Бацька] хацеў яшчэ штосьці пажартаваць, але пабачыў, як дачка змянілася ў твары, губы шчыльна стуліліся. Грамовіч. — Мой муж? — ужо зусім слабым голасам прашаптала .. [Прузына]. — У турме, паночку. — У турме?! — вусны секвестратара адразу ж стуліліся, усмешка знікла. Каліна.
3. Разм. Схавацца дзе‑н., за што‑н. ад каго‑н. Прыдаўшы сабе смеласці,.. [Панця] вырашыў падысці да самай дарогі, стуліцца там ля крайняй хаты (здаецца, ля плота ёсць лавачка) і паслухаць, пацікаваць зблізку. Кулакоўскі. // перан. Прытуліцца, схавацца. Мястэчка стулілася ў мроку. Бязлюдныя плошчы, двары. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уе́хаць, уеду, уедзеш, уедзе; уедзем, уедзеце, уедуць; заг. уедзь; зак.
1. Заехаць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; прыехаць куды‑н. Уехаць у двор. Уехаць у лес. □ Гумно стаяла крыху воддаль ад хаты, і абодва яны [Максім з Гіпалітам] не чулі, як уехаў туды на санях Цімка. Машара. У пачатку жніва, неяк раз раніцай, у Бярозаўку ўехалі тры параконныя салдацкія брычкі. Васілевіч. Неўзабаве аўтамабіль, лёгка рассякаючы коламі сухі пясок, уехаў у вуліцу. Якімовіч.
2. Разм. Праехаць які‑н. шлях, ад’ехаць на якую‑н. адлегласць. За дзень мы ўехалі сто кіламетраў.
3. перан. Увайсці ў што‑н. мяккае, сыпучае; асесці, спусціцца; угрузнуць. Цяпер хатка ўехала ў зямлю, асунулася і выглядае побач з новым зрубам кучай парахні. С. Александровіч. Сена на калёсах заслана белым абрусам, але яго зусім не відаць, ён уехаў у само сена. Пташнікаў. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Мележ.
•••
Уехаць па вушы — тое, што і акунуцца з галавой (гл. акунуцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фасо́н, ‑у, м.
1. Форма, крой, па якіх пашыта што‑н. (адзенне, абутак, галаўныя ўборы). З кабінкі вылез прысадзісты, чырванатвары чалавек, апрануты ў жоўты, вайсковага фасону фрэнч. Навуменка. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў. Жычка. // Знешні выгляд, форма (прадмета, вырабу і пад.). На незнаёмцы была яркая шарсцяная кофтачка, якая сваім фасонам нагадвала дзіцячую матроску і дужа пасавала жанчыне. Васілёнак.
2. Разм. Пэўны спосаб, манера. Ад гэтага запытання я страпянуўся, зірнуў на чалавека з рудой, калматай, але падраўнянай пад нейкі фасон барадой, у брызентавым плашчы з настаўленым башлыком, быццам чалавек сабраўся на дождж. Сабаленка.
3. Разм. Паказная франтаватасць; шык. З кавалерскім фасонам і з блазенскім сорамам Лёня пакланіўся і, узняўшы вочы, сумеўся ад той амаль зусім звычайнай дзявочай усмешкі. Брыль. [Стрэлачнік:] — Ну і рабацяга знайшоўся! Толькі і ведае — кастыль ды гайкі, дый молат для фасону насіць. Лынькоў.
•••
Трымаць фасон гл. трымаць.
[Фр. façon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́лкам, прысл.
1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не па частках, не часткова. Перадрукаваць артыкул цалкам. □ Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух [з Лабановічам] пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць. Колас. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры. Гартны. // У поўным складзе. — Першая эскадрылля цалкам перасела на новыя машыны. Алешка. [Бэсман:] Што падрыхтована? Якія роты? [Дамейка:] Мой батальён за намі пойдзе цалкам. Глебка.
2. Да канца, поўнасцю, зусім. Цалкам аддацца справе. □ Генадзь быў цалкам захоплены песняй. Кожны музычны такт яе, кожны радок.. ён паўтараў мо разоў па дзесяць і нібы смакаваў. Сабаленка. І сам той Пятрусь ці Сымон яшчэ не цалкам пазбыліся думкі, што гэта ўсё ж не калгасная кабыла, а яго. Брыль.
•••
Цалкам і поўнасцю — тое, што і поўнасцю, але з адценнем узмацнення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)