ру́шыць, -шу, -шыш, -шыць; зак. і незак.

1. зак. Пачаць рух; накіравацца куды-н.

Трактар рушыў з месца.

Атрад рушыў да лесу.

Калгас за апошнія гады значна рушыў наперад (перан.: атрымаў далейшае развіццё).

2. незак. Тое, што і рухацца (у 1 знач.).

Ужо рушыць вясна.

3. зак. і незак., каго-што. Прымусіць (прымушаць) рухацца каго-, што-н.; адправіць каго-, што-н. куды-н.

Р. каня з месца.

Р. войска ў бой.

4. незак. (звычайна з адмоўем), каго-чаго. Чапаць, закранаць (разм.).

Гэтага чалавека не рушце, ён тут ні пры чым.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; павёў, -вяла́, -ло́; -вядзі; зак.

1. каго-што. Пачаць весці (у 1—6 знач.).

П. дзіця за руку.

П. батальён на прарыў.

П. шашу на захад.

П. трактар па полі.

П. смыком па струнах.

П. барацьбу з недахопамі.

2. безас., каго куды. Пахіліць, пацягнуць.

Галава закружылася і мяне павяло ўбок.

3. чым. Зрабіць плаўны рух, варухнуць.

П. плячамі.

І вокам не павёў (не звярнуў увагі, ніяк не зрэагаваў на слова, заўвагу і пад.).

|| незак. паво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

защёлкать сов.

1. (о пружине, замке и т. п.) зашчо́ўкаць, запстры́каць;

2. (кнутом, зубами) заля́скаць;

3. (языком) зацмо́каць;

4. (пальцами) запстры́каць;

5. (шпорами, каблуками) зацо́каць;

6. (орехи) пача́ць лу́скаць;

7. (о соловьях) зацёхкаць, зашчо́ўкаць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зацвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце; зак.

1. Пачаць цвісці; распусціцца, раскрыцца (пра кветку). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў. Васілевіч. // Пакрыцца кветкамі. Сад зацвіў. □ Паглядзіш з горкі ўвесну, як зацвітуць дрэвы, здаецца, быццам хтосьці ўсё малаком абліў. Пальчэўскі.

2. перан. Зрабіцца радасным, ажыўленым (пра чалавека, яго твар, вочы). Як глянула на гэту фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Колас. Зацвіў усмешкай.. бацькаў твар. Астрэйка.

3. перан. Пачаць пышна развівацца; расквітнець. І па волі вялікага Леніна Дружна рушаць атрады на бой, Каб жыццё і квяціста і зелена Зацвіло над Бярозай-ракой. Глебка.

4. Пакрыцца, напоўніцца водарасцямі (пра ваду). Вада зацвіла.

5. Пакрыцца цвіллю, плесняй. Хлеб зацвіў. Сыр зацвіў.

6. Пакрыцца плямамі (пра шкло, метал).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Пачаць інтэнсіўна варушыцца. Мурашнік разварушыўся. □ На прагаліне, на краі грудка, .. не было нічога, і раптам за якія два дні зямля разварушылася і на ёй узнік ладны курганок. Сабаленка.

2. Пачаць рухацца; перастаць быць маларухомым, вялым. [Тамаш:] — Прайду трохі — ногі млеюць. Як разварушацца пры рабоце, дык яшчэ нічога, А так, дык хоць і сядзі на адным месцы, як, усё роўна, ланцугом прыкаваны... Чорны. А Соня ўжо разварушылася. Працёршы хустачкай акуляры.., зазваніла талеркай, відэльцамі. Лось. // Выйсці са стану абыякавасці, апатыі, ажывіцца. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. Госці аглядзелі ўсю гаспадарку.. Таварыш Строіш, цаг[ельнік] па прафесіі, асабліва разварушыўся каля цагельнага завода. Брыль.

3. перан. Стаць дзейным, актыўным. [Аляксей:] — Людзі разварушыліся, там-сям пачалі пускаць чырвонага пеўня ў панскія маёнткі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

1. Адчуць сябе лепш, размяўшыся ў хадзе, рухах. А расхадзіцца ўсё ж [Коля] не можа: млеюць ногі, водзіць у бакі шумлівая галава... Якімовіч. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Пальчэўскі.

2. Уцягнуцца ў хаду, перастаць адчуваць ад яе стомленасць.

3. Пачаць хадзіць многа, сюды-туды. Было чуваць, як расхадзілася.. [цётка Ганна] на двары, усё клі[чучы]: — Сымон, Сымон! Лынькоў.

4. перан. Дайсці да крайняй ступені ў праяўленні чаго‑н., у якіх‑н. дзеяннях. Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва [хлопчыкі] — расхадзіліся так, што скакалі і на печы і на палацях, і пад палацямі лазілі. Мележ. — Нешта ты расхадзіўся Можа, лепей было б, каб памаўчаў? Галавач. // Пачаць моцна праяўляцца (пра якія‑н. недамаганне. У .. [Ганны Граноўскай] да таго расхадзіліся нервы, што часта ўздрыгвалі вейкі. Гурскі. // Разбушавацца (пра з’явы прыроды). Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наклю́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Стаць прабітым дзюбай (пра шкарлупіну яец, з якіх вылупліваюцца птушаняты).

2. Пачаць прарастаць, распускацца (пра зерне, пупышкі). Кроплі шумна капалі з галінкі, і ўся бярозка варушылася, быццам ад ветру. Яе шакаладныя пупышкі ўжо наклюнуліся. Хомчанка.

3. перан. Разм. Выпадкова трапіцца, абазначыцца, намеціцца. Наклюнулася добрая работа. □ [Лашук:] — Заўтра канчаткова рашу, ці можна прымяніць тут адзін варыянт. Сёе-тое ўжо наклюнулася. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., па кім-чым і без дап.

Пачаць сумаваць. // Зрабіцца сумным, занудзіцца без каго‑, чаго‑н., замаркоціцца па кім‑, чым‑н. Дзень быў цёплы, вясновы. Адзін з такіх, калі вельмі цягне на сонца, па якім засумаваў за зіму. Карпаў. / у перан. ужыв. [Лукаш] вярнуўся з вайны, вярнуўся з думкамі толькі аб працы, па якой зусім занудзілася душа, засумавалі рукі. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Разм.

1. Стаміцца ад доўгай хады. Захадзіцца за дзень.

2. Замітусіўшыся, пачаць старанна, рупліва што‑н. рабіць. Маці заходзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Мележ. Нупрэй захадзіўся, кінуўся раскладаць агонь. Колас.

3. Разм. З сілай пачацца; усхадзіцца. Вецер захадзіўся. Мяцеліца захадзілася. // перан. Разгневацца, разлютавацца, раз’юшыцца. — А што я табе такое, скажам, зрабіў, што так ты захадзіўся? Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захма́рыць 1, ‑рыць; зак.

1. што. Зрабіць хмарным. Захмарыла ўжо восень неба і распранае гай барвовы. Вялюгін. / у безас. ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара. Кірэенка.

2. перан.; каго-што. Засмуціць, замаркоціць. Пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла [Васіля]. Мележ.

захма́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць хмарыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)