аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.
•••
Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.
Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стогн, ‑у, м.
1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.
2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турні́р, ‑у, м.
1. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — спаборніцтва рыцараў. Галоўным у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек. Караткевіч. // перан. Выступленне адзін перад адным па якіх‑н. пытаннях. Тэмай вуснага турніру была выбрана праблема «Закон і мараль». «Маладосць». // перан. Пра шлюбныя змаганні жывёл і птушак. Мы ляжалі на кажухах, замаскіраваныя высокай, травой і кустамі, і не спускалі вачэй з паляны, абранай аленямі для сваіх штогадовых турніраў. В. Вольскі. Вясенні турнір заўсёды пачынаўся так: калі на ўсходзе нясмела займаўся золак, на самую вершаліну дрэва, што чарнела прыцемкам, садзіўся стары цецярук-такавік. Ігнаценка.
2. Форма правядзення асабістага ці каманднага спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або два разы. Шахматны турнір. Алімпійскі турнір футбалістаў.
[Ням. Turnier.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.
1. Злёгку паварушыць; разварушыць. Узварушыць зямлю вакол дрэва. Вецер узварушыў салому на страсе. □ Шыхта змерзлася, яе трэба моцна біць ломам — тады толькі ўзварушыш. Савіцкі. // Заставіць паварушыцца, ускалыхнуцца. З разгону [ветрык] узварушыў хмызняк. Смагаровіч.
2. перан. Разм. Вывесці са стану вяласці, пасіўнасці, расшавяліць; узняць. Узварушыць народ. □ Першы нумар «Ленінскага засеву», вывешаны на сцяне хаты-чытальні, узварушыў Затонне. Колас. [Алесь:] Памятаеш, як мы ўсё мястэчка ўзварушылі на перамер зямлі. Чорны. Зала нібы ажыла, жывыя чалавечыя пачуцці, думкі, страсці ўскалыхнулі, узварушылі сонную застоеную цішыню. Лынькоў. // Абудзіць, ажывіць. Узварушыць успаміны. Узварушыць у памяці старонкі мінулага.
3. перан. Разм. Выклікаць спачуванне, хваляванне; узрушыць. Манг здзівіўся і занепакоіўся. Такія слёзы, такі адчай ўзварушылі яго. Маўр. Галену навіна гэтая ўзварушыла вельмі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клін, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што-н.
Дубовы к.
Забіць к. у палена.
2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні.
Уставіць к. у сарочку.
3. перан. Частка войск, якая, расколваючы фронт праціўніка, паглыбляецца ў яго размяшчэнне вузкім трохвугольнікам.
4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму.
Жураўліны к.
5. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой-н. прымеце (па відзе пасеваў, мясцовасці і пад.; спец.).
Яравы к.
Азімы к.
К. сенакосу.
◊
Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, зрабіць варожым.
Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго-н. не хапае, усё не ладзіцца.
Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым (разм.) — хто-н. або што-н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.
|| памянш. кліно́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).
|| прым. клінавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).
Клінавое злучэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
аблажы́ць, -лажу́, -ло́жыш, -ло́жыць; -ло́жаны; зак.
1. каго-што. Палажыць што-н. вакол каго-, чаго-н.
А. хворага грэлкамі.
А. градку дзёрнам.
2. што. Аздабляючы, умацоўваючы што-н., пакрыць паверхню чым-н.
А. печ кафляй.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Пакрыць суцэльнай масай чаго-н., абвалачы.
Хмары аблажылі неба.
Язык аблажыла (безас.: пра налёт на языку пры захворванні).
4. каго-што. Акружыць (звера на паляванні, які-н. умацаваны пункт войскам).
А. мядзведзя.
А. крэпасць.
5. каго-што. Абавязаць да выплаты чаго-н.
А. падаткамі.
6. што. Адвярнуць, апусціць.
А. каўнер.
7. што. Абшыць чым-н.
А. аксамітам.
8. каго-што. Паваліць, абваліць; забіць (разм.).
А. дрэва.
А. кабана.
9. каго-што, чым і без дап. Груба аблаяць (разм.).
А. моцным словам.
|| звар. аблажы́цца, -лажу́ся, -ло́жышся, -ло́жыцца (да 1 знач.).
|| наз. абкла́дка, -і,
ДМ -дцы, ж. (да 1 і 2 знач.) і аблажэ́нне, -я, н. (да 4 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Ві́лкі мн. л. ’прылада, пры дапамозе якой дастаюць гаршкі з печы’ (Грыг., Інстр. I, БРС, КТС; лаг., КЭС, Др.-Падб., Гарэц., Шат., Бяльк., Даеш, Нас.), пруж. вы́лкы́ ’тс’ (Выг., Зн.); ’вілы (на два ражкі) трэсці салому, скопваць гной’ (Сцяшк. МГ, Сцяц. Словаўтв.; КЭС, лаг.; Лекс. і грам., Шатал., Выг.), ві́лкі ’месца, дзе зліваюцца рэкі’ (Сцяшк. МГ, Яшк.), ’відэлец’ (гродз., Сцяц. Словаўтв.); ’разгалінаванне дрэва на два ствалы’ (Сцяшк. МГ), карэліц., докш. ’ростань, месца раздваення дарогі’ (Яшк., Шатал.). Укр. ви́лка мн. л., ви́лки мн. л., рус. ви́лки → вілкі ў розных значэннях, у аснове якіх ’вілы, разгалінаванне чаго-небудзь’, польск. widełki ’тс’. Дэмінутыў, утвораны ад віл‑ы і суф. ‑ъk‑. Ужываецца ў форме множнага ліку. Да ві́лы (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзёгаць ’дзёгаць’. Рус. деготь, укр. де́готь, польск. dziegieć, чэш. dehet. Прасл. *degъtь ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. degùtas ’тс’ (параўн. літ. dègti ’паліць’). Раней меркавалі, што слав. слова запазычана з балт. моў (аргументам тут было тое, што няма адпаведнага слав. дзеяслова: у слав. мовах выступае аснова *žeg‑ < *geg‑ ’паліць’, а не *deg‑, як у балт.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 204–205; Фасмер, 1, 493; Бернекер, 1, 182–183; Брукнер, 109. Незалежна ад праблематыкі існавання слав. базавага дзеяслова для *degъtь трэба звярнуць увагу, што ў ст.-чэш. мове dehet абазначае таксама пэўнае дрэва (Terpentinbaum, terebinthus; гл. у слоўніку Гебаўэра). Гэта магчымы каштоўны рэлікт даўніны, які, мяркуем, зусім не падмацоўвае ідэю запазычання з балт. моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ствол ‘надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны’, ‘сцябло’, ‘камель’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘цэнтральны корань у дрэве’ (ТС), ствалі́на ‘руля (у стрэльбе)’ (Нік. Очерки), цвол ‘тс’ (там жа), ство́льны ‘сцяблісты’ (Бяльк.). Рус. ствол ‘тс’, ц.-слав. стволие ‘крапіва’, в.-луж. stwółk ‘сцябло’, н.-луж. stwoł ‘сабачая пятрушка’, чэш. stvol ‘сцябло’, славен. stvȍl ‘асака’, серб.-харв. цво̀лика ‘сцябло цыбулі’, балг. дыял. ствол ‘балігалоў’, цвол ‘сцябло’. Выводзяць з *stьbolъ, якое роднаснае сцябло (гл.). Гл. Міклашыч, 327; Младэнаў, 608; Махэк₂, 591; Шустар-Шэўц, 1373; Фасмер, 3, 749 з іншай літ-рай; Дзімітрова–Тодарава, Этимология–2003–2005, 49–50. Сюды ж, відаць, ство́лак ‘вільчык, сасновы кругляк’ (Пятк. 1) — ад сво́лак ‘вільчык’ пад уплывам ствол.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́цер, па́церы, па́ціры ’малітва наогул і асабліва «Ойча наш» (Нас., ТСБМ, Яруш., Кліх, Мядзв., Др.-Падб.; мін., гродз., Шн. 2; Сл. ПЗБ), ’ружанец, пацеркі, з якімі моляцца’ (Сцяшк.), ст.-бел. пацеръ, патеръ ’тс’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. pacierz, pacierze ’тс’, якое прыйшло (у X ст.) са ст.-чэш. páteř, дзе азначала лац. малітву, што пачынаецца словамі pater noster ’Ойча наш’. Пазней, калі малітваў чыталі некалькі, іх адлічвалі на ружанцы — пацерках (шарыках з ружовага дрэва, нанізаных на нітку). Таму пазней pater noster стала азначаць ’адна пацерка’, а выраз скараціўся да pater. Адсюль паходзіць і па́церка (гл.) (Насовіч, 395; Брукнер, 390; Махэк₂, 437; Шцібер, RÉS, 1961, 39, 8; Булыка, Лекс. запазыч., 180).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)