забабо́ны, ‑аў; адз. няма.
Вера ў тое, што некаторыя з’явы і падзеі маюць таямнічы сэнс і з’яўляюцца прадказаннем будучага; прымхі. Рэлігійныя забабоны. □ Сабраўся ў старэчай памяці нязмерны запас дзівосных успамінаў, у якіх траплялася здаровая жыццёвая мудрасць з густой сеткай спрадвечных забабонаў. Зарэцкі. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты[я] дурныя забабоны. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Не такі, як усе; своеасаблівы, адметны. Як і штогод, для кожнага чалавека вясна прынесла нешта новае, адменнае, непаўторнае. Хадкевіч. — Форма! — весела выкрыкваў .. [Пракоп], падаючы гэтаму слову адменны, аднаму яму зразумелы сэнс. Вітка.
2. Самы лепшы, надзвычайны. Адменных вуліц, плошчаў тут нямала, І кветнікаў, і вечна свежых рос. Панчанка. Боцікі і сапраўды былі адменныя — новенькія, бліскучыя, на высокіх абцасах. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тлума́ч, ‑а, м.
1. Гіст. Асоба, якая выкарыстоўвалася для вуснага перакладу з замежнай мовы ў час размовы. // Службовая асоба, якая выконвала абавязкі перакладчыка ў час афіцыйных перагавораў.
2. Разм. Тое, што і тлумачальнік. Сымоніха з Лявоніхай .. пачынаюць гутарку. Мова іх на першы погляд здаецца самай простай .. Каб зразумець глыбокі сэнс гэтай мовы, патрэбен добры тлумач — іначай чалавек не пачуе праўдзівага смаку. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вну́тренний в разн. знач. уну́траны;
вну́тренний смысл уну́траны сэнс;
вну́тренняя поли́тика уну́траная палі́тыка;
вну́тренние боле́зни мед. уну́траныя хваро́бы;
вну́тренний карма́н уну́траная кішэ́нь;
вну́тренняя секре́ция физиол. уну́траная сакрэ́цыя;
вну́треннее у́хо анат. уну́транае ву́ха;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
но́вы, -ая, -ае.
1. Упершыню створаны або зроблены; які ўзнік, з’явіўся нядаўна.
Новыя самалёты.
Н. горад.
2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна.
Новая планета.
3. Незнаёмы, малавядомы.
Новыя мясціны.
Н. чалавек.
4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было; чарговы, наступны.
Н. дырэктар.
Радавацца новаму дню.
5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу.
Новая гісторыя.
6. Не той, што раней; іншы.
Н. сэнс.
7. Гэтага года, апошняга ўраджаю.
Н. хлеб.
8. у знач. наз. но́вае, -ага, н. Навіна.
Што ў вас новага?
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
разуме́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.
1. каго-што. Усведамляць, спасцігаць розумам сэнс, змест і пад. чаго-н.; асэнсоўваць.
Р. усё сказанае.
Р. мастацтва.
Р. музыку.
2. што і з дадан. Ведаць, здагадвацца аб чым-н., усведамляць што-н.
Р. сваю памылку.
Р., што назад дарогі няма.
3. каго-што. Падразумяваць, мець на ўвазе.
4. у знач. пабочн. сл. разуме́еш (разуме́еце) Ужыв. з мэтай падкрэсліць што-н., звярнуць увагу на што-н.
Я, разумееш, не згодна з такой думкай.
|| наз. разуме́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.
2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
За́ступ ’рыдлёўка, жалязняк’. Рус., укр. за́ступ ’тс’. Польск. zastup ’тс’ (з рус.; Дарашэўскі, 10, 795), zastęp ’група людзей’, ’ахоўны вал’, серб.-луж. zastup ’уваход’, чэш., славац. zástup ’мноства, група людзей, наогул нейкіх элементаў’, славен. zastòp ’уваход’, ’прадстаўніцтва’, ’розум, сэнс’. Ст.-слав. застѫпъ ’дапамога, абарона; натоўп’. Ст.-рус. заступъ ’абарона’ (XII ст.), ’рыдлёўка’ (XVI ст.). Верагодна, што бел. і ўкр. заступ ’рыдлёўка’ з рус., дзе значэнне тлумачыцца тым, што пры працы з гэтым відам лапаты на яе наступаюць нагой. Таму бязафіксны наз. ад заступати (гл. ступаць). Шанскі, 2, З, 66–67; Праабражэнскі, 2, 408.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
паме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памеркнуў, ‑нула і памерк, ‑ла; зак.
1. Страціць паступова яснасць, яркасць; пацямнець. Памерк дзень, пагас. Колас. Марознаю стынню паветра дрыжыць, Памеркла ад сцюжы гара... Кляшторны.
2. перан. Страціць жыццярадаснасць, весялосць. Рагатуха, якая так кідалася ў вочы здалёк сярод іншых дзяўчат, раптам памеркла, зрабілася сціплай і ціхай школьніцай. Карпюк.
3. перан. Страціць сэнс, значэнне. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азначэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. азначаць — азначыць (у 1 знач.).
2. Абагульненне, якое раскрывае змест, сэнс чаго‑н., характарызуе асноўныя рысы чаго‑н.; вывад. Сэнсавае азначэнне. Вобразныя азначэнні. Мастацкія азначэнні. □ Што значыць даць «азначэнне»? Гэта значыць перш за ўсё падвесці данае паняцце пад іншае, больш шырокае. Ленін.
3. Даданы член сказа, які абазначае прыкмету, уласцівасць другога члена сказа і адказвае на пытанні: які? чый? каторы?
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)