Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

густы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з многіх аднародных частак, прадметаў, блізка размешчаных адзін каля аднаго; проціл. рэдкі. Густы лес. Густая трава. □ Паабапал [сцежкі] густое жыта ў рост чалавека. Анісаў. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця. Брыль. / Пра валасы, поўсць і пад. Густыя валасы. Густыя бровы. □ Бацька здаволена ўсміхаецца, разгладжваючы густыя чорныя вусы. Якімовіч. // Спорны (пра дождж, снег). На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі.

2. З вялікай канцэнтрацыяй чаго‑н.; не вадкі. Густое варэнне. Густая каша. Густы мёд. □ З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок. Бядуля. // Насычаны чым‑н. (пра паветра, пах і пад.). Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман. Нікановіч. // Яркі, не цьмяны (пра колеры, фарбы і пад.). Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Лынькоў.

3. Шчыльны, малапранікальны для зроку, святла. І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы — усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Лынькоў. Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было. Чорны.

4. Які паўтараецца ў вялікай колькасці праз кароткія прамежкі часу; часты. Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі. Мележ. Узнімаецца густы, шалёны кулямётны агонь. Брыль.

5. Нізкі, прыглушаны (пра гукі, голас). Густы бас. □ Голас быў роўны, ціхі і глыбокі — з нейкімі густымі, дрымотнымі ноткамі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́хля ’неахайны’ (Нас.), ’чалавек, неакуратны наогул і ў быце’ (шкл., КЭС), ’неахайны, брудны’ (маладз., КЭС; Мат. Маг.), ’вялы, неахайны’ (Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’неахайная гультаяватая жанчына’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), ’неахайная, нязграбная і дзікаватая жанчына’ (мсцісл., З нар. сл.), рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (там жа), ро́хля, ро́хліна, ро́хлішча ’неахайная асоба’, ро́хліцца ’рабіць неакуратна’, ро́хленне ’неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ), ро́хля ’тоўстая непаваротлівая жанчына’ (ТС), ’празмерна тоўстая разлезлая баба’ (слонім., Жыв. НС), рахэ́ля ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. ро́хля ’разява’, ’тупіца’; ’неахайны чалавек’, калуж. ’гультаяватая і тоўстая жанчына’, балг. ро́хла ’кабета або жанчына з непрычэсанымі валасамі’. Звычайна звязваюць з роднаснымі лексемамі ры́хлы, ру́шыць (Праабражэнскі, 2, 218); апошняе (ру́шыць) лічаць ітэратывам ад незафіксаванага ў слав. мовах *rusti ’рыць’, ад асновы якога *rou̯s‑ утварыўся дзеепрыметнік *ruxlъ, *ruxlʼa > польск. дыял. ruchla ’свіння’ (Фурлан у Бязлай, 3, 209), параўн. літ. raũsti, ràust ’рыць, капаць’, лат. rušināt ’разрыхляць’, ’перамешваць жар’, чэш. ruchati ’араць’ (Махэк₂, 525). З семай ’свіння’ звязана этымалогія Якабсона (IJSLP, 1, 268): ро́хля < ро́ха ’свіння’, ро́хкать ’рохкаць’ (Фасмер, 3, 508). Мацэнаўэр (LF, 17, 199) параўноўвае лексему з славен. ráhel ’рыхлы’, ’кволы’. Аднак можна сумнявацца наконт адпаведнасці вакалізма ra‑ і *ry. Сной₂ (599) выводзіць яго з дзеепрыметніка *raxlъ < *ra̋sti ’рыць, грэбці, штурхаць’ > славен. rášiti ’тс’, макед. рошка ’рыцца, корпацца, кешкацца’, балг. ро́хав, рохкав ’рыхлы, мяккі, пяшчотны’, ре́ша ’часаць, прычэсваць’. Гл. таксама Бярнар (Бълг. изсл., 248–249), які выводзіць балг. ро́хла з ро́хав, ро́хлест ’непрычасаны, ускудлачаны’, што звязаны чаргаваннем з ре́хав ’калматы, рыхлы’, апошняе да ря́дъкрэдкі’. Неславянскае паходжанне прапануе Масковіч (Зб. Талстому, 355), ад яўрэйскага ўласнага імя Rokhl/Rukhl.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дзіць1 ’настройваць’: radzić krosny ’укідаць у ніты і бёрда і затыкаць’ (Варл.), радзі́ць ’прыбіраць, упрыгожваць’, радзі́цца ’прыбірацца, апранацца’ (ТС), ст.-бел. радити ’падрыхтоўваць’ (Аповесць пра Трыплана). Сюды ж раджаный ’падрыхтаваны для ткацтва’, ’вытканы з узорамі’ (Юрч. СНЛ), рус. ряди́ться ’святочна апранацца’, укр. ряди́тися ’збірацца’, ’рыхтавацца’. Да прасл. *rędъ (> бел. рад1), *ręditi, першапачатковым значэннем якога было, відаць, ’прыводзіць у парадак’, ’парадкаваць’, параўн. укр. ряди́ти ’парадкаваць’, ’прыводзіць у належны выгляд’, в.-луж. rjadować ’ставіць у рад’, ’прыводзіць у парадак’, серб. ре́дити, харв. réditi ’тс’, балг. редя́ ’тс’. Развіццё семантыкі ішло наступным чынам: ’ставіць у рад’ > ’парадкаваць’ > ’упрыгожваць’.

Ра́дзіць2 ’даваць раду’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., навагр., ашм., ваўк., Сл. ПЗБ; Гарэц., Мал., Шпіл., Бес.), ’рабіць’ (Ян.), ра́дзіцца ’прасіць рады’, ’мець раду, раіцца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́дца ’той, хто раіць, дарадца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. радити ’раіць’, укр. ра́дити ’даваць параду’, ’разам абмяркоўваць пытанні’, ’шукаць выйсця’, польск. radzić ’раіць, абмяркоўваць’, radzić się ’радзіцца’, в.-луж. radzić ’раіць’, чэш. řadiť ’тс’. Да ра́да (гл.), якое з’явілася на аснове значэння ’рабіць’.

Радзі́ць1 ’нараджаць’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Варл.), родзі́ць ’тс’ (ТС), ’весціся’ (смарг., Сл. ПЗБ), радзі́ць, родзі́ці, роды́ты ’нарадзіць’, ’урадзіць’ (калінк., навагр., лід., свісл., віл., в.-дзв., пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), радзі́цца ’нарадзіцца’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), рус. роди́ть, укр. роди́ти, польск. rodzić, палаб. rudi să (3 ас. адз. л. цяп. ч.), в.-луж. rodźić, н.-луж. roźiś, чэш. roditi, славац. rodiť, серб. ро̀дити, харв. roditi, славен. roditi, макед. роди, балг. родя, ст.-слав. родити. Прасл. *roditi, звязана з род1 (гл.), параўн. лат. radît ’радзіць, тварыць’, rads ’родзіч, радня, род’, далейшыя сувязі з ст.-інд. várdhati ’памнажацца, павялічвацца, набываць сілу’ (Фасмер, 3, 492; Бязлай, 3, 190; Шустар-Шэўц, 2, 1230; БЕР, 6, 146).

Радзі́ць2 ’прарэджваць’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ; Юрч. СНЛ), ’рэдка сеяць’ (Варл.), радча́ны ’прарэджаны’ (докш., Сл. ПЗБ). Ад рад1 (гл.) з пачатковым значэннем ’фарміраваць рады’ або ад рэдкі (гл.), г. зн. ’рабіць радзей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радно́, радні́на ’тоўстае палатно з пянькі або льняной пражы, а таксама выраб з такога палатна’ (ТСБМ), ’грубае саматканае палатно’ (Арх. Федар.), ’саматканая посцілка з грубай пражы’ (Сцяшк.), ’палатно, тканае ў чатыры ніты’ (Варл.), ’тканіна з рыззя, посцілка’ (гродз., ваўк., беласт., чэрв., Сл. ПЗБ), ’грубае ільняное палатно, рэдка вытканае; прасціна або накрыўка на ложак з такога палатна’ (Федар.), ’атрэп’е’ (чэрв., Сл. ПЗБ), родно́ ’тс’ (ТС; драг., ЖНС), радні́на, радны́на ’грубае, даматканае палатно’ (Сл. ПЗБ, Касп.), радня́ны ’зроблены з радна’ (ТСБМ), радня́ны, радніно́вы ’зроблены з грубага палатна’ (пін., паст., Сл. ПЗБ), радня́ніца ’ніткі з адходаў ільну’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, радавы́ ’зроблены з грубай ільняной пражы’, радаво́е ’тканіна, вытканая ў рады’ (Сл. Брэс.), радаво́я ’пачаскі’ (баран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. рядно, редно, рѧдно ’тоўстае палатно з ільняной або канаплянай пражы’, рус. дыял. редно́, рядно́, редни́на, редови́на, рядови́тина, редчи́на ’грубае палатно на рэдкай аснове для посцілак, мяшкоў’, польск. дыял. radno ’тканае ў рады палатно з дрэнных нітак’ (з беларускай мовы). Існуе некалькі версій паходжання слова. Даль звязвае назву са словам рэдкі (Даль, 3, 1763), гл. Праабражэнскі (2, 230) падае як утварэнне ад рад (гл.). Чумакова сцвярджае, што слова з’яўляецца назвай складанага спосаба ткання ўручную, пры якім атрымліваецца тканіна з перапляценнем у выглядзе касых прыступкавых радкоў, параўн.: рядны́й — тканый нарочито рядами (Нас., 571). Улічваючы гэта, яна прапануе разглядаць слова радно як субстантываваную форму прыметніка ра́дны, які быў утвораны на базе назоўніка рад, звязанага з абазначэннем асобай тэхнікі ткання і асобай фактуры тканіны. Такое тоўстае і шчыльнае палатно выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэбаў — на посцілкі, мяшкі, і з часам набыло значэнне ’грубая саматканая тканіна для гаспадарчых патрэбаў’. Замацаванню утварэння на ‑но (радно) спрыяла тое, што ў групе назваў саматканак ужо былі тэрміны тыпу сукно, палатно (Чумакова, Этимология–1968, 171–175). Аднак формы тыпу радаво́я ’пачаскі’ і асабліва радно́ ’атрэп’е’, параўн.: як трапаеш — атходзіць радно (чэрв., Сл. ПЗБ), сведчыць пра першаснае аднясенне назвы да працэсу апрацоўкі ільну або пянькі для аддзялення матэрыялу больш высокай якасці ад звычайнага, радавога, параўн. ст.-слав. издрѧдьнъ ’надзвычайны’, рус. из ряда (вон) ’вышэйшай якасці, выдатны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́шата1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkърэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчыпа́ць, шчыплю, шчыплеш, шчыпле; незак., каго-што.

1. Моцна, з сілай зашчамляць скуру цела пальцамі і пад. Злосны гусак заўсёды шыпеў на .. [хлопчыка] і шчыпаў да сінякоў за лыткі. Лужанін. Начальнік разведкі злёгку шчыпаў .. [Надзю] за шчокі, прыкладаў да лба калючы халодны снег. Бураўкін.

2. Выклікаць адчуванне рэзкага калючага болю, свербу, пякоты і пад. Усё гатова: ранцы, лыжы — Дарэмна шчыплеш ты, мароз! Нядзведскі. Труба ад печы выходзіла ў столь, і бярвенне вакол трубы пацямнела і ад дыму, і ад гарачыні. Дым шчыпаў вочы. Арабей. Каля вуглоў завывае вецер і гоніць крупінкі сухога снегу, які балюча шчыпле твар. Мыслівец. / у безас. ужыв. [Наста] пастаяла ля ганка, пачакала, захінуўшыся каўняром ад ветру і схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавіц, рукі: шчыпала за пальцы. Пташнікаў. // перан. Прыносіць душэўны боль; абражаць. — А дзе ж гэта Кіеш? — запыталася [Люба] наўмысля, каб накіраваць на другое думкі Агапіны, бо слёзы яе і гаротнасць балюча шчыпалі за сэрца. Мурашка. Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Крыўда шчыпала сэрца. Мыслівец.

3. Церабіць, пацягваць, тузаць. Мы непрыкметна падрасталі, А іншы ўжо шчыпаў вусы, І лічыў іх гарой красы. Багдановіч.

4. Адрываць, вырываць што‑н. [Янак] адвярнуўся і пачаў шчыпаць вішні, якія, здавалася, самі прасіліся ў рот. Бажко. // Есці, з’ядаць што‑н., адрываючы пры дапамозе зубоў, губ, дзюбы і пад. А конь шчыпаў траву каля Івана. Колас. Бабка кажа: — Зайцы — вунь! Паганяйце — Шчыплюць рунь! Дзеружынскі. На зялёным лужку козы мірна шчыплюць траву. Няхай. // Вырываць пух, пер’е ў птушкі. Шчыпаць курыцу. // перан. Наносіць урон, страту; знішчаць каго‑, што‑н. [Дзед Бадыль:] Галавой яны належаць! Нашы хлопцы і самі іх [паноў] шчыплюць патроху. Крапіва.

5. Рвучы, раздзяляць што‑н. на часткі. Зося нахіляецца, зрывае рамонак, паволі шчыпле бялюткія пялёсткі. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́цца 1, шлецца; незак.

Зал. да слаць ​1.

сла́цца 2, сцялюся, сцелешся, сцелецца; незак.

1. Ляжаць на паверхні чаго‑н. Дыванамі слалася жоўтае лісце. Гурскі. І падаюць і сцелюцца сняжынкі на шляхі. Астрэйка. І тут [на сцежцы] снег быў некрануты, і сіняваты, і мякка, як крухмал, рыпеў пад нагамі, і зноў сляды чалавека слаліся акуратна і роўна. Кудравец. / Пра святло, цені і пад. З таго боку, адкуль чароўнай вясёлкай слаўся сонечны прамень, таксама пасыпаліся стрэлы. Кулакоўскі. Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Прыпадаць, схіляцца (пра расліны). Зблытаная дажджамі трава нізка слалася па зямлі. Сергіевіч. А поруч з пшаніцай, па другі бок дарожкі, зялёнай коўдрачкаю авёс сцелецца. Колас.

2. Ляжаць, рассцілацца на вялікай прасторы. Пойдзеш ты ў свет і людзі Хадою адважнай, Прад табою слацца будзе Край наш неабсяжны. Купала. Лог зялёным дываном слаўся да рэчкі. Пташнікаў.

3. Расці, распасціраючы галіны, сцёблы, лісце па паверхні чаго‑н. У садзе былі ўжо і такія яблыні, што голлем слаліся амаль па самай зямлі. Сабаленка. Пушыста ўецца-сцелецца густая дзераза. А. Александровіч.

4. Паволі распаўсюджвацца па паверхні або над паверхняй чаго‑н. На школьным двары было яшчэ многа дыму, ён слаўся па здратаванай, уезджанай траве. Кулакоўскі. Шэрыя хмары над лесам сцелюцца, Вецер снягамі палі заносіць. Кірэенка. Над прасцягамі заросшай дрыгвы слаўся рэдкі туман. Краўчанка. Над жытам, над прыдарожным ракітнікам слаўся густы пыл. Грахоўскі. Прахалода найбольш адчувалася ля рэчкі. Лёгкі халадок слаўся па зямлі, пашчыпваў падэшвы, бадзёрыў. Хадановіч. / Пра вечар, змрок. Па полі ўжо слаўся густы змрок. Мележ. / Пра гукі. З узгорка несліся насустрач сонцу словы гімна, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі. Галавач.

5. Лятаць, хутка бегчы, выцягнуўшыся ў імклівым руху. Ластаўкі неяк дзіўна сцелюцца каля самай зямлі. Гарбук. А за ворагам казакі Віхрам слаліся ў пагоні. Гаўрусёў.

6. Рыхтаваць, слаць сабе пасцель. Мы сцелемся ў халодных сенцах на нейкіх нізкіх скрынях. Чорны.

7. Зал. да слаць ​2.

•••

Лістам слацца — выдыгаць перад кім‑н., падлізвацца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)