го́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Хуткі, імклівы ў руху. Праз.. лазнякі прасвечвала гонкая плынь ракі. Савіцкі. Вясна з шырокіх даляў Прыслала гонкія вятры. Кляўко. // Які мае лёгкі ход; шпаркі. Гонкія чаўны. □ Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Над роднай старонкай. Купала.

2. Высокі, роўны, выносісты. Гонкія маладыя сосны, як на парадзе, адна ў адну, імчацца насустрач цягніку, ледзь-ледзь гойдаюцца ў верхавінні і знікаюць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздрабі́ць, ‑драблю, ‑дробіш, ‑дробіць; зак., што.

1. Разбіць, раскалоць на дробныя часткі. Раздрабіць шкло. □ Здавалася, вось-вось плынь сарве чалавека, закружыць яго, раздробіць аб камяні галаву. Даніленка. / у безас. ужыв. Левае плячо ў Мальца было прыкметна ніжэй за правае — у вайну разрыўною куляй яму раздрабіла лапатку. Дамашэвіч.

2. Раздзяліць на часткі, групы; расчляніць. Раздрабіць сілы праціўніка.

3. Выразіць больш дробнымі адзінкамі. Раздрабіць метры ў сантыметры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ўніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Здзейсніць, ажыццявіць; выканаць. Цішком .. [Міхалка] рыхтаваўся споўніць тое, што задумаў. Колас. Якое яно, сумленне? Калі працаваць, без лені, Калі даваць, поўняй, Калі абяцаць, споўніць. Лойка.

спо́ўніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Кніжн. Напоўніць. [Алесь] пачаў глуха: сэрца перашкаджала. Але плынь радкоў, як заўсёды, супакоіла яго, а тое, аб чым ён хацеў гаварыць, споўніла душу нязнанай пяшчотай, болем і любоўю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́лічны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны велічы (у 2 знач.), урачыстасці; грандыёзны. Велічная мэта. Велічны помнік. Велічная дэманстрацыя. □ Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная і велічная. Шамякін. У натхнёным, У велічным гімне неабсяжная наша зямля. Вітка. Велічныя капры ўзвышаюцца над усім наваколлем, і толькі новая тэлевізійная вышка можа трохі раўняцца з імі. Кулакоўскі.

2. Важны, горды; поўны ўласнай годнасці. Велічная поза. □ Цётка Палашка.. кідала велічны позірк на сваіх падначаленых. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімвалі́зм, ‑у, м.

1. Антырэалістычная плынь у літаратуры і мастацтве канца 19 — пачатку 20 стст., якая культывавала адрыў мастацтва ад рэальнага жыцця, абвяшчала сваім мастацкім прыёмам сімвал як выразнік недаступнай розуму сутнасці рэчаў і з’яў. Філасофская, эстэтычная прырода дэкадэнцкіх плыней сімвалізму і імпрэсіянізму не аказала прыкметнага ўздзеяння на ідэйна-творчыя пазіцыі Купалы і іншых беларускіх пісьменнікаў. Навуменка.

2. Тое, што і сімволіка (у 1 знач.). Сімвалізм вясельных абрадаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Triebплынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́несці, -несу, -несеш, -несе; -нес, -несла; -несі; -несены; зак.

1. каго-што. Несучы, выдаліць адкуль-н., аднесці за межы чаго-н.

В. мэблю з кватэры.

2. каго-што. Перамясціць куды-н., высунуць.

Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі.

В. пытанне на сход (перан.). В. дробавы лік за дужкі.

3. перан., што. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства з чым-н.

В. ўражанне.

4. перан., што. Прыняўшы рашэнне, аб’явіць (афіц.).

В. падзяку.

В. пастанову.

В. прысуд.

5. што. Вытрымаць, выцерпець.

Цяжка было в. гэта гора.

Не мог в. грубасці.

Ледзь вынесці ногі (разм.) — з цяжкасцю пазбегнуць небяспекі, выратавацца.

|| незак. выно́сіць, -но́шу, -но́сіш, -но́сіць.

|| наз. вы́нас, -у, м. (да 1 і 2 знач.) і вынясе́нне, -я, н. (да 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кіру́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і напрамак (у 1 знач.). Самалёт Бурмакова ўзяў кірунак на поўнач. Шыцік. Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас.

2. перан.; чаго або які. Шлях развіцця, накіраванасць якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Кірунак навуковай дзейнасці. Кірунак палітыкі. □ Загаварылі пра сям’ю, і гаворка адразу набыла іншы кірунак. Пальчэўскі.

3. Грамадская, навуковая, літаратурная і пад. плынь; школа, групоўка. Літаратурныя кірункі. □ Часцей матэрыялы пра творчасць Я. Купалы з’яўляліся ў друку левага кірунку. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъплынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tokплынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазнава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пазнавання, да пазнання чаго‑н.; які служыць для пазнавання, пазнання. Пазнавальная дзейнасць чалавека. □ Сіла рамана «Глыбокая плынь», яго пазнавальнае і выхаваўчае значэнне ў праўдзівасці адлюстравання гераічных спраў нашага народа ў самы цяжкі перыяд яго гісторыі, у глыбокім савецкім патрыятызме і гуманізме. Гіст. бел. сав. літ.

2. Які даступны пазнанню. Для Фейербаха «рэч у сабе» ёсць «абстракцыя з рэальнасцю», г. зн. свет, які існуе па-за намі, у поўнай меры пазнавальны і які нічым прынцыпова не адрозніваецца ад «з’явы». Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)