Гарэць ’гарэць’ (ужываецца таксама ў значэнні ’цвісці’ — Шат., Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́ть, укр. горі́ти, польск. gorzeć, серб.-харв. го̀рети, ст.-слав. горѣти і г. д. Прасл. *gorěti, *gorʼǫ ’гарэць’ (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 42) звязана з прасл. *grěti, *gъrnъ, *žarъ. У аснове ляжыць і.-е. *guher‑: *guhor‑ ’гарачы, паліць і да т. п.’ Параўн. літ. garė́ti ’гарэць’, ст.-інд. háras ’жар’, ghṛṇóti ’гарыць, свеціць’, ст.-грэч. θέρομαι ’рабіцца гарачым’. Трубачоў, Эт. сл., 7, 42–43; Слаўскі, 1, 322–323; Фасмер, 1, 441; Траўтман, 79.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гліст ’гліст’ (БРС). Слова, вядомае ў слав. мовах у двух варыянтах: *glista, *glistъ. Параўн. рус. глиста́, глист, укр. глиста́, глист, чэш. hlísta, hlíst, польск. glista, балг. глист, глиста́, серб.-харв. гли́ста, гли̑ст і г. д. У слав. мовах гэта лексема, акрамя ’гліст’, азначае таксама ’чарвяк, дажджавы чарвяк і да т. п.’ Лічыцца роднасным з прасл. лексемамі *glěvъ, *glьjь (гл. глей). Першапачатковае значэнне ’штосьці слізкае’. Агляд форм і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 128–129. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 284–285; Бернекер, 1, 304; далей БЕР, 4, 249.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гразі́ць ’гразіць’. Прасл. *groziti ’гразіць і г. д.’ (агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 143): рус. грози́ть, укр. грози́ти, балг. грозя́, серб.-харв. гро̀зити. Дзеяслоў утвораны ад прасл. *groza ’страх; жах; штосьці страшнае; пагроза’; параўн. бел. граза́ ’граза; навальніца’, укр. гроза́, рус. гроза́, чэш. hrůza ’страх, жах’, польск. groza ’небяспека’, балг. гроза́ ’штосьці страшнае’, ст.-слав. гроза ’жах’. Магчыма, гукапераймальнага паходжання (*g‑r‑g̑‑: параўн. грэч. γοργός ’страшны’). Трубачоў, там жа, 141–142 (з аглядам літ-ры). Сюды ж адносіцца і бел. прыметнік гро́зны (прасл. *grozьnъ, гл. Трубачоў, там жа, 144).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Грамада́ ’натоўп, гурт; вясковая абшчына’ (БРС, Шат.), таксама грама́да (Касп.). Прасл. *gromada (: *gramada). Параўн. рус. грома́да, укр. грома́да, польск. gromada, чэш. hromada, далей паўд.-слав. (пераважна ў значэнні ’куча’, ’каменне’, ’гара’ і да т. п.): балг. грома́да, серб.-харв. гро̀мада, грома́да, славен. grmáda, gromáda. Роднаснае: ст.-інд. grāma‑ ’натоўп, гурт; вёска, абшчына’, лац. gremium ’бярэмя, ахапак, звязак’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 103; Фасмер, 1, 460–461, Слаўскі, 1, 347–348 (апошні спецыяльна адзначае сувязь з балт. мовамі, аднак Трубачоў, там жа, мяркуе, што літ. grãmatas хутчэй запазычанне са слав.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гу́ля, гу́ла ’гуля’ (БРС). Рус. гуля, укр. гуля, польск. gula і г. д. Прасл. *gulʼa ’тс’ (агляд семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 169–170). Лічыцца звязаным са ст.-інд. gōla‑ ’шар’, ст.-ісл. kúla ’шар, мяч, гуля’ і інш. Гл. Фасмер, 1, 473 (там агляд версій). Бернекер (1, 362) прапануе іншую версію; сувязь з серб.-харв. гу́лити ’здзіраць скуру, кару’. Гэта тлумачэнне, якое Слаўскі (1, 376) лічыць няпэўным, Трубачоў (там жа, 170) лічыць верагодным.
Гу́ля ’голуб і галубка’ (Нас.). Відаць, ад гукапераймальнага гулю‑гулю (Нас.), якім прынаджваюць голуба.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гі́ліць ’біць мяч гілкай’, гілка ’палка, якой падкідваюць мяч у час гульні’ (Бяльк.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) вельмі непераканаўча аб’яднаў пад праформай *gyliti далёкія па семантыцы словы: серб.-харв. ги̏лити ’шчыкатаць’, ги́льати ’хадзіць па гразі, вадзе, снегу’, рус. дыял. ги̏лить ’смяшыць, балакаць’ і рус. дыял. паўд. ги́лить, гыли́ть ’падкідваць мяч’, укр. гили́ти ’падбіваць мяч гилкою’. Лепш меркаваць, што ў бел. мове і паўд.-рус. гаворках гэта проста запазычанне з укр. Параўн. укр. ги́лка, гі́лка ’галінка; палка для падбівання мяча; гульня ў мяч’. Непераканаўча таксама (аб укр. словах) Рудніцкі, 1, 614.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзі́ва ’дзіва’. Параўн. рус. ди́во, укр. ди́во, польск. dziwo, серб.-харв. ди̑во, ст.-слав. диво. Прасл. *divo ’тс’. Сувязі са слав. *divati, *diviti, *divъ. Гл. Фасмер, 1, 513; Бернекер, 1, 202–203; Трубачоў, Эт. сл., 5, 33–34. Параўн. мн. л. у рус. дыял. дивеса́. Магчыма, бел. дзіво́сны паходзіць ад дзіво́сы (мн. л.), што нагадвае форму мн. л. у старых асноў на ‑es‑. Ад *divo ўтворан прыметнік на ‑ьnъ *divьnъ (бел. дзі́ўны і інш.). Агляд у Трубачова, Эт. сл., 5, 36–37. Таксама дзеяслоў *diviti, *diviti sę, паводле Трубачова (там жа, 33), утворан ад *divo.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́ўгі ’доўгі’ (БРС). Рус. до́лгий, укр. до́вгий, чэш. dlouhý, славац. dlhý, польск. długi, балг. дъ́л(ъ)г, серб.-харв. ду̏г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. форма *dьlgъ ’доўгі’. Праславянская лексема мае вельмі надзейныя адпаведнасці ў і.-е. мовах. Параўн. ст.-інд. dīrghás, авест. darəga‑, ст.-перс. darga‑, грэч. δολιχός, літ. ìlgas, хец. dalugaeš (мн. л.). Вельмі цікавай з’яўляецца дакладная адпаведнасць вытворнага прасл. *dьlgostь ’даўжыня’ і хец. dalugašti‑ ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 524–525; Бернекер, 1, 251–252; Траўтман, 55; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 207–209 (з адпаведнай літ-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кве́цень 1 (ж. р.) ’кветкі (зборнае)’ (ТСБМ). Гл. квет.
Кве́цень 2 ’красавік’ (Нас., Сцяшк., Шатал.). Гл. квет. Бел. квецень памылкова разглядаецца як запазычанне з польск. kwiecień (Булыка, Запазыч., 145). У сапраўднасці гэта яшчэ праславянскае ўтварэнне: укр. квітень, рус. цветень, балг. цветен, серб.-харв. цветан, польск. kwiecień, чэш. květen, славац. kveteň. Суфіксальная дэрывацыя празрыстая: прасл. květ‑ьn‑jь. Прадуктыўны славянскі суфікс назоўнікаў ‑jь пашырае не менш прадуктыўны суфікс прыметнікаў ‑ьnъ. Назва месяца тады тлумачыцца як ’месяц цвіцення’ (Слаўскі, 3, 486; Краўчук УМШ, 1955, 3, 61; Шаур, Этимология–1971, 95).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кла́сці 1 ’надаваць чаму-небудзь ляжачае становішча, змяшчаць куды-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., ТС, Бяльк., Сцяшк., Гарэц., Ян.). Укр. класти, рус. класть ’тс’, ст.-слав. класти, балг. клада, макед. кладе, серб.-харв. кла̏сти, славен. klásti ’тс’. Прасл. klasti мае адпаведнік у балтыйскіх мовах: літ. klóti ’рассцілаць’, лат. klât ’пакрываць’. Славянскае ‑d‑ у klasti (klad‑ti) адносіцца да асновы цяперашняга часу. Яно фіксуецца ў аддзеяслоўных назоўніках (літ. klõdas). Гл. клад (Трубачоў, Эт. сл., 9, 187–189).
Кла́сці 2 ’апранаць’ (Сцяшк.). Улічваючы значэнне, калька з балт. Параўн. лат. klât ’пакрываць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)