змахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Махнуўшы чым‑н., зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. Змахнуць пыл. Змахнуць крошкі са стала. □ Стася .. непрыкметна змахнула рукавом буйную слязу. Пальчэўскі. // Скінуць, збіць узмахам рукі. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Лынькоў. // Лёгкім махам ачысціць што‑н. ад пылу, бруду і пад. Душэўна прывітаўшы госця ўсмешкай, жанчына змахнула фартухом услон каля стала і запрасіла Курловіча прысаджвацца. Дуброўскі.
2. Разм. Рэзкім рухам зняць, скінуць з сябе (адзенне, абутак). Хлопец усміхнуўся.. шырока і радасна, на хаду змахнуў са сваіх плеч паддзёўку. Кулакоўскі.
3. Разм. Зжаць, скасіць, прыбраць і пад. хутка, без затрымкі. [Жанчыны] адным духам змахнулі ячмень. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знайсці (у 1 знач.). Знаходка абоймы выклікала ў хлопца паток самых неверагодных, фантастычных думак. Гамолка.
2. Р мн. ‑дак. Знойдзеная рэч, прадмет і пад. Летась, купаючыся, напаткаў .. [Андрэй] выпадкам гэты дуб у пяску на дне Нёмана. Пачаў тупаць каля яго, зацікавіўся знаходкаю. Колас. // перан. Што‑н. новае, створанае, знойдзенае ў працэсе творчага пошуку. Паэтычныя знаходкі. □ У рэпартажы ёсць цікавыя моўныя знаходкі. «ЛіМ».
3. Пра каго‑, што‑н. удала знойдзенае, набытае і вельмі патрэбнае для каго‑, чаго‑н. — Тут кожны чалавек дораг, а ты, таварыш Кручын, для нас — проста знаходка. Хадкевіч. Муляр 7‑га разраду — знаходка для кожнай будоўлі. Дадзіёмаў.
•••
Стол знаходак гл. стол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зня́цца, знімуся, знімешся, знімецца; зак.
1. Пакінуць якое‑н. месца, адпраўляючыся ў дарогу. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. Раніцаю тавар зняўся з месца. Лупсякоў.
2. Вызваліцца ад чаго‑н. і набыць магчымасць рухацца (пра судна). Зняцца з якара. Зняцца з мелі.
3. Сцягнуцца, ссунуцца (пра адзенне, абутак). Боты лёгка зняліся.
4. Аддзяліцца, злезці з якой-небудзь паверхні. Грым лёгка зняўся. Кара знялася з дрэва.
5. Саскочыць з чаго‑н. (пра што‑н. навешанае). Дзверы зняліся з завесаў.
6. Сфатаграфавацца. Дэлегаты зняліся каля турэмнай сцяны. Галавач. // Прыняць удзел у кіназдымцы, выканаўшы якую‑н. ролю. Зняцца ў кінафільме.
•••
Зняцца з уліку — перастаць быць на ўліку дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шак, ‑шку, м.
1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.
2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.
Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.
Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.
•••
Звонкая манета гл. манета.
зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.
1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́печак, ‑чка, м.
1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.
2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.
3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разле́гчыся, ‑лягуся, ‑ляжашся, ‑ляжацца; пр. разлёгся, ‑ляглася, ‑лося і ‑леглася; заг. разляжся; зак.
Разм.
1. Легчы, свабодна раскінуўшыся, выцягнуўшыся. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разлеглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Зіну знайшоў Валодзя, шапнуў бадзёрае: — Зараз пераб’ём фашысту сон, маленькі перапалох устроім, а то разлёгся тут у нас, як дома. Ваданосаў.
2. перан. Заняць вялікую прастору; раскінуцца. Ад Курыльскіх сопак і наўсцяж да Гродна неабдымнай сушай край разлёгся родны. А. Вольскі. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка. Разляглася вёска Хатамі ў рад. Іверс.
3. Раздацца, далёка пракаціцца. Па лесе разлёгся вясёлы смех. Шчарбатаў. [Толік] .. паставіў касу, утыркнуўшы яе касавільнам у зямлю, узяў у руку мянташку. Жах! Жах! Жах! — звонка разлеглася рэха на поплаве. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сканцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Сабраць, згрупаваць у адным якім‑н. месцы. Сканцэнтраваць на малацільных таках пажарную тэхніку. □ [Бярозін:] — Загадваю сканцэнтраваць сілы вашых брыгад у раёне навасёлкаўскай грэблі і сёння ў дваццаць чатыры нуль-нуль распачаць прарыў у кірунку Навасёлак. Шчарбатаў. // Скіраваць у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). У дваццатых чыслах красавіка, раніцою на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэя, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Колас. // Увасобіць, змясціць у сабе. Напластоўваючы вобразы, каб сканцэнтраваць сутнасць рэальных фактаў жыцця Антанюка, .. пісьменнік ідзе дарогай, што вядзе да эстэтычнага ідэалу. «Полымя».
2. перан. Скіраваць на што‑н. (увагу, думку і пад.). Усю ўвагу [Ваня] сканцэнтраваў на прылізаным чалавеку, што сядзеў каля акна. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)