Трыбло́, трэбло́ ‘жывот, страўнік (жывёлы)’ (Рэг. сл. Віц.), ‘пуза, трыбух’ (ТС), трэбло́ ‘тоўсты, няўклюдны і прагны да яды’ (Растарг.), тры́бло ‘пузаты’ (Зайка Кос.), ‘трыбух’ (пін., ЖНС), трабло́ ‘жывот, чэрава’ (Мат. Гом.), трубло́ ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1), трыбла́ты, трэбла́ты ‘чэраваты’ (лун., стол., лельч., ЛА, 1; лельч., Нар. лекс.; шуміл., Сл. ПЗБ), ‘тоўсты’ (Сцяшк. Сл., ТС), ‘трыбухаты, з вялікім чэравам’ (кам., Сл. ПЗБ), трыбла́тый ‘тс’ (лун., Шатал.; кам., Жыв. НС), трібластый ‘тс’ (сен., ЛА, 1), трубла́ты ‘тс’ (ельск., там жа). Укр. три́бло ‘вялікі ненасытны жывот’, ‘чалавек, які шмат есць’, рус. пск., смал. требло́ ‘вялікі жывот; тоўсты чалавек, прагны да яды’. Няясна. На сувязь з требух (гл. трыбух) указвае ЕСУМ, 5, 626. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 135), слова запазычана з літ. driblà ‘той, хто вялікі’, ‘тое, што вялікае’, параўн. і літ. tribuliúoti ‘мяць’. Як праславянскі дыялектызм разглядае *treb(ъ)lo Трубачоў (Труды, 1, 284), роднасны лац. strebula ‘мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’. Гл. таксама трубло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

про́мах, ‑у, м.

1. Выстрал або ўдар міма цэлі; непападанне ў цэль. Біць без промаху. □ Не ведае промаху куля чэркеса. Броўка. Промах — мяч ляціць у ваду і вось ужо гайдаецца на хвалях, даволі хутка ўцякаючы ад берага. Брыль.

2. перан. Памылка, хіба. У рамястве.. [Васіль] быў здатны, прыкметлівы, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасцей. Кулакоўскі. Я не збіраюся ідэалізаваць парторга Абраменкава. Ёсць і ў яго рабоце свае недахопы, промахі: вельмі гэта тонкая і складаная справа — партыйная работа. Дадзіёмаў.

•••

Не промах — лоўкі, кемлівы, які не ўпусціць свайго. [Стары Верас:] Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

электры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да электрычнасці. Электрычны зарад. Электрычнае поле. □ Для награвання газу ў камеры выкарыстоўваецца электрычны разрад выключнай магутнасці. «Маладосць». // перан. Нечаканы і моцны. Праняла электрычная дрож, Бацька сціснуў нервова нож І крануўся ісці да дзвярэй. Глебка.

2. Які праводзіць, дае электрычнасць. Электрычная батарэя. Электрычны акумулятар. □ Электрычная станцыя — не навіна, Сёння шмат іх па рэках стаіць, не адна. Куляшоў. // Звязаны з перадачай электраэнергіі, з яе рухам. Для таго, каб не парушыць электрычнай праводкі школьнага званка, паралельна яго выключальніку падключаюць электрычную разетку і замацоўваюць яе непасрэдна пад выключальнікам. «Маладосць».

3. Які дзейнічае пры дапамозе электрычнасці. Электрычны матор. Электрычная печ. □ Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухалі нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычная тачылка. Гартны.

4. Які служыць для вырабу апаратуры, машын і пад., што працуюць на электрычнасці. Электрычная прамысловасць.

5. Звязаны з выкарыстаннем электраэнергіі. Электрычныя метады разведкі каштоўных выкапняў.

6. Які мае орган, што ўтварае разрады электрычнасці (пра рыб). Электрычны скат. Электрычны вугор.

•••

Электрычная дуга гл. дуга.

Электрычная іскра гл. іскра.

Электрычная лямпа гл. лямпа.

Электрычны імпульс гл. імпульс.

Электрычны стул — у ЗША — прыстасаванне для выканання смяротнага прыгавору пры дапамозе электрычнага току высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страка́цець ​1, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваёй стракатасцю; пярэсціцца. І толькі калі [Ніна] зірнула ў акно, зразумела — поезд, змяншаючы хуткасць, падыходзіў да станцыі: перад вачыма разгаліноўваліся бліскучыя ад сонца рэйкі, а ўдалечыні ўжо стракацелі цагляныя і драўляныя будынкі прыгарада. Сіўцоў. На .. [хлопцах] былі таксама вузкія дудачкай штаны, з-пад якіх стракацелі шкарпэткі. Асіпенка. // чым або ад чаго. Быць, здавацца стракатым, рознакаляровым (ад чаго‑н.). Імшары стракацяць рознакаляровымі сыраежкамі, бабкамі, падасінавікамі. Сачанка. Пчаліныя хаткі стракацелі рознай афарбоўкай між пабеленымі стваламі яблынь. Пестрак. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў. Берагі ракі стракацелі ад птушак, што, здавалася, зляцеліся сюды з усіх джунгляў. Хомчанка.

2. Станавіцца стракатым. Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі. Мележ.

страка́цець ​2, ‑ціць; незак.

1. Часта трапляцца на вочы, мільгаць перад вачыма. На паплавах стракацеў дзяцельнік, тырчалі галоўкі адуванчыка, у нізінах паміж асакою жаўцела лотаць. Гурскі.

2. чым. Змяшчаць шмат таго, што часта паўтараецца. І толькі параўняўся .. [Джыавані] з газетным кіёскам, які стракацеў вокладкамі розных часопісаў, як востры боль прастроміў яго плячо. Лынькоў. // перан. Змяшчаць шмат чаго‑н. аднароднага, што часта паўтараецца. Друк нацыянальна-вызваленчага руху стракацеў строфамі і вобразамі Купалы, асабліва ў допісах з месц. Таўлай. Таўбін любіў ужываць словы-абрубкі, яго юныя вершы часамі стракацелі іншамоўнымі слоўцамі. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Стан паніжанай жыццядзейнасці, які наступае ў некаторых млекакормячых у неспрыяльную для іх пару года. Упасці ў спячку. Летняя спячка. □ Нарэшце, дзеці рашылі пакінуць вожыка на тыя самым месцы, якое ён аблюбаваў сабе на час доўгай зімовай спячкі. Стаховіч. // Пра здранцвенне халаднакроўных жывёлін. Спячка жаб. / у перан. ужыв. Вось і аблогі. Шмат гадоў ляжалі яны некранутымі, парослыя хмызняком ды рэдкай сухой травой. Ні карысці, ні радасці не было ад іх людзям. Але сёлета прыйшоў канец іх спячцы. Так парашылі калгаснікі. Бяганская.

2. Разм. Неадольная санлівасць. // перан. Стан душэўнага здранцвення; бяздзейнасць, пасіўнасць. І толькі тады абудзіўся [Казімір] ад горкай спячкі, калі пачуў адну навіну, якую ўсе людзі ў аколіцы лічылі звычайнай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Агульны, сумесны. Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны .. Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці. Колас. Людзі ў згодзе супольнай На дарогі, сцяжыны Выйшлі з песняю вольнай, Дзень сустрэлі зажынак. Калачынскі.

2. Які ажыццяўляецца сумесна з кім‑н. [Камандзір:] — Збяромся мы. .. і абмяркоўваем якую-небудзь супольную баявую аперацыю. Брыль. Мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа. Лужанін. Ёсць хлеб і тавар, Станкі і машыны Для працы супольнай. Калачынскі.

3. Які належыць усім або некалькім, аб’ядноўвае ўсіх, некалькіх. Супольная маёмасць. □ Вось чаму кожны лічыць за высокі гонар атрымаць акрайчык караваю і тым самым далучыцца да супольнага скарбу. Усікаў. Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Танк.

4. Аднолькавы з кім‑н., уласцівы каму‑н. адначасова з іншымі. Супольныя інтарэсы. / у знач. наз. супо́льнае, ‑ага, н. Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаро́жнік ​1, ‑а, м.

1. Чалавек, які падарожнічае, вандруе; вандроўнік. Шматлікія гарадскія ратушы, саборы, храмы, палацы вабяць падарожніка. Сачанка. Дапытлівых і смелых вабяць і клічуць дарогі! Адных чакаюць нязведаныя сцежкі падарожнікаў і даследчыкаў, другіх — паветраныя прасторы, трэціх — марскія шляхі. Шыловіч.

2. Той, хто знаходзіцца ў дарозе. Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прастачок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі. Якімовіч. Хімка навучала сына Адася.., каб добра пільнаваў хату, — бо .. яны жылі канцавымі і шмат заходзіла падарожнікаў. Гурскі.

падаро́жнік ​2, ‑у, м.

Тое, што і трыпутнік. Дарогі той нідзе не было.., было звычайнае поле, якое зарасло скрозь лапушыстым падарожнікам, рамонкам, сівым купчастыя палыном... Сачанка. Двор увесь зарос падарожнікам, густым, цёмным. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агу́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць. Агульная справа. □ — Хлопцы, дзяўчаты, давайце танцаваць! Агульныя танцы! — камандаваў Андрэй. Дуброўскі.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны. Дубейка пахадзіў па парабках, гаворачы, што трэба заводзіць агульную гаспадарку. Скрыган. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. А паглядзіце на гуменца — Прад ім старыя гумны — тлен. Прасторна, светла ў ім, утульна. Зірнеш — каўказская гара. А колькі зложана дабра. То — ўсё калгасны скарб агульны. Колас. // Прызначаны для сумеснага карыстання. Агульная кухня. □ Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час’заўсёды шмат збіралася людзей. Чорны.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую‑н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае. Агульны сход. Агульны збор.

4. Аднолькавы, уласцівы каму‑н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх). Агульная задача. Агульная мэта. □ Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным. Колас. Доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых. Лынькоў. У Данусі і ў радысткі я знаходзіў штосьці агульнае. Карпюк. Розніца эпахальная! Але пры гэтай гістарычнай розніцы агульным паміж паэтамі [Міцкевічам і Купалам] было тое, што яны жылі інтарэсамі народа. Палітыка. / у знач. наз. агу́льнае, ‑ага, н. Шмат агульнага маюць яны [навелы] з фальклорнымі казкамі. Казека.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал. Агульнае правіла. Агульныя недахопы. □ Так, бяда наша агульная, і выбрацца з яе нялёгка, — загаварыў адзін камандзір. Новікаў. Да агульнага страху за хлопцаў і да гордасці імі ўпляталася.. няўпэўненасць у тым, што і цяпер у іх нешта выйдзе. Брыль. // Які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння. Агульны вагон. Агульны стол. Агульная адукацыя. □ — Нічога, — сказала маці. — Набудзе ў ізалятары дзень, а потым у агульны цялятнік пусцім [цялушку]. Яна ж амаль здаровая ўжо. Даніленка.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны. Агульны аб’ём вытворчасці. Агульная плошча пасеваў. □ Гэта быў напрамак галоўнага ўдару. Ад удачы тут залежаў агульны поспех аперацыі. Шамякін.

8. Які датычыцца асноў чаго‑н. Агульны курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей. Агульнае ўражанне. Агульны ход падзей. Агульны план экспедыцыі. □ Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма. Чорны. // Галоўны, вызначальны, асноўны. Агульная накіраванасць твора. Агульны напрамак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны. Агульныя распараджэнні. Агульныя апісанні. □ Надзя суцяшала як магла, але сама адчувала, што ўсе гэтыя суцяшэнні, супакаенні былі такімі агульнымі, такімі ўмоўнымі, што яна і сама ў іх не верыла. Лынькоў.

•••

Агульны рынак гл. рынак.

Агульнае месца гл. месца.

(Знайсці) агульную мову гл. мова.

Прывесці да агульнага назоўніка гл. прывесці.

У агульных рысах гл. рыса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лапата́ць 1, лопота́ць ’удараць па паверхні чаго небудзь, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі’ (ТСБМ), ’біць па лісці, кары, па акне (аб дажджы)’ (КЭС, лаг.), ’нязвязна хутка гаварыць, расказваць’ (ТСБМ; міёр., Нар. лекс., КЭС, лаг.), ’гаварыць, размаўляць’ (Сл. паўн.-зах.), ’гаварыць на замежнай мове’ (ТСБМ), ’балбатаць, малоць глупства, барабаніць языком, гаварыць многа аб нязначным, пустым і без сэнсу’, ’крычаць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Шат., Нас.; докш., Янк. Мат., ТС, Сл. паўн.-зах.), ’узводзіць паклёп’ (Нас.), пух. ’грукатаць’, шальч. лапатацца ’абгаворваць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лопота́ти, рус. лопота́ть, польск. łopotać, славен. lopotáti, серб.-харв. лопо̀тати, ст.-слав. лопотивъ ’гугнявы’, ’балбатлівы’. Прасл. lopotati ’выдаваць гук пры ўдары, балбатлівую гаворку’, ’шумець’. З’яўляецца інтэнсівам з суф. ‑otati ад lopati > лопаць (гл.), утворанага ад гукапераймання lop! (Бернекер, 1, 732; Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). З іншым вакалізмам — ле́пет (Аткупшчыкоў, Из истории, 95). Сюды ж: лапатанне ’балбатанне, паклёп’ (Нас.), стаўб. лапатаньё ’тс’ (Нар. словатв.), лапата́ннік ’балбатун’, лапатня́ ’балбатня’ (трак., Сл. паўн.-зах., Юрч. Вытв.), лапатлівы ’балбатлівы’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), лапату́н ’балбатун, які шмат і без сэнсу хутка гаворыць’ (КЭС, лаг., Касп., Шат., Жд. 2, Нар. лекс., З нар. сл.), перан. лапатушка ’трактар’ (Мат. Гом.).

Лапата́ць 2 ’скубсці траву, дрэнна касіць (пра няякасна адкляпаную касу)’ (слонім., Сл. паўн.-зах.). Утворана ад лопат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)