Жу́жалкі ’частка кумпяка (бядра)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. жужулачкі, журжа1 ’назвы цацак, што робяцца з касцей парасячай ці авечай нагі’. Параўн. рус. дыял. раст. журжелка ’цацка з косці’, ’бабка (для гульні)’, ’доўгая, худая нага’, кур. жижки ’калені’ (націск?). Жу‑, як і ў іншых згаданых словах, можа ўзыходзіць да і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ (> *žu‑), прадстаўленага, напр., у літ. gur̃nas ’шчыкалатка; пятка; костка, што тарчыць’, лат. gùrns ’сцягно, кумпяк, костка сцягна, кумпяка’, хец. ku‑u‑tar (kuttar) ’верхняя частка пляча’, ісл. kjũka ’частка пальца’. Другое ж можа быць ці рэфлексам старога пашырэння ‑g‑, як у названай ісл. форме, ці паўтарэннем, ‑l‑ стары суфіксальны элемент, ‑ьk‑ новы суфікс. Покарны, 1, 393–398; Фрэнкель, 178–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́цепнік, паціпнік, пацапнік, пацяпнік, пацемнік, пацэпнік, поцепнік ’драбналессе, хмызняк, кусты’, ’густы невялікі лес’ (Нас., Мядзв., Юрч., ТС), слаўг. поцябнік, поцяпнік ’тс’ (Яшк.), ’дробныя, абцярэбленыя сукі; дробныя дровы з парасніку’ (Нас.; маг., Яшк.), ’дробны лес, які застаўся на месцы высечанага лесу’ (Касп.). Беларускае. Утворана, як і па‑рас‑нік ’малады лес’. У якасці роднасных іншаславянскіх лексем можна ўказаць польск. ciepać, ciepnąć, ćpać, ćpić ’кідаць, кінуць, ціснуць’, ’ударыць’, ’махнуць’ (параўн. фразу: Глядзі, які лес вымахаў/), якія можна зблізіць семантычна са значэннем бел. слова ’дробныя, абцярэбленыя сукі, дровы’. Другая група значэнняў ’драбналессе; густы, невялікі лес на месцы высечанага’ працягвае семантыку літ. stieptis ’выцягвацца, цягнуцца ўверх’, лат. stiepties ’тс’, ’расці’ пра хуткі рост. У гэтым выпадку можна бачыць балтызм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўз, поўз, пыўз ’па’, ’уздоўж’, ’непадалёку’, ’каля’, ’міма’, ’праз’, ’вакол’ (ТСБМ, Кар., Шат., Гарэц., Мал., Чуд.; чэрв., ДАБМ, к. 221; пух., раг., чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ), по̂з ’побач, міма, каля’ (Нікан.). Укр. повз ’міма’, рус. у прысл. поз‑доль, поз‑дол, повздоль ’уздоўж, паралельна’. Да па‑ (< прасл. po‑) і vz, — апошняе з прасл. ъz, да якога пазней далучылася v‑ як вынік зіяння (Мее, MSL, 20, 111; Гуер, Sb. filolog., 7, 23). Слав. vьz адпавядаюць літ. už‑, лат. uz‑ (ESSJ SG, 1, 276–281). Сюды ж паўзбоч, поўзбоч ’каля, уздоўж’ (ТС), ’у баку, каля’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), а таксама паўзбо́чча ’месца на схіле канавы, узгорка’ (Яшк.) і поўзверх ’па-над, блізка пад верхам’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прарэ́х, прарэ́ха ’разадранае або разрэзанае месца ў адзенні; дзірка’, ’пярэдні разрэз у штанах’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), прарэ́х ’агрэх (у полі)’ (Скарбы), прарэшка, прарэшак ’пятля для гузіка’ (Інстр. 3), ’незасеянае месца на полі’ (Сцяшк. Сл.; гродз., Шн. 3), ’каўнер кашулі’ (Нас.). Рус. проре́ха, проре́шина, проре́ховина ’распоратае або разадранае месца ў адзенні’, ст.-рус. прарѣха. Этымалогія няпэўная. Лічыцца дэрыватам з другасным ‑х‑ (як праха, рус. сваха) ад прорэ́заць (гл. Фасмер, 3, 376 і наст.). Праабражэнскі (2, 137) узводзіць слова да рус. редкий і спасылаецца на проредь. Параўноўвалі таксама са ст.-інд. rēkhā ’паласа, рыса’, лац. rīma ’расколіна, шчыліна’ (Ільінскі, РФВ 69, 16) і з лат. risums, rìsiens ’трэшчына, разрэз’ (Мацэнаўэр, LF, 14, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сом ‘рыба Silurus glanis L.’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС, З нар. сл.). Параўн. укр., рус. сом, польск. sum, ст.-польск. som, н.-луж. som, чэш., славац. sumec, серб.-харв. со̏м, славен. sòm, балг., макед. сом. Прасл. *somъ роднаснае літ. šãmes, лат. sams ‘тс’. Далей сувязі няясныя. Тапароў — Трубачоў (Лингв. анал., 247) прапаноўваюць у якасці крыніцы фін. sampi ‘асётр’, марыйск. šamba ‘мянтуз’. Параўнанне славянскага слова з лац. salmō ‘ласось, селядзец’ у Праабражэнскага (2, 355), Младэнава (593) абвяргаецца Фасмерам (3, 716). Гл. яшчэ Траўтман, 298; Фрэнкель, 962; Махэк₂, 592; Машынскі, Pierw., 188; Фрыск, 1, 771, а таксама Сной₁, 592, Борысь, 586 (узводзяць да і.-е. *kʼam‑ ‘палка, жэрдзь’); Каламіец, Рыбы, 106–109 (крытычны разгляд версій).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўпі́ць ’звальваць у адно месца; запіхваць у натоўп’ (Нас.), то́ўпіць ’змяшчаць, месціць’ (Ласт.), таўпі́цца ’змяшчацца; пхацца ў натоўп’ (Нас.), ’ствараць натоўп’, то́ўпіцца ’змяшчацца, збірацца; ісці клубамі (пра дым)’ (Сл. ПЗБ), ’нацягваць (пра хмары)’ (Пятк. 2), тоўпі́цца ’змяшчацца; гуртавацца’ (ТС), товпі́тісе ’збірацца’ (Вруб.). Параўн. укр. дыял. то́впити ’націскаць, натоптваць, напіхваць’, товпи́тися ’ўціскацца, упіхвацца’, рус. толпи́ться ’ствараць натоўп’, польск. дыял. tłopić, tłupić ’тс’, балг. тълпя́ се ’збірацца ў натоўп, глуміцца’. Прасл. *tъlpiti (sę)/*tьlpiti (sę), роднаснае літ. tilpti ’даваць месца, змяшчаць’, лат. tìlpt ’змяшчацца’, ірл. tallaim ’знаходжу месца’. Меркаванне пра запазычанне то́ўпіцца (параўн. і стоўпіцца ’змясціцца’, утоўпіцца ’тс’) з літ. talpìnti(s) ’змяшчацца’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73) без дадатковых аргументаў цяжка прыняць; параўн. талопіцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сці, па́стэ, па́сты ’упасці, быць пераможаным’, ’апусціцца’, ’здохнуць’, петрык. ’пахудзець’ (ТСБМ, Шатал., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; кам., Шатал.), па́сціся ’кінуцца пад ногі (аб сабаку)’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр. па́сти (паду́), рус. пасть, падать, польск. paść, н.-луж. padaś, в.-луж. padać, ст.-чэш. і зах.-чэш. pásti (padu), чэш. padati, славац. padať, славен. pásti (padem), серб.-харв. па̏сти (па̏днем), макед. падне ’ўпасці’, ’зайсці (аб сонцы, месяцы)’, паѓа ’падаць’, ’заходзіць’, балг. падна, ст.-слав. пасти (падѫ) ’пасці, падаць’. Прасл. pasti (padǫ) (з і.-е. *pōd‑); паводле Махэка₂ (425), прасл. аснова pad‑ узнікла ў выніку налажэння асновы ped‑ (ст.-інд. pādayatē ’падае, ідзе’, авест. avapasti‑ ’падзенне’, pasta‑ ’які загінуў’, ст.-в.-ням. gi‑feʒʒen ’упасці’) і pōl‑ (літ. pùlti, púolu, лат. pult, puolu, ст.-в.-ням. fallan, суч. fallen ’падаць, пасці’). Мюленбах-Эндзелін (3, 206) збліжаюць з под, з лац. pēs, pedis ’нага’, ст.-грэч. πώς, гоц. fōtus ’тс’.

Пасці́1, пасьць, пасті́, па́стэ ’пасвіць’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’сцерагчы’ (Мат. Гом.), пасці́ во́ка ’назіраць, цешыцца’ (КЭС, лаг.), па́сьціся ’пасвіцца’ (Бяльк.), па́стысь ’лётаць за ношкай’ (Нікан.). Укр., рус. пасти́, польск. paść, палаб. post, н-., в.-луж. pasć, чэш. pásti, славац. pásť, славен. pásti, серб.-харв. па̏сти, макед. пасе, балг. паса, ст.-слав. пасти, пасѫ. Прасл. pasti ’пасці’ з’яўляецца інфільтрацыяй італ. pas‑ ’тс’, а італ. pāstōr‑io‑s ’пастух’ дало прасл. мове pastyrь (гл. пасты́р), выцесніўшы ў гэтым значэнні балтыйскія па паходжанню goniti, gonъ (параўн. ст.-прус. guntwei, лат. giñti, ganýti, лат. dzît, ganît ’гнаць’, ’пасці’, літ. gãnas, лат. gans ’пастух’) (Мартынаў, Язык, 64–65). Іншыя версіі, якія выводзяць прасл. лексему з і.-е. *pā(s)‑ гл. у Міклашыча (232), Голуба–Копечнага (256), Брукнера (398–399), Фасмера (3, 215), Скока (2, 614–615), ці з *poH‑s‑/‑sk‑ (Іванаў, Общеиндоевр., прасл. и анатол., 172–174). Каралюнас (Балто-слав. сб., 281–288) даводзіць, што адпаведнікамі прасл. pasti з’яўляюцца лац. pāscō, тах. A pās‑, В pāsk‑ і хец. paḥš‑, а таксама літ. pósėti ’шанаваць (ідалы)’, põselėti, púoseleti ’карміць (клапатліва даглядаючы)’, ’пялегаваць’, лат. pâsêt ’(празмерна) карміць’, pãsêt ’пялегацаць, песціць, шкадаваць, ахоўваць, адстойваць’, pàst ’пялегаваць, клапаціцца’.

Пасці́2, пасьці́ ’амаль’ (бялын., Янк. 3.; Юрч., Бяльк.). З рус. почти, якое з’яўляецца формай 2‑й ас. загаднага ладу дзеяслова почитать (Праабражэнскі, 2, 118; Фасмер, 3, 349), пры гэтым ‑чтʼ‑ > ‑чцʼ‑ > ‑сʼцʼ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клудзе́ц ’палачка, на якую насаджваецца цэўка ў чаўнаку’ (Нар. лекс.). Параўн. рус. хлуд ’жэрдзь’, серб.-харв. хлуд ’тс’, славен. hlód ’тоўстая цурка’, польск. chląd ’сцябло’, чэш. chloud ’палка’, палаб. chlęd ’тс’. Экспрэсіўны пераход х > к. Бел. клудзец да xlǫd‑ьcь паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі. Прасл. xlędъ надзейна суадносіцца з балтыйскай лексічнай групай: літ. sklanda ’жэрдзь у плоце’, лат. sklanda ’жэрдзь’ (Махэк, Slavia, 16, 2–3, 180; Іліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 93). Адзін з прыкладаў адпаведнасці пачатковага славянскага х і пачатковага балтыйскага sk (Мартынаў, Слав. акком., 140–141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярэ́паўка ’земляная жаба, рапуха’ (Жд., 2, Некр., Шат.); ’тоўстая, непаваротлівая і неахайная жанчына’ (Некр., Шат.); ’няўклюда’ (слуц., Жыв. сл.). У іншых славян лексема адсутнічае. Магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі літ. varlė̄ і бел. *рэпаўка; параўн. укр. ропа́вка, якое да слав. rop‑uxa. Інакш Краўчук (ВЯ, 10, 1976, 71). Фасмер (3, 503) звязвае апошняе з ропа́ ’гной’, Траўтман (246) і Мюленбах-Эндзелін (3, 478, 479) — з літ. ropóti, лат. rāpot ’поўзаць’. Трубачоў (Фасмер, 3, 503) усе рус., бел., укр. формы з пачатковым роп‑ лічыць запазычаннем з польск. ropucha < chropucha (Брукнер, 463). Гл. варопаўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́р ’вузкі загон, узараны ўроскідку, пры другім поўным загоне’, ’частка загона, узараная асобна’ (Сцяшк., Сцяц., Лекс. Палесся, 51, 54 з картай). У блізкіх значэннях зафіксавана на ўсходнім Палессі атора, аторка (Лекс. Палесся, 54), аторак, аторыч (Выг. дыс.). Утворана, магчыма, як аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова *атараць з коранем *or‑ і прэфіксам *ot‑, Лекс. Палесся, 54; параўн. адор, адорак ’вузкая градка бульбы’ (Шчарб.), якія маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах. Параўн., аднак, літ. atarà, ãtaras ’канец нівы, папярочная баразна’, лат. atara ’тс’, atar̂t ’паварочваць плуг’, што робіць магчымым таксама запазычанне з балтыйскай на гродзенска-палескім арэале.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)