Настаражы́ць ’наставіць пастку і пад.’, настарожаны ’настаўлены, напружаны’ (палес., Цыхун, вусн. паведамл.), параўн. укр. насторожи́ти ’падрыхтаваць да чаго-небудзь’, рус. насторожи́ть ’наставить, падрыхтаваць’, польск. nastrożyć ’наставіць пастку, паставіць вертыкальна; начапіць прынаду і г. д.’, чэш. nastražiti ’тс’, славац. nastražiť ’тс’. Усё да старажыць, стораж (гл.), параўн. сто́рож ’калок у пастцы, які ўтрымлівае яе ў раскрытым стане; нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе і інш.’ (ТС), рус. насторо́жка ’пастка на звера’, на́сторож ’прынада ў пастцы’. Махэк₂ (390) раздзяляе па паходжанню словы са значэннем ’наставіць пастку і пад.’ ад слоў са значэннем ’наставіць вушы, насцярожыць’, узводзячы іх да *strěžiti (роднаснае літ. striegti, лат. striēgt ’ставіць прынаду’) і *storžiti ’насцярожыцца’. Гл. таксама Борысь, JP, 56, 1956, 124–127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)