Раз-, рас- — прыстаўка, гл. таксама роз- (рос‑), рус. раз‑ (рас-), рос‑ (роз-), разо‑, укр. роз-, польск. roz‑, н.- і в.-луж. roz‑, славац. raz‑, roz‑, чэш. roz‑, славен. raz‑, серб.-харв. раз‑ (рас-), балг. раз‑, ст.-слав. раз‑, роз‑. Да прасл. *orz‑. Некаторыя збліжаюць прасл. *or(z)‑ з літ. ardýti ’разлучаць, разбураць’, асец. œrdœg ’палавіна’, ст.-інд. árdhah ’палавіна’ (Покарны, 1, 333). Рэканструяванае orz‑ з *or‑ і ‑z‑ (як у прыназоўніка без, гл.); *or‑ звязваюць з *oriti, што ў *orzoriti (гл. разарыць), можа быць роднасным ar‑ у араць (гл.), далейшыя сувязі з *rědъkъ (гл. рэ́дкі) (ESSJ, 1, 149). Мяркуецца, што першапачаткова *orzъ было назоўнікам і прыслоўем. Магчыма рэканструкцыя і.-е. *ordh‑/*ardh‑, з якога ў далейшым пры ўзаемадзеянні з пачатковымі зычнымі слоў узнікла прыстаўка (Глухак, 520). Асноўнае яе значэнне ў прыдзеяслоўным ужыванні — ’адлучэнне, адасабленне, разбурэнне’ (Сной₂, 604), у прыіменным ужыванні — ’узмацненне’ (ESSJ, 1, 148).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сныха́ ‘жывая бойкая дзяўчына’ (Бяльк.). Зыходзячы з дыялектнай фанетыкі, гэта рэдкі выпадак фіксацыі на беларускай моўнай тэрыторыі прасл. *snъxa ‘нявестка, жонка сына’, параўн. укр. дыял. сно́ха, рус. сноха́, стараж.-рус. снъха, польск. дыял. sneszka, старое snecha, чэш. snacha, серб.-харв. сна̀ха ‘братава або сынава жонка’, славен. snaha, sneha, балг. снъха́, макед. снаа, ст.-слав. снъха; роднаснае ст.-інд. snusā́, грэч. νυός, лац. nurus, ст.-ісл. snor, ст.-англ. snoru, ст.-в.-ням. snur, ням. Schnur, што ўзыходзяць да і.-е. *snusós ‘радавая сувязь’, адкуль форма ж. р. *snusa < sneu̯‑ ‘звязваць, злучаць’, гл. аснова, снаваць. Менш верагодна вывядзенне *snusā́ з і.-е. *sūnu‑sū‑ ‘сынава жонка’. Гл. Трубачоў, История терм., 131 і наст.; Глухак, 568; Шаўр, Etymologie, 60–62 (аддае перавагу другой версіі); Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337–338. Семантыка беларускага слова пярэчыць пазнейшаму запазычанню з рускай мовы і, не выключана, узнаўляе першаснае значэнне снаваць ‘хутка рухацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ), ‘задняя частка тулава ў рака, насякомых’ (брасл., паст., драг., Сл. ПЗБ), перан. ‘камель (снапа)’ (віл., навагр., баран., Сл. ПЗБ), ‘ніжняя частка ступы’ (драг., Сл. ПЗБ), сра́чка перан. ‘частка бульбіны, якая не мае зародкаў парасткаў’ (шальч., Сл. ПЗБ), таксама сра́ка, сра́чка ‘пятка яйца’ (ЛА, 1). Укр., рус. сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’, польск. sraka ‘тс’. Дэрыват ад прасл. *sьrati ‘cacare’, параўн. сраць, укр. сра́ти, рус. срать, польск. srać, в.-луж. srać, н.-луж. sraś, чэш. sráti, славац. srať, серб.-харв. сра̏ти, славен. sráti, балг. сера́, макед. сере. Прасл. *sьrati, *serǫ звязана чаргаваннем галосных з сур (гл.), рус. сор ‘смецце’. Роднасныя: лат. sãrņi ‘адкіды, бруд’, ст.-інд. śárdhate ‘псаваць паветра’, авест. sairya‑ ‘гной, памёт’, фрыз. skern ‘экскрэменты’ (Покарны, 947–948). Параўнанне з ст.-інд. sárati ‘цячэ’, sarásрэдкі’, лац. serum ‘сыроватка’ (Младэнаў, 578; Махэк₂, 571) Фасмер (3, 740) лічыць менш верагодным. Усё да і.-е. кораня *sk̑er‑ ‘спаражняцца’; гл. Шустар-Шэўц, 1347–1348; Глухак, 573; Скок, 3, 315; Бязлай, 3, 303; ЕСУМ, 5, 396–397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трон1 ‘багата аздобленае крэсла манарха’, ‘улада манарха, сімвал улады’, ‘пасад’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. тронъ (фронъ) ‘апостальскі сан, вышэйшы пасад, прастол’ (1596 г.), якое са ст.-польск. tron (XV ст.) < лац. thronus (Станкевіч, Язык, 833; Булыка, Лекс. запазыч., 34), а апошняе — са ст.-грэч. θρόνος ‘высокае крэсла з зэдлікам пад ногі’, ‘прастол, трон’, пазней ‘кафедра’; ‘падпора, стойка’, роднаснымі да яго з’яўляюцца лац. firmus ‘моцны, трывалы’, ст.-інд. dhāráyati ‘падтрымлівае’, ‘заключае ў сабе’, dhiī́ra‑ ‘цвёрды, моцны’ (Борысь, 642; Фасмер, 4, 105; Чарных 2, 264; ЕСУМ, 5, 648). Параўн. старое макед. троњ ‘ложак’: го пуштиф пот троњ, се качи на троњ (Попаўскі, Гостивар, 103), відавочна, пранікненне з грэчаскай мовы, што захавалася ў фразеалагізме, які адпавядае пусці свінню пад стол, то яна захоча на стол.

Трон2 ‘рыбін тлушч’ (Арх. Вяр.), ст.-бел. транъ, тронъ ‘ворвань’ (ГСБМ). Запазычана праз польск. tran, tron ‘тс’ з нованям. Tranрэдкі тлушч, атрыманы з марскіх жывёл і рыб’ (Вінцэнц), магчыма, пры пасрэдніцтве мовы ідыш, параўн. tron ‘рыбін тлушч’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 806). Гл. тран.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

госць, ‑я, Р мн. гасцей; м.

1. Чалавек, запрошаны сваімі блізкімі ці знаёмымі на якую‑н. урачыстасць, частаванне. Званы госць. Сустракаць гасцей. □ З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Лынькоў.

2. Чалавек, які наведаў каго‑н. выпадкам або з пэўнай мэтай. Нечаканы госць. □ — Вось дык хлопец! Скуль ты гэткі? Ну, зайдзі ж да нас у хату, будзеш нашым госцем, дзетка, Ты — не дрэнны памагаты. Дубоўка. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // (у спалучэнні са словамі «рэдкі», «часты»). Пра таго (тое), што паяўляецца дзе‑н. на які‑н. час. Доўгі час літаратурныя мемуары былі рэдкім госцем на старонках нашага друку. Казека. Начальнік павятовай дэфензівы стаў частым госцем у Караліне. Пальчэўскі.

3. Асоба, афіцыйна запрошаная на якое‑н. пасяджэнне, канферэнцыю, урачыстасць. Прыехала на свята шмат дарагіх гасцей з розных гарадоў Вялікага Саюза — настаўнікі, прафесары, рабочыя, лётчыкі. Бядуля.

4. Гіст. Іншаземны купец. Заморскі госць.

•••

Быць у гасцях — прабываць дзе‑н. на правах госця.

Ісці (ехаць і пад.) у госці — адпраўляцца куды‑н. у якасці госця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.

2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.

4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.

•••

Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плюга́вы ’мізэрны, худы, нікчэмны’, ’мярзотны, агідны’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Сержп., Мік., Маш., Юрч. СНЛ; пух., Сл. ПЗБ), ’сыры (пра дровы)’, ’сапсаваны (пра кроў)’ (пух., Сл. ПЗБ), ’дрэнны, нязграбны’ (Касп.), ’дрэнны’, ’брудны’ (Сл. Брэс.), ’брудны, гразкі’ (пін., Шатал.), плюга́вец ’нягоднік’ (Бяльк.), плюгаўка ’агідная жанчына, неакуратная’, пух. плюгоўка ’шкодная жанчына’ (Сл. ПЗБ), плюга́нка ’агідная’ (Мал.), плюгаўка ’брыдкія, агідныя насякомыя і жывёлы: свярчок, мыш, павук’ (Нас.), плюгаўства ’машкара’ (паст., Сл. ПЗБ; ТС), ’нікчэмнасць’ (Юрч. СНЛ), плюга́віньня, плюга́ўліньня ’зневажанне, прыніжэнне’, плюгавіць ’апаганіць нечыстотамі, брудам’, плюга́віцца ’псавацца’, плюга́вінне ’бруд з ванітаў і харкавіння’ (Нас.). Укр. плюга́вий ’гадкі, нікчэмны’, рус. плюга́вый ’мярзотны, паскудны’, польск. plugawy ’брудны, агідны, гнюсны, мярзотны’, чэш. plihlý, plihý ’абвіслы’, plouhati ’цягнуць, валачы па гразі’, зах.-чэш. plíhati ’цягнуцца, валачыцца, ледзь ісці’, славац. pľuhavý ’мярзотны, гнюсны, паскудны’, ’брыдкі, агідны’, ’кепскі (пра надвор’е)’; pľuhať sa ’пэцкацца’, славен. plúhek ’нясмачны’, дыял. plígek ’несалёны’, ’пусты’. Прасл. plʼugъ ’мокры, рэдкі, брудны’ (Сной–Бязлай, 3, 62), роднаснае лат. blʼugt ’мякнуць’, ’станавіцца слізкім’ (Махэк₂, 462) < і.-е. pleu̯‑ ’цячы, ліць, плаваць’. Памылкова Фасмер (3, 289), Брукнер (419) выводзяць *pljugavъ з plʼujǫ > плюю > плява́ць (гл.). Атрэмбскі (JP, 61, 1961, 3, 182) выводзіць з plucha, якое з pluskać.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)