сла́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў славу або варты славы; славуты. Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. Айчына наша, Родны край Саветаў, Нашчадкаў гордых Слаўная зямля. Хведаровіч. У калгасе нашым Янка — Слаўны баяніст, Камсамолец працавіты, — Добры трактарыст. Журба. Дзень добры, Беларусь, Народная дзяржава, Зямля руплівых рук, Радзіма слаўных спраў! Звонак. Вітаю, як прыход вясны, Дзень слаўнай гадавіны! Смагаровіч. // Які праславіўся чым‑н. Яны [людзі] на арбітах сусветных Слаўны жыццём без багатых і бедных. Куляшоў.

2. Які выклікае прыхільнасць; сімпатычны, харошы. І доўга потым мы ўспаміналі зычлівую ўсмешку гэтага слаўнага хлопца. Лынькоў. [Міхайлаў:] — І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам. Карпаў.

3. Разм. Які дае задавальненне; прыемны, добры. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Бялевіч. Князь калісьці ўпадабаў Слаўную мясціну, Замак тут пабудаваў У падарунак сыну. Гілевіч.

•••

Славен бубен за гарамі — невядомае заўсёды здаецца добрым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ваш, ‑ага, м.; ваша, ‑ай, ж.; ваша, ‑ага, н.; мн. вашы, ‑ых.

1. займ. прыналежны да вы. Ваш горад. Ваша акно. Вашы кнігі. □ Я люблю ваш смех дзявочы. Ды гарэзлівыя вочы, Вашы кпінкі, вашы жарты, Ды... куды цяпер я варты? Крапіва. Чужых цялят бярэш на пашу? Наскрозь я бачу службу вашу! Колас. // Зроблены, напісаны і г. д. вамі. Вашы словы. Ваша пісьмо. □ Тысячагоднія вашы [астраномаў] намеры Спраўдзяцца некалі не на паперы. Куляшоў. // Які прыходзіцца да спадобы, прыемны, знаёмы вам.

2. у знач. наз. в́аша, ‑ага, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва вам. Вашага мне не трэба.

3. у знач. наз. в́ашы, ‑ых, мн. Разм. Родныя, блізкія. Вашы дома? Прывітанне вашым. □ [Бацька:] — Ну, і як жа ён, што ён казаў? Вашы, браток, усе здаровы? Брыль.

•••

Ваш брат гл. брат.

Ваша справа гл. справа.

Ваша ўзяло (бярэ) гл. узяць.

Воля ваша гл. воля.

І нашым і вашым гл. наш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лагодапрыемны спакой, хараство’, ’згода, дружба, прыязнь’ (ТСБМ), лагодзіць ’ладзіць, улагоджваць, дагаджаць’, ’мірыць’ (Нас.), ’лашчыць, прывабліваць’ (ТСБМ), дзярж. ’майстраваць’ (Нар. сл.), лагодзіцца ’мірыцца’, ’рабіцца паблажлівым, літасцівіцца’ (Нас.). Укр. ла́года, ла́гід ’лагода’, ла́годження ’рамонт, выпраўленне’, ’рыхтаванне’, рус. ла́годить ’ладзіць, мірна ўлагоджваць’, ла́года ’лагода, парадак’, ст.-рус. лагодити ’рабіць прыемнае’, ’патакаць’ (XI ст.), ст.-польск. łagoda (XVI ст.), каш. łagoda, польск. łagodność, н.-луж. łagoda, в.-луж. lahoda, чэш., славац. lahoda ’прывабнасць, хараство, чароўнасць’, славен. lágoda ’зло, гарэзлівасць, свавольства, слабасць, нізасць’, lágod, серб.-харв. ла̏года ’прыемнасць, задаволенасць’, ’выгода’. Прасл. lagoda ’парадак, гарманічнасць, згода’, ’выгода, зручнасць, дабрата, прыязны прыемнасць’, якое паходзіць ад < *laga, што мае адпаведнікі ў літ. lóga, logà ’куча’, ’рад, кратнасць’, ’чарга’, logúoti ’складаць, прыводзіць у парадак’, лат. lãga, lãgs ’слой’, ’парадак’, ’здатнасць, здольнасць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑oda, напр., свабода, ягада (Буга, Rink., 1, 450; Зубаты, AfslPh, 16, 397; Эндзелін–Мюленбах, 2, 436–437; Фрэнкель, IF, 69, 136; Фасмер, 2, 446). Беспадстаўныя сумненні Бернекера (1, 684), калі ён суадносіць lagoda, прымаючы ў якасці асноўнага значэння ’слабасць, падатлівасць’, з і.-е. *(s)lēg ’слабы’, лац. laxus ’свабодны, які вольна звісае’, ’лагодны’, ст.-ісл. lākr ’благі, малакаштоўны’, ст.-в.-ням. slah ’слабы’. Таксама Младэнаў (268); Махэк₂ (317–318) мяркуе, што lagoda з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад lagoditi.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóska ’паверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звон, звана́ і зво́ну, ж.

1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.

2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.

3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.

•••

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

харо́шы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Прыгожы, прывабны. Вельмі харошага жаніха.. дачцэ [Лопаніхі] ўжо не шукаць, а гэты хоць і дохленькі, крываногі, ды ўсё ж — гаспадар. Кулакоўскі. Прыбяры пень, дык і пень будзе харошы. Прымаўка.

2. Які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі. Харошы.. [Сымон Пятровіч] мужык, справядлівы... Грахоўскі. Харошы салдат ехаў з намі. Такі не толькі плашч-палатку аддасць, а калі трэба, то і сабою заслоніць. Хомчанка.

3. Добры, высакаякасны. Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак. Харошы быў крук, моцны. Лынькоў. // Які прыносіць задавальненне; прыемны. [Гарлахвацкі:] Такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца. Крапіва. Маладыя, родныя, харошыя, Не крычыце пад маім акном У той час, як госцяю няпрошанай Узыходзіць поўня над сялом. Жычка.

4. (у сяброўскім звароце). Дарагі, любы, мілы. Мой харошы, мой саколік, Сэрца тваё чую. Абніму і, як ніколі, Моцна пацалую. А. Александровіч. — Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Колас. — Добра, — засмяялася маці. — Памочнік ты мой харошы! Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыха́нне, ‑я, н.

1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Чарнышэвіч. // Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне. Ракітны. // Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч.

2. перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка. Шамякін. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў. Шыцік. // Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону. Гамолка.

•••

Штучнае дыханне — сістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.

Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.

Дыханне заняло (захапіла, перахапіла) гл. заняць.

Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла. Ставер.

Затаіць дыханне гл. затаіць.

Перавесці дыханне гл. перавесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.

2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.

3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.

4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.

5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)