сляпі́ць, сляплю, слепіш, слепіць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць зроку, рабіць сляпым. // Пагаршаць зрок, псаваць вочы. Твая дзяўчына пры кудзелі Сляпіць не будзе ясных вочак. Купала. Эх, жэўжык! Замарыўся ўчора, ходзячы за каровамі, а ўсё роўна ўвечары сляпіў вочы: штосьці пісаў. С. Александровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асляпляць яркім, моцным святлом. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Колас. Святочныя ілюмінацыі на вуліцы сляпілі вочы. Карпюк.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перашкаджаць глядзець, бачыць, засыпаючы ці залепліваючы, засцілаючы чым‑н. вочы. Слёзы сляпілі вочы. □ Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі палякамі спаўзаў за каўнер. Грахоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Пазбаўляць здольнасці разумна разважаць. Гнеў пачынаў сляпіць. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сок ‘вадкасць у раслінных і жывёльных арганізмах, у глебе і інш.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘бярозавік’ (Сержп. Прымхі), ‘тук’ (слонім., Нар. лекс.), ст.-бел. сокъ ‘вадкае ў пладах’. Укр. сок, сік, рус. сок, польск. sok, в.-луж., н.-луж., sok ‘сачавіца’, чэш. дыял. sok, славац. osoka ‘сок (грыбны)’, серб.-харв. со̑к, славен. sọ̑k, балг., макед. сок, ст.-слав. сокъ ‘сок, напой’. Прасл. *sokъ мае адпаведнікі ў літ. sakaĩ мн. л. ‘драўняная смала’, ст.-прус. sackis ‘тс’; іншая ступень чаргавання: лат. sveķi мн. л. ‘смала’, алб. djak ‘кроў’, грэч. όπός ‘сок’, якія да і.-е. *s(u̯)ok​o‑ ‘сок расліны, дрэва’, з і.-е. *suek​, як мяркуюць, ‘мокры, вільготны’. Гл. Траўтман, 248; Мюленбах-Эндзелін, 3, 645; 1142; Фасмер, 3, 708 з літ-рай, а таксама Махэк₂, 566; Сной₁, 591; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 251. Параўн. сачавіца, сочыва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухі́ ’не мокры, пазбаўлены вільгаці’, ’сухарлявы, хударлявы’, ’незабалочаны’, ’засохлы (пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нішчымны’ (Сл. Брэс.), ’посны; без тлушчу, без прыпраў’ (Вешт.); сюды ж су́хлы ’невільготны, сухаваты’ (Ласт.). Укр. сухи́й ’сухі; хударлявы; нішчымны, без тлушчу’, рус. сухо́й ’сухі; хударлявы’, стараж.-рус. сухъ, польск. suchy, в.-луж. suchi, н.-луж. suchy, чэш., славац. suchý, серб.-харв. сух, славен. sȗh, балг. сух, макед. сув, ст.-слав. соухъ ’сухі’. Прасл. *suchъ роднаснае літ. saũsas ’сухі’, лат. sàuss, ст.-прус. sausai прысл. ’суха’, грэч. αυος ’сухі’, с.-н.-ням. sôr ’сухі’, ст.-інд. çoṣos ’сухасць’ і г. д.; гл. Траўтман, 250 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 776–777; Покарны, 880–881; Фасмер, 3, 813; Махэк₂, 591–592; Скок, 3, 357–358; Шустар-Шэўц, 1376–1377; узводзяць да і.-е. *sau̯so‑ ’сухі’, гл. Бязлай, 3, 339; Борысь, 586; ЕСУМ, 5, 486–487. Гл. таксама сохнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мача́ць ’акунаць у што-небудзь вадкае або сыпкае’, ’расходаваць што-небудзь мачаннем’, ’вырабляць што-небудзь апусканнем у раствор’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС), лях. ’мачыць’ (Сл. ПЗБ); мачы́ць ’рабіць мокрым’, ’трымаць у мокрым’ (ТСБМ). Укр. моча́ти, мочи́ти; рус. моча́ть, мака́ть, мочи́ть; польск. maczać, moczyć, в.-луж. mačeć, močić, чэш. máčeti, močiti, славац. mačať, močiť, славен. pomákati, močíti, серб.-харв. ума́кати, мо̀чити і мо̀чати, макед. мака, моча, ст.-слав. мочити. Прасл. močiti > močati утвораны ад назоўніка moča, які ўзыходзіць да і.-е. асновы *mok‑ (параўн. прасл. moknǫti): літ. makénti, mak(n)óti ’таптаць гразь, хадзіць па гразі’, makalỹnė ’гразь’, ’слота’, makónė ’лужа’, лат. mãkulis ’хмара’, makņa ’гразкае месца’. Відавочна, сюды і асец. moecyn ’пакласці ў вадкасць’ (Міклашыч, 199; Бернекер, 2, 69; Фасмер, 2, 666; Бязлай, 2, 199). Сюды ж мачлі́вый, машлі́вымокры (пра год)’ (жлоб., Нар. словатв.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), мачы́льня ’месца, дзе мочаць лён, каноплі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

міну́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.

2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.

•••

Адысці ў мінулае гл. адысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трап 1, ‑а, м.

1. Лесвіца на караблі. Вяровачны трап. Трап у машыннае аддзяленне карабля. // Прыстасаванне для ўзыходжання на борт карабля і спуску з яго. Прыгожы пасажырскі электраход стаяў ля прыстані, і па трапах на палубу спяшаліся пасажыры. Лупсякоў. Цяжка дыхаючы, .. [Мая] ўзнялася па трапу на палубу, падышла да збянтэжанага Сцяпана і з усмешкай падала яму мокры пакарабачаны капялюш. Дуброўскі. // Прыстаўная лесвіца для пасадкі ў самалёт і выхаду з яго. Апошні ўзмах прапелера, і да самалёта падаецца трап, па якім гуськом спускаюцца пасажыры і накіроўваюцца ў аэрапорт. Філімонаў.

2. Спецыяльная лесвіца (разнастайнай выгляду і прызначэння). Гімнастычны трап. Трапы будаўнічых рыштаванняў.

[Гал. trap.]

трап 2, ‑а, м.

Спец.

1. Адтуліна ў падлозе для сцёку вады і спуску яе ў каналізацыю. Лазневыя трапы.

2. Апарат для аддзялення нафты ад газу, якія здабываюцца з свідравіны.

[Англ. trap.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.

2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.

3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.

4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.

5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́сь, усяго́, м., уся́, усёй, ж., усё, усяго́, н., мн. усе́, усіх; займ. азнач.

1. Поўны, без выключэння, цалкам.

Праседзець у. вечар за кнігай.

У. мокры.

Спаліць усе дровы. Ва ўсёй красе.

З усёй сілы.

2. у знач. наз. усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння.

Усё для справы.

Заўсёды ўсім задаволены.

Усяго пакрыху.

Усё разам узятае (усе абставіны, усё, пра што гаварылася).

3. у знач. наз. усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння (пра людзей).

Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Усе да аднаго (без выключэння). Лепшы за ўсіх.

4. (толькі ў Н). Скончыцца, зрасходвацца цалкам.

Соль уся.

5. толькі н. Скончана, канец (разм.).

Больш не ўбачымся.

Усё.

Не хачу ехаць — і ўсё!

Па ўсім відаць (разм.) — па ўсіх прыметах.

Па ўсім відаць, што ён не згодзіцца на абмен.

Увесь у каго (у бацьку, у маці і пад.) хто — пра падабенства каго-н. да каго-н.

Усё адно або усё роўна — аднолькава, няма розніцы, абавязкова нягледзячы ні на што.

Усё адно я не пайду туды.

Мне ўсё роўна.

Усё адно як або усё роўна як — як быццам бы.

Ты ўсё адно як глухі.

Усё як ёсць (разм.) — літаральна ўсё, поўнасцю.

Прадаць усё як ёсць.

Усяго добрага (або найлепшага) — пажаданне пры развітанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адце́нне, ‑я, н.

1. Разнавіднасць якога‑н. колеру (гуку і пад.). Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі [сіваграка] блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. В. Вольскі. Увесь мокры, у гразі, я стаяў і разглядаў вялікую, прыгожую, з бронзавым адценнем рыбіну. Ляўданскі. [Кандратовіч] прыгубіў шклянку з вадою. — Таварышы! — Голас яго гучны з металічным адценнем. Алешка.

2. Разнавіднасць якой‑н. з’явы; лёгкі адбітак чаго‑н. Недзе далёка прагрукаў гром, і зноў дрыготлівым адценнем далёкага святла праляцела ўначы бледная зарніца. Самуйлёнак. Густыя бровы, прычым левае з лёгкім заломам, надавалі твару адценне лёгкага здзіўлення і дзіцячай наіўнасці. Васілевіч.

3. Тонкая розніца ў ступені праяўлення пачуцця, настрою, стану і пад.; нязначнае змяненне сэнсу слова. Апошнія словы прафесар вымавіў з адценнем злосці. Галавач. — Для цябе, здаецца, усе харошыя, — з адценнем насмешкі заўважае Мартын. Колас. Будучы прызнаным знаўцам мовы,.. [Чорны] прагна ўслухоўваўся ў мелодыю сказа, у яго гукавыя і сэнсавыя адценні, з цікаўнасцю ловячы кожнае незнаёмае слова. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падарожжа, звязаны з падарожжам. Падарожныя ўражанні. Падарожныя нататкі. □ У школе Генька асабліва захапляўся падарожнай рамантыкай. Паслядовіч.

2. Які звязаны з дарогай (у 4 знач.); дарожны. Бацька добра ведаў усе дзяціныя радасці і кожны раз пакідаў у сумцы які-небудзь акрайчык ад свайго падарожнага абеду. Кірэенка. // Які знаходзіцца ў дарозе. — А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі. Лынькоў. // Які накіроўваецца ў адну дарогу, у аднолькавым напрамку з кім‑н. За вёскай Грыша падняў руку, каб спыніць падарожную машыну. Пальчэўскі.

3. у знач. наз. падаро́жны, ‑ага, м.; падаро́жная, ‑ай, ж. Падарожнік ​1. Падарожныя распраналі доўгія кажухі. Мальдзіс. Можна ў вас абсушыцца падарожнаму? — жаласліва спытаў Хведар і, мокры да ніткі, ступіў у хату. Ваданосаў.

4. Гіст. Які плаціўся за праезд на паштовых конях у Расіі ў 18–19 стст. Падарожныя грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)