ле́кі, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Лякарства. Прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усякіх лекаў. Якімовіч. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. // перан. Пра сродак, які дапамагае перажыць што‑н. непрыемнае. Хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі няўпэўнена, што словы твае будуць лекамі. Чорны.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца; лячэнне. Доктар больш не гаварыў і, назваўшы настаўніка, перадаў яму, што хворы павінен застацца на лекі ў бальніцы. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыціснуўшы, пашкодзіць. Левую руку.. [Сухарукаму] адціснула калода ў лесе. Бядуля. // Пераціснуўшы, аддзяліць; адрэзаць.

2. Сціскаючы, аддзяліць вадкасць, вільгаць; выціснуць. Адціснуць ягады.

3. Наступаючы, націскаючы, прымусіць адступіць, адысці. Паўлюк трымаўся каля дзеда, ведаючы, што з ім будзе бліжэй да трыбуны, а самога могуць і адціснуць. Шамякін. // перан. Прымусіць пакінуць, адысці ад каго‑, чаго‑н. — Чуеш, брат Стары, — шапнуў Садовіч прыяцелю, — давай, брат, адціснем Найдуса! Колас.

4. Націснуўшы, пакінуць адбітак на чым‑н. Адціснуць след.

5. Спец. Зрабіць адбітак тэксту, малюнка; аддрукаваць. Адціснуць газетную паласу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хра́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш.-ласк. да храпа ​1.

хра́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Ствол качана капусты без лістоў. Рая адышла да каровы і хацела гнаць яе дамоў, але карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін. Дзеда тузанула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты. Грахоўскі. Ён [Васіль] можа ля дзвярэй сядзець спакойна і хрумстаць белыя тугія храпкі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; незак.

1. каго-што. Злёгку прыводзіць у рух, кратаць што‑н. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела. Чарнышэвіч. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя пасярэбраныя валасы. Галавач. // перан. Прымушаць да дзейнасці, працы, выводзіць са стану вяласці, абыякавасці да акаляючага; узбуджаць.

2. чым. Злёгку рухаць чым‑н. Зося лёгка разбірала знаёмы почырк і ледзь шавяліла губамі. Крапіва. Счапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, шавяліў плячыма, тупацеў нагамі. Быкаў.

•••

Шавяліць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.

1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.

2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.

3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здо́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, асаблівасць каго‑н., што праяўляецца ў якой‑н. дзейснасці, учынках і пад.; уменне рабіць што‑н., весці сябе якім‑н. чынам і пад. Здольнасць рухацца. Разумовыя здольнасці. □ Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. За гэткія свае здольнасці збіраць і разносіць навіны .. [Тодара] ў вёсцы празвалі Поштай. Крапіва. // Стан, якасць каго‑, чаго‑н., неабходныя для здзяйснення чаго‑н. або выкарыстання якім‑н. чынам. Прапускная здольнасць дарог. Пакупная здольнасць насельніцтва.

2. звычайна мн. (здо́льнасці, ‑ей). Прыродныя схільнасці да занятку чым‑н.; дар, талент. Музычныя здольнасці. Здольнасці да матэматыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Пазнаць органамі пачуццяў; пачуць. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Колас. Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Маўр.

2. Зведаць, перажыць што‑н. Васіль зразумеў, што пытанне непрыемна кальнула дзеда, і адчуў сябе ніякавата, пачырванеў. Кулакоўскі. // Усвядоміць, зразумець. Аляксей паглядзеў у сінія Юльчыны вочы і раптам адчуў, што, вядома, Юлька вернецца. Даніленка. У першыя дні.. [Раман] адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Чарнышэвіч.

•••

Адчуць глебу пад нагамі — знайсці, адчуць чыю‑н. падтрымку.

Даць сябе адчуць гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Нанесці каму‑н. рану, раніць каго‑, што‑н. Параніць руку. □ Партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Лынькоў. [Федзя:] — Дапытваліся, хто параніў таго лася... Ваданосаў. / у безас. ужыв. Сяргея Мажэйку параніла недалёка ад Берліна. Шахавец.

2. перан. Прычыніць каму‑н. душэўны боль, пакуты. Няхай Альбіна многа болю прынесла ёй, няхай параніла яе маладое сэрца, усё роўна Галя не таіла на яе ніякай злосці. Сабаленка. Хай на тварах не абсохнуць слёзы, Што душу паранілі ў дарозе. Броўка.

3. Зраніць усіх, многіх; нанесці раны каму‑н. у многіх месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марне́ць, ‑нею, ‑нееш, ‑нее; незак.

1. Засыхаць, чахнуць, чэзнуць. — Вы ж увесь свой век сады садзілі.., — не адступалася ад дзеда Наталька, — скажыце, што вы рабілі, калі расліна на вашых жа вачах сохла, марнела? Кулакоўскі.

2. Гібець, чахнуць (пра чалавека). [Мальвіна:] Людзі ў шчасці ды ў багацці жывуць, як мак у гародзе квітнеюць, а я марнею сабе ды сохну, як тая былінка занядбаная пры дарозе. В. Вольскі. Марнеў сын увачавідкі — нібы той лісток на бярозе, прыхоплены прымаразкам. «Беларусь».

3. Занепадаць, марна прападаць. Марнее гаспадарка. □ Так ён і марнеў, гэты кавалак [зямлі], без карысці, нават і жывёлу на ім не пасвілі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)