Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА СТАРО́ГА ДЗЕ́ДА»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Напісаны ў пач. 1861. Надрукаваны ў выглядзе агітацыйнай брашуры Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Вядомыя 2 выданні: каб увесці ў зман цэнзуру, на тытуле аднаго пазначана Познань, другога — Парыж. Да аднаго з выданняў прыкладзены бел. верш У.Сыракомлі «Добрыя весці». Публікавалася ў львоўскай газ. «Dziennik literacki» («Літаратурны дзённік». 1861. № 89), распаўсюджвалася ў рукапісах і літаграфічна. Выкрывала царскія парадкі, заклікала бел. сялян падтрымліваць польскі вызв. рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нац. адзінства. У навук. л-ры аўтарам «Гутаркі...» называлі В.Каратынскага, У.Сыракомлю, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
Каратынскі В. Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145;
Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮ́ЗЯ,
у бел.нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ГА,
бел.традыц. прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.
Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Мікалай Васілевіч) (15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),
бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКО́З (Адольф Сцяпанавіч) (каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у т. л.«Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДВУХ СУСЕ́ДАЎ»,
цыкл ананімных твораў бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Выдаваўся асобнымі выпускамі Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. У 1861—62 выйшлі 4 нумары. Напісана ў форме вершаванага дыялогу двух сялян — бывалага, спрактыкаванага Матэвуша і праставатага, наіўнага Юзафа. Зместам і ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда», некат. палажэннямі набліжаецца да публіцыстыкі «Мужыцкай праўды». Была каля вытокаў бел.дэмакр. прэсы. Выказвалася думка, што яе аўтары — У.Сыракомля і В.Каратынскі.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 21—24.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНА́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Персея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 17.8.1928, Мінск),
бел.паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).