Казе́ліць, у выразе казеліць вочы ’скасавурыўшыся, пільна ўглядацца ў каго-н., што-н.’ (БРС, ТСБМ, Касп.; полац., Нар. лекс.), казерыць вочы ’тс’ (КЭС., лаг.; Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў іншых мовах нам невядомыя; што ж датычыцца наогул утварэння дзеясловаў такога тыпу, можна прывесці польск. koźlić (czoło) ’хмурыць і да т. п.’, рус. дыял. козиться ’злавацца; паводзіць сябе высакамерна; пазбягаць людзей і інш.’, козлиться ’ўпірацца, упарціцца’, літ. ožiúotis ’тс’. Метафара ў разглядаемым выпадку відавочная; што ж датычыцца словаўтварэння, то для формы казеліць можна думаць пра аснову казёл‑, адносна казерыць — меркаваць або аб наяўнасці экспрэсіўнага дэрывата з ‑р‑ суфіксацыяй ад каза, або аб уплыве такой суфіксацыі на асноўную форму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыса́да1 ’тронкі ў нажа, мяча і пад.; ложа ў стрэльбе; насадка (касы, сякеры і пад.)’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.), прыса́дка ’насадка (касы, сякеры і пад.)’ (Байк. і Некр.), пріса́да ’ложа стрэльбы’ (Бяльк.). Ад прысадзі́ць ’асадзіць, уставіць’ да садзі́ць (гл.); параўн. у іншых славянскіх мовах з блізкімі значэннямі: рус. дыял. приса́дка ’прымацоўванне, накладанне; асаджванне’, польск. przysada ’аздоба’ і г. д.

Прыса́да2 ’выгода, прыволле’ (ТС), ст.-бел. присадъ ’сядзіба’, укр. приса́да ’тс’. Відаць, семантычнае развіццё прыса́да, прыса́ды ’дрэва ўздоўж дарогі, алея; насаджэнні’ (гл.), або ад прысадзі́ць ’пасадзіць каля чаго- ці каго-небудзь’ (Нас.), параўн.: его прысада хороша, удобства кругом (ТС), што дае падставы вывесці першаснае значэнне ’размяшчэнне, пасяленне’. Гл. аса́да.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыту́лак ’месца, дзе можна схавацца, адпачыць, прабыць патрэбны час’, ’дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей і інш.’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Варл., Сл. ПЗБ), прыту́л ’прыстанішча’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), ’сховішча, прытон’ (Нас.), прыту́ла ’прыстанішча’, прыту́лішча ’тс’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Ян.), прыту́лле ’тс’ (Касп.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, параўн. прытуліцца ’шчыльна прыхінуцца; знайсці прыпынак для жыцця’ (Варл.), ’адчуць ласку, спагаду, спачуванне’ (светлаг., SOr, 39, 356), прытуліць ’паставіць адзін прадмет упрытык да другога’ (там жа). Гл. туліць. Аналагічныя ўтварэнні і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. приту́л, приту́ла, приту́лище, приту́лье ’прыстанак, прытулак’, укр. приту́л, приту́лок, польск. przytul, przytulisko, przytułek ’тс’ і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́згалас ’рэха, адгалоскі’ (ТСБМ, Шат.), розгалас ’водгук, адгалоскі’ (Яруш.). Укр. ро́зголос ’погалас, чутка, гавэнда’; рус. разгла́ска ’рознагалоссе, супярэчлівасць’ — пазнейшае ад разгласи́ть ’зрабіць вядомым’, ’разнесці чутку’; ’вядомасць, папулярнасць’, польск. rozgłos, н.-луж. rozgłos, в.-луж. rozhłos, чэш., славац. rozhlas ’радыё’, чэш. rozhlásiti ’выдаць таямніцу’, ’давесці да ведама публікі’; славен. razglàs ’апавяшчэнне’; у іншых паўд.-слав. мовах (серб. разгла́сити, харв. rázglas, razglásiti, славен. razglasíti, макед. разгласи, балг. разглася́) дзеяслоў абазначае ’аб’яўляць, паведамляць, рабіць вядомым’. Беларуская ж лексема паводле семантыкі займае асобнае месца (значэнне ’рэха’). Да прасл. *orz‑golsiti і *orz‑golsъ > раз- і голас, галасіць (гл.). Розгалас ’слава, папулярнасць’ (Др.-Падб.) і розглас ’пагалоска’ (Сцяшк. Сл.) узыходзяць да польск. rozgłos ’вядомасць, папулярнасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смі́рны ‘ціхі, маўклівы, рахманы’ (Некр. і Байк., Жд. 3), смір (сміръ) ‘цішыня, спакой’ (Нас.), сміры́цца ‘памірыцца’ (мін., Сл. ПЗБ), смі́рна ‘навыцяжку, не варушачыся і не размаўляючы (пра стойку пры камандзе)’ (ТСБМ), ‘сціпла, нясмела, скромна’ (Бяльк.), смірне́ць ‘станавіцца ціхім’ (Нас.), Вытворныя ад мір ‘цішыня, спакой’ (Праабражэнскі, 2, 336; Махэк₂, 364). Аналагічныя дэрываты і ў іншых славянскіх мовах: рус. сми́рный, сми́рно!, укр. сми́рный, смирни́ты, чэш. smírny, (u)smířiti, серб.-харв. сме̑ран ‘скромны, рахманы, мірны’, балг. сми́рен ‘уціхаміраны’, сми́ря ‘супакоіць, уціхамірыць’, макед. смирен ‘спакойны, ціхі, рахманы’, смири ‘супакоіць, прымірыць’, ст.-слав. съмѣрѥнъ (съмѣрьнъ) ‘уціхаміраны, пакорны, прыніжаны’. Дапускаецца змяшэнне вытворных ад *mirъ і *měra ў познепраславянскі перыяд (ЕСУМ, 5, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йны1 ’вядомы нямногім, загадкавы, таямнічы’ (ТСБМ, брасл., Сл. ПЗБ), ’скрытны (пра чалавека)’ (Ян.; люб., Жыв. НС), ’падпольны’ (Ласт.), ст.-бел. тайныи ’тайны’ (1457 г., КГС), сюды ж прыслоўе та́йна ’таемна, скрытна ад іншых’ (ТСБМ, Бяльк.), ’патаемна’ (Сл. ПЗБ), тайно ’тс’ (ТС). Укр. та́йный, рус. та́йный, стараж.-рус. таиныи ’тс’, польск. tajny, tajni, чэш., славац. tajný, серб.-харв. tȃjnī, старое славен. tajne ’тайны, схаваны’, ст.-слав. таинѣ ’таемна, скрыта’. Да прасл. *tajьnyjь, прыметнікавага дэрывата ад *tajьna, гл. тайна, таіць.

Та́йны2, та́йный ’танны’ (бяроз., ЛА, 3). Змена н > й у выніку дыялектнай дысіміляцыі падоўжанага санорнага. Аналагічны працэс з іншай субстытуцыяй зычных у тадны, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыснёг ‘вадзяная ці балотная расліна, Phragmites communis Trin.’ (ТСБМ, Кіс.), трасня́г (трысня́х) ‘тс’ (ашм., валож., смарг., іўеў, ЛА, 1, Сцяшк. Сл.), траснёг ‘тс’ (валож., там жа), ‘зараснік чароту, Scirpius L.’ (БРС), трысня́г ‘балота, зарослае асакой, Carex L.’ (Сцяшк. Сл.), трыснёг ‘рагоз, Typha latifolia L.’ (лаг., ЛА, 1), ст.-бел. тросняг ‘зараснік чароту’ (ГСБМ). Да троснік, трасня́к (гл.); не выключае, што тут прысутнічае «звонкі» варыянт суфіксаў, параўн. трасня́к (астрав., віц., ЛА, 1), падобна да аўсюг/аўсюк (гл.), хмызнёг (Кал.), пры звычайным хмызняк, хмызнік — з’ява, вядомая і ў іншых мовах, параўн. рус. трестня́к, трестня́г ‘зараснік вішні’. Пра варыянтнасць суф. ‑ка/‑ga ў літоўcкай мове гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 299.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

набі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; набі; -біты; зак.

1. чаго. Убіць, наўбіваць у значнай колькасці.

Н. цвікоў.

2. што. Напоўніць, напхаць чым-н.

Н. мяшок травой.

3. што. Прыбіць зверху да чаго-н. або ўдарамі насадзіць.

Н. абруч на бочку.

4. чаго. Разбіць у вялікай колькасці.

Н. шкла.

5. каго. Нанесці пабоі.

Нехта моцна набіў хлопца.

6. што. Ударамі прычыніць шкоду.

Н. гуз на лбе.

7. каго-чаго. Забіць вялікую колькасць (жывёл, птушак і пад.).

Н. качак.

8. што. Зарадзіць зброю з дула.

Н. стрэльбу.

9. Зрабіць узор асобым спосабам (спец.).

Н. рысунак на тканіне.

Бітком набіць (разм.) — напоўніць што-н. вельмі цесна, шчыльна.

Набіць вока (разм.) — набыць вопыт, уменне вызначыць што-н. адразу.

Набіць (наламаць) руку (разм.) — зрабіцца спрактыкаваным, набыць вопыт у якой-н. справе.

Набіць сабе цану (разм.) — узвысіць сябе ў вачах іншых.

|| незак. набіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3, 6—9 знач.).

|| наз. набіва́нне, -я, н. і набі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 3, 8 і 9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цягну́цца, цягну́ся, ця́гнешся, ця́гнецца; цягніся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы.

Уздоўж ракі цягнуўся луг.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Валачыся па зямлі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца ў даўжыню, шырыню ад нацягвання.

Рызіна цягнецца.

4. да каго-чаго. Выцягвацца, цягнуцца ў якім-н. напрамку.

Дзіця цягнецца ручкамі да цацкі.

Расліны цягнуцца да сонца.

5.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Доўга, марудна праходзіць, працягвацца.

Справа цягнецца два гады.

Час цягнецца марудна.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухацца ў адным напрамку, адзін за адным.

Па дарозе цягнуўся абоз.

7. перан., за кім-чым. Імкнуцца да каго-, чаго-н.

Ц. да ведаў.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра пах, дым і пад.).

Ад кастра цягнуўся пах дыму.

9. 3 цяжкасцю ісці, плесціся (разм.).

Стары ледзь цягнуўся.

10. Адставаць ад іншых па якіх-н. паказчыках (разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шку́ра, -ы, мн. -ы, шкур, ж.

1. Скура з поўсцю, знешняе покрыва цела жывёл; скура з поўсцю, знятая з забітай жывёлы.

На жывым мядзведзі шкуры не купляй (прыказка). З аднаго вала дзвюх шкур не дзяруць (прыказка). Ласіная ш.

2. Пра подлага, нізкага чалавека, вымагальніка і шкурніка (разм., пагард.).

Быць у чыёй-н. шку́ры — быць у чыім-н. становішчы, звычайна дрэнным, незайздросным.

Воўк у авечай шкуры — пра злога, жорсткага чалавека, які прыкінуўся лагодным.

На сваёй шкуры зведаць, адчуць што-н. — зведаць што-н. дрэннае на сабе, на сваім вопыце.

Ратаваць сваю шкуру — ратаваць сябе, не думаючы пра іншых.

Шкуру (дзве шкуры, сем шкур і пад.) драць, лупіць з каго-н. — абіраць, жорстка эксплуатаваць каго-н.

Шкуру спусціць з каго-н. — моцна збіць, караючы, а таксама наогул жорстка абысціся з кім-н., пакараць каго-н.

|| памянш. шку́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. шку́рны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)