Валява́ха1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́ўка, залві́ца, дыял. заві́ца ’мужава сястра’. Рус. золо́вка ’тс’, дыял. ’жонка брата’, зо́лва, зо́лвица ’тс’, укр. зови́ця ’мужава сястра’, польск. дыял. zołwica, załwica, чэш., славак. zolvica, славен. zȃłva, zȃlvica, серб.-харв. за̏ова, за̏овица, балг. зъ̀лва ’тс’, дыял. ’дзяўчына, што спявае на вяселлі з боку жаніха’, макед. золва. Ст.-рус. золовка (XVII ст.). Прасл. zъlъva (zъly). Грэч. гамер. *γάλωϜος ’мужава сястра’, лац. glōs ’мужава сястра’, ’братава жонка’. І.‑е. *gʼ(e)lōu̯‑ ’мужава сястра’. Далейшая этымалогія няясная. Аскалі (KZ, 12, 319–321) выводзіў з *gel‑ ’весяліцца, усміхацца’, але гэта няпэўна. Бел. формыст.-рус. ці прасл. пашырэнне прасл. памянш. суфіксамі ‑ка, ‑іца. Фасмер, 2, 103; Шанскі, 2, З, 105; Копечны, Zákl. zásoba, 431; Траўтман, 373; Покарны, 1, 367–368; Трубачоў, История терм., 136–137; Шаўр, Etymologie, 63; Лаўроўскі, Назв. родства. 73–77; Панюціч, Лексіка нар. гаворак, 1975, 49–50; Паўленка, Нарысы па бел. словаўтв., 1978, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́вал ’вялікі кавалак чаго-н.’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; КТС; зах.-палес., Міхайлаў, вусн. паведамл.). Геаграфія і націск слова сведчаць, што бел. кавал запазычана з польск., гл. Слаўскі, 2, 106, які лічыць, што польск. kawał — больш позняе ўтварэнне ў параўнанні з kawalec, kawałek, якія ўзыходзяць да с.-ням. kavele ’жэрабя, доля і інш.’ Параўн. кашуб. kawel, kaweł ’доля, надзел зямлі’, славін. kãvȯl, kãveãl ’кавалак, вялікі кавалак’, чэш. дыял. kaval ’кусок’, славац. kaval ’тс’, н.-луж. kjabel ’доля, калодка для жараб’ёўкі; надзел зямлі, лесу і г. д.’ Значэнне зах.-слав. лексем добра ўзгадняецца з класічнай этымалогіяй. Паводле гэтага крытэрыю, а таксама паводле лінгвагеаграфічнага і інш., нельга пагадзіцца з меркаваннем Казловай, Сов. слав., 89, 90, што ўсх.-слав. кавал < *koval *kovati і зах.-слав. формы можна вытлумачыць як запазычаныя з усх.-слав. моў. Аб польск. і ням. словах больш падрабязна Слаўскі, 2, 107 (там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ады́стар ’сапраўдны’ (адыстар бацька) (Нас., БРС, Кольб., Бір. дыс., Гарэц.), азістар ’тс’ (палес., Вярэніч, вусн. паведамл.), адыхтар ’тс’ (Шат.). Паводле Насовіча, з лац. adinstar (Нас., 3). Існуе магчымасць іншай, хоць менш верагоднай версіі. Апрача адыстар (а гэтай форма старэйшая за адыхтар, бо сустракаецца на краях беларускай моўнай тэрыторыі ад Магілёўшчыны да Беласточчыны), у Прыпяцім Палессі (цэнтральная і заходняя частка) знаходзім азістар і зістар у тым жа дакладна значэнні. Да гэтай формы добра пасуе славен. zister ’сапраўдны’, якое не абавязкова зводзіць да za‑iste‑že. Параўн. яшчэ ст.-польск. ister, славац. isterny. Усе гэтыя лексемы ўзыходзяць да вельмі старажытных прыметнікаў на ‑r (гл. Мейе, Общеслав., 243) ад istъ ’сапраўдны’ (рус. истинный). Параўн. яшчэ ўсходнепалескае стотны бацька (< істотны сапраўдны’). Усе прыметнікі маюць значэнні сапраўдны’, ’таго ж рода’, асабліва адносна сына і бацькі. Тады адыстар < *ад‑іст‑ер (< od‑ist‑erъ). Копечны (пісьм. паведамл.) звязвае адыстар/адыхтар з славац. chťa/sťa ’як’ (< xъtěti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апераза́ць, падпераза́ць (‑цца). Укр. оперезати, підперезати(ся), славен. pręzati ’звязваць’ (ці не сюды і значэнне ’быць павінным, глядзець’, параўн. oprę́zati ’чакаць, сачыць’). Рус. дыял. подперезать (паўдн., зах.). Сюды ж адносяць серб.-харв. запре́зати запрагаць’ (калі яно не да іншага кораня запрагаць, на што ўказвае не толькі форма за̀прежем, але і суфіксацыя; аднак Вук Караджыч не даваў гэтага значэння, а даваў значэнне ’апяразваць’, таму, магчыма, у сербскахарвацкай мове адбылася кантамінацыя кораняў през‑ і преж‑/прег‑ у гэтым слове). Ст.-бел. оперезати (Анічэнка, Праблемы філал., 11). Праслав. дыял. *perzati — дзеяслоў ад імя *perzъ ці прыназоўніка *perz‑ ’праз’. Назоўнік *perzъ мог азначаць ’пояс’; рэканструкцыя праславянскай формы можа адбывацца не толькі на базе беларускай, украінскай, сербскахарвацкай моў, як лічыць Трубачоў, але і славенскай. Міклашыч, 244; Трубачоў, Праспект, 71–72; Слав. языкозн., V, 176, 186. Развіццё значэння ад ’аперазаць’ да ’сцебануць’ у беларускай і ўкраінскай ’мовах цалкам, магчыма, аўтаномна ад іншых славянскіх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арба́1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя б — ф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аху́хцінацямненькі выкл. ’уздых аблягчэння пасля фізічнай нагрузкі’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.). Складанае ўтварэнне, у якім можна вылучыць наступныя элементы: а‑хух‑ці‑на‑ця‑мненькі, дзе а прыстаўное; хух адпавядае выкл. ’ах, ох’ (КСП); ці па паходжанню асабовы энклітычны займеннік дав. скл. адз. л. 2‑й асобы; на няяснага паходжання, магчыма, узмацняльная часціца тыпу рус. ‑на ў эвона ’вось’, звязаная з займеннікам *onъ, Фасмер, 4, 513; ця па паходжанню асабовы энклітычны займеннік він. скл. адз. л. 2‑й асобы, параўн. а́хця мне выкл. ’гора мне!’ (дзісн., Рам. 8, 519); мненькі займеннік мне з экспрэсіўнай суфіксацыяй, характэрнай для такога тыпу выклічнікаў, параўн. авохцінькі, ахці мненюшкі, ацінькі (ад аці ’дзякую’, гл.), «спешчаныя» формы тыпу спатанькі (ад спаць) і інш., гл. Карскі 2-3, 64, пры гэтым магчыма народнаэтымалагічнае збліжэнне канца слова і цёмны, цёмна, параўн. запісы а вой цямней выкл. ’выказванне незадавальнення’, якія Клопава (Лінгв. зб., 143) выводзіць з авохці мне і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пячо́ра ’нара; падземны ход’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шат., Сержп.; асіп., Сл. ПЗБ), печо́ра ’тс’ (ТС) ’ямка ў рацэ, вымытая вадою’ (ПСл), пычо́ра ’нара’ (Сл. Брэс.), пячэ́ра ’тс’ (рагач., Сл. ПЗБ), пячо́ры ’норы ў абрыве пад берагам’ (Мат. Маг.), пяча́ры ’пячоры’ (трак., Сл. ПЗБ), пяшчо́ра, пешчо́ра, пешчэ́ра ’пячора; нара ў беразе ракі’ (Сцяшк., Мат. Маг.; ТС); укр. пече́ра, пече́ря ’пустота ў зямлі з выхадам на паверхню; нара’, рус. пеще́рац.-слав.), печо́ра, польск. pieczaraусх.-слав., гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 413–414; Цыхун, Acta Albaruthenica, 3, 93), piecora ’глыбокая яма ў рацэ, дзе рака заварочваецца’, балг. пещера́, макед. пештера, ст.-слав. пештера ’пячора’. Прасл. *pekťera ’пячора, яма’, суфіксальнае вытворнае ад *pektь (гл. печ), параўн. з іншай суфіксацыяй серб.-харв. пѐћина ’пячора’. Адпаведна формы са ‑шч‑ запазычаны з царкоўнаславянскай. Гл. Фасмер, 3, 256; ЕСУМ, 4, 364; БЕР, 5, 223; Банькоўскі, 2, 547; Німчук, Давньорус., 112; ESJSt, 11, 636.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’я́ўка1 ’прэснаводны чарвяк, Hirudo medicinalis; sanguisuga’ (ТСБМ, Бяльк., Ласт., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), пья́ўка ’тс’ (Дразд., Бес.), пля́ўка ’тс’ (ЛА, 1); укр. пʼя́вка, пля́вка ’тс’, рус. пья́вка, пия́вка ’тс’; параўн. польск. pijawka ’тс’, чэш. pijavka ’тс’, славен. pijávka. Прасл. *pьjavka звязана з *pьjati, ітэратыў ад *piti ’піць’ (гл. піць), паралельнае ўтварэнне да *pьjavica: пʼя́віца, пʼя́выца (ЛА, 1; Дразд.), сюды ж пʼя́вычнык ’рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), укр. пʼя́віца, рус. пия́вица, польск. pijawica, палаб. pagaweicia, в.-луж. pijelca, чэш. pijavice, славац. pijavica, серб.-харв. пѝјавица, славен. pijávica, балг. пия́вица, макед. пијавица (Фасмер, 3, 271; ЕСУМ, 4, 649; Шустар-Шэўц, 2, 1062; БЕР, 5, 284; Бязлай, 3, 34). Паводле Німчука (Давньорус., 229), формы з суфіксам ‑к‑a з’яўляюцца пазнейшай інавацыяй на ўсходнеславянскай глебе, што цяжка давесці. Гл. таксама пʼеўга́, п’е́ўка.

П’я́ўка2 ’скаба’: пʼяўкамі прысцегваюць сцены (ТС). Няясна; магчыма, да пʼяць ’напінаць, сцягваць’ (ТС), гл. пяць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́хва ’жалезны абруч, які наганяецца на драўляную калодку кола’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Нас., Скарбы, Сцяц., Шат.), ры́хва ’тс’ (Нар. словатв.), ’жалезны абруч; шайба, якая закручваецца на канцы восі; кольца, якім змацоўваюць часткі ў прыладах працы’ (Сл. ПЗБ), ’кольца, якім прымацоўваецца каса да касся’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце; невялікі жалезны абруч, які надзяецца на слуп і на вароты, каб іх зачыніць’ (Шатал.), рэ́хвіна ’рэхва’ (ушац., Нар. лекс.), рэ́квачка ’металічнае кольца якое прымацоўвае касу да касся’ (ЖНС), ’кольца (на грабільне)’ (Сцяц.), рэ́квачка ’жалезная пятля прымацоўваць аглоблі да саней’ (Сцяшк. Сл.), ра́хва, ри́хва, ра́фы ’тс’ (Маслен.); сюды ж рэ́хва ’дурань’ (Жд. 3, Сцяц.). Ст.-бел. рефа (рефъ, рехва, рыфа) ’вобад’ < ст.-польск. refa, ryfa ’тс’ < ням. Reif ’вобад, абруч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120). Формы ори́хва, горе́хва, орехоўкі ’тс’ (Маслен.) паўсталі з несвядомага імкнення адаптаваць, зрабіць зразумелым чужое слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)