сістэ́ма, -ы, мн. -ы, -тэ́м, ж.

1. Пэўны парадак у правільным размяшчэнні і сувязі частак чаго-н., у дзеяннях.

Прывесці ў сістэму выпісаныя прыклады.

Працаваць па правільнай сістэме.

С. выхавання падрастаючага пакалення.

2. Форма арганізацыі чаго-н.

Дзяржаўная с.

Выбарчая с.

3. Спалучэнне заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, ведаў і пад.), якія складаюць нешта цэласнае, адзінае.

С. поглядаў вучоных 19 ст. Нервовая с.

Гукавая с. беларускай мовы.

Педагагічная с.

Філасофская с. (вучэнне). С. аўтамабільных дарог.

Меліярацыйная с.

4. Грамадскі лад, фармацыя.

Сацыялістычная с.

Капіталістычная с.

5. Сукупнасць арганізацый, блізкіх па сваіх задачах, або ўстаноў, аб’яднаных у адзінае цэлае.

С. органаў народнай асветы.

6. Прылада, канструкцыя.

Машына новай сістэмы.

7. Тое, што стала звычайным, рэгулярным заняткам (разм.).

Стала сістэмай для вучняў пачынаць рабочы дзень з фізічных практыкаванняў.

|| прым. сістэ́мны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ро́ля, -і, мн. -і, -яў, ж.

1. Мастацкі вобраз, створаны драматургам у п’есе, сцэнарыі, які ўвасабляецца ў сцэнічнай ігры акцёрам.

Увайсці ў ролю (таксама перан.: асвоіцца з якой-н. манерай паводзін). Выйсці з ролі (таксама перан.: адступіць ад прынятай на сябе манеры). Вытрымаць сваю ролю (перан.: не адступіць ад прынятай на сябе ролі, манеры). У ролі каго-н. (таксама перан.: у якасці каго-н.). Памяняцца ролямі (таксама перан.). Ролі перамяніліся (таксама перан.: змяніліся ўзаемаадносіны людзей, суадносіны іх сіл).

2. Сукупнасць рэплік адной дзеючай асобы ў п’есе.

Перапісаць ролю.

3. Род, характар і ступень удзелу ў чым-н.

Р. асобы ў гісторыі.

Іграць ролю — мець уплыў, значэнне.

Названы фактар іграе тут вялікую ролю.

|| прым. ро́левы, -ая, -ае (да 1 знач. ў некаторых спалучэннях і да 2 знач.; спец.).

Ролевая ігра (з размеркаваннем роляў паміж удзельнікамі).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

злучы́ць 1, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго-што.

1. Змацаваць адно з другім пры дапамозе чаго‑н., якім‑н. чынам. Злучыць канцы правадоў. // перан. Звязаць якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Паўлінка:] Калі, калі ўжо надыдзе тая часінка, што нас злучаць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Купала. — Ты — мой любы і жаданы, і я мой лёс злучу з табой. Машара.

2. Устанавіць зносіны, сувязь з чым‑н., паміж чым‑н. Злучыць новыя гарады чыгункай. Злучыць сельсаветы тэлеграфнай сувяззю. □ Каналамі злучылі мора з морам, Стан Волга абняла Масквы-ракі... Купала. // Зрабіцца сродкам зносін, сувязі паміж чым‑н. І мост над глыбокай ракою Падняўся, што выгіб дугі, Навекі злучыў між сабою Крутыя яе берагі. Калачынскі. // Падключыць нумар абанента для тэлефонных перагавораў. [Кісель] прайшоў у кабінет Яўгена Данілавіча і папрасіў тэлефаністку пошты злучыць яго з кватэрай. Паслядовіч. [Камісараў:] Зараз жа злучыце мяне з тэлеграфам. Маўзон.

3. Сабраць разам, аб’яднаць; утварыць адно цэлае. — Паўстань, народ, глучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды. Колас. [Трактар] выйшаў на зарэчныя палі, каб заараць усе межы і ўсе палеткі злучыць у адно шырокае калгаснае поле. Бяганская.

4. Прывесці ў хімічнае ўзаемадзеянне. Злучыць вадарод з кіслародам.

5. Звязаць, спалучыць. Злучыць тэорыю з практыкай.

злучы́ць 2, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго.

Звесці самку і самца для палавога акта з мэтай атрымання прыплоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асцень ’шчацінка на коласе злака’ (Нас., Серб.). Укр. остень ’восці’. Форма, утвораная ад остьньць, якое ўтвараецца з субстантываванага остьнъ ’прадмет, што мае вастрыё’ (восці, асцюкі, маладое пер’е ў птушак і г. д.). Остьнъ адлюстравалася ў форме асой (гл.) з выпадзеннем ‑т‑ паміж зычнымі і ў форме асцён ’пуга з вастрыём для падгону валоў’ (Бяльк. Арх.). Праслав. *ostьnъ адлюстравана ў старарускай, старабеларускай (у Скарыны — Булыка, Весці АН БССР, 1970, 4, 124), старапольскай, польскай, палабскай (vistʼăn), чэшскай, славацкай, славенскай, сербскахарвацкай, македонкай, балгарскай мовах. Утворана з суфіксам ‑n‑ ад *ostь (гл. восці). Ад *ostь утвораны таксама зборны назоўнік асцё (параўн. укр. дыял. остє) пры дапамозе суфікса ‑j‑e, асцюк (рус., укр. остюк) з суфіксам ‑ук, асцюлька і г. д. Ад остьнъ і остенчик ’ражон’ (Булг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́шка1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.

Галу́шка2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лог ’шырокі, доўгі яр з адхоннымі схіламі’ (ТСБМ), ’даліна, нізіна, лагчына’ (Гарэц., Касп., Яруш., Сцяшк.; саліг., КЭС; віл., барыс., раг., Сл. ПЗБ), ’гразкая частка дарогі праз луг’ (Мат. Бых.), ’сенажаць, нізіна’ (ТС), ’вузкі кавалак сенажаці паміж палеткамі’ (КЭС, лаг.), ’лагчына з хмызняком’ (Ян.), навагр. ’раздолле’ (КЭС). З аналагічнымі значэннямі — у рус. і ст.-рус. мовах. Укр. лог, ліг ’логавішча’, серб.-харв. ло̑г ’тс’, ’ляжанне’, балг. лог ’прынада’. Прасл. logъ < ležati (Слаўскі, 5, 256–257; Фасмер, 2, 509). Параўн. бел. навагр., слонім. логмалёгма) ляжаць (Нар. сл., Нар. словатв.), палес. логом лежаць ’нерухома, не маючы сіл падняцца’, логоваць ’ляжаць аблогам’ (ТС), серб.-харв. лежи логом ’ляжыць нерухома’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-нарв. log ’месца ляжання’, гальск. logan ’магіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Папяро́чка1 ’брус, жэрдка, планка і пад., замацаваныя ўпоперак чаго-н. або паміж чым-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Тарнацкі, Studia), поперэчка ’тс’ (Шушк.), поперэ́чка ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 809). Дэрыват з суф. ‑к‑ ад папяро́чны < папярок (гл.).

Папяро́чка2 ’папярочны загон’ (Сл. ПЗБ), поперэ́чка ’папярочнае ўзворванне’ (Выг.), папярэ́чняк ’папярочны загон’ (Сл. ПЗБ), поперэчня́к, попяро́чніца ’тс’ (Выг.). Суфіксальныя дэрываты ад папярочны < папярок (гл.). Аналагічныя дэрываты ў інш. славянскіх мовах. Выгонная (Лекс. Палесся, 54 і наст.) адзначае ўсх.-палес.-паўдн.-слав. ізалексу (попярочніцаславен. poprečnica ’папярочная баразна’) і зах.-палес.-польск. (вармінскую) (поперэчнякpopršyčnak ’папярочны загон з краю поля’).

Папяро́чка3 ’вельмі шырокая саматканая спадніца ў палоскі, якія ляжаць упоперак’ (ДАБМ, 934). Дэрыват з суф. ‑к‑ ад папяро́чны (гл. папярок).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перахлябісты ’худы, з вельмі ўпалым жыватом’ (ТСБМ, Янк. 1; бялын., Янк. Мат.; Шат., Мат. Маг., Мат. Гом.; лун., Шатал.; ЛА, 1), ’з крывой спіной’ (Шат.), ’тонкі ў поясе’, ’з выгнутай спіной’ (Нар. Гом.), ’пакатая (страха)’ (ЛА, 4), мсцісл. піріхля́бістысць ’патанчэнне, звычайна ў таліі’ (Юрч. СНЛ), перахля́біна ’неглыбокая ўпадзіна, паглыбленне паміж двума ўзвышшамі’ (ТСБМ; лід., дзятл., лях., Сл. ПЗБ); ’нізінка на раллі, дзе стаіць грунтовая вада; упалае месца на целе жывёлы; тонкае, слабое месца на скуры-юхце’ (Варл.), перахля́біцца ’рэзка патанчэць ад голаду, знясілення, выгаладацца, схуднець, змарнець’ (бялын., Янк. Мат.; ТС; Скарбы; Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.); перахля́баны, перахля́блы, перахля́бʼяны ’галодны (пра карову)’ (ЛА, 1). Звязана з хля́ба ’худая, схуднелая істота (чалавек, жывёліна)’, хля́бы ’апалыя бакі ў жывёлы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́кавіна1 ’прамежак паміж капытоў у жывёлін’, ’раздвоены капыт (каровы, свінні, казы)’ (ганц., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), ракава́ціна (ганц., Сл. ПЗБ), рако́ўня (чэш., ЛА, 1), ра́кавішкі мн. л. (круп., Лекс. ландш., 56), ра́кавіца (добр.). Істотна, што назва азначае менавіта раздвоены капыт парнакапытных (каровы, свінні, казы). Па існуючай этымалогіі выводзіцца ад *raky, *rakъve ’абалонка’ (Фасмер, 3, 439). Аднак дня акрэслення першаснага значэння трэба звярнуць увагу на ўласна ’прамежак’, адсюль ра́кавіна развівае старажытную семантыку раздвоенасці ці выгнутасці (гл. рак1, 3, ракі).

Ра́кавіна2 ’ракавіна малюска’ (ТСБМ, Мат. Гом.), з-за адзінкавасці фіксацыі ў народнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. ра́ковина ’тс’.

*Ра́кавіна3, ра́ковіна ’нарост, гуз на дрэве’ (ТС). Імаверна, звязана з рак2 (гл.) ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суто́нне ’паўзмрок паміж заходам сонца і надыходам ночы, а таксама перад світаннем’ (ТСБМ, Сцяшк.), суто́нак ’тс’ (Сцяшк.), суто́нець, суто́ньваць ’змяркацца’ (ТСБМ), сутуня́цца ’тс’ (Сцяшк.), суто́нівацца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), сутаня́цца ’тс’ (Жд. 1), сутуні́ты (Сл. Брэс.), сутыня́ты (стол., Нар. лекс.), сутэня́ті ’тс’ (пін., З нар. сл.), сутоні́цца ’тс’ (пух., З нар. сл.), сутуні́ты ’пачынаць світаць’ (драг., З нар. сл.), суты́ніть ’тс’ (пін., З нар. сл.). Укр. су́тінь, су́тінок ’змрок’, сутоня́е ’змяркаецца’, серб.-харв. су́тон ’змярканне, змрок’, усу́тонити ’змеркнуцца’. Усх.-слав.-серб.-харв. ізалекса (Талстой, Лексика Пол., 18). Дэрыват ад прасл. *(sъ)tęti sę, *(sъ)tinati ’сцягваць, згушчаць’; рэканструююцца прасл. *sǫtonъ, *sǫtonьje, *sǫtoniti sę (Мяркулава, Этимология–1975, 56–57; Казлова, Регионализмы, 5; Запрудскі, дыс., 35; Борысь, Etymologie, 263; ЕСУМ, 5, 485), гл. сцяць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)