Вярох ’верх прадметаў, на які можна пакласці што-небудзь’ (Нік. Заг.), паўн.-рус. (паўсюдна) верех ’верх’; ’верхні паверх дома’; ’гара (у будынку)’; ’верхні слой, паверхнасць’. Відаць, бел. лексема складае адзіны бел.-рус. арэал. Гук ‑о‑ другасны, новы; ён узнік паміж дзвюма зычнымі, збег якіх цяжка вымаўляецца (Карскі, 1, 201). Параўн. гэту з’яву ў інш. словах: ваўк. zubiòr ’зубр’ (Федар., 1), лід. мудзʼор ’мудры’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́твы ’замёрзлая зямля або гразь; груда’ (віц., Яшкін). Параўн. галу́та ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут нейкія формы з уканнем (фанетычным або як вынік уплыву іншых слоў — сказаць цяжка). Параўн. падобныя формы з рус. мовы: голутва́, голудьба ’замёрзлыя кучы зямлі восенню’. Здаецца, што зыходныя формы для бел. мовы былі *golotva, *golota ад *golъ; параўн. важны элемент семантыкі ў слове галу́та: ’замёрзлая зямля без снегу’ (!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дані́на ’даніна’ (БРС, Нас.). Гэта слова можна лічыць вытворным ад прасл. *danь ’тс’. Аднак і форма *danina, магчыма, таксама ўжо была прасл. (*danina: параўн. укр. дани́на, рус. дани́на, польск. danina, серб.-харв. да̀нина). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 187. Фармальна гэта ўтварэнне фармантам ‑n‑ ад da‑ ’даць, даваць’, але Трубачоў (там жа, 188) дапускае больш складаную гісторыю гэтага слова (магчыма, што тут гетэраклітычныя варыянты *dor‑; *don‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дапну́ць ’дабрацца, дайсці, знайсці, дапасці’ (Сцяц.). Як здаецца, можна ставіць пытанне, ці не з’яўляецца гэта лексема запазычаннем з польск. мовы. Параўн. польск. dopiąć ’дабіцца, дайсці’, dopinać ’дабівацца, дасягаць’. Аб магчымасці запазычання сведчыць геаграфія пашырэння слова (зах. гаворкі бел. мовы), а таксама, як здаецца, не зусім звычайны для бел. мовы марфалагічны тып дзеяслова. Прамым запазычаннем з польск. з’яўляецца і бел. дапя́ць (БРС) ’дабіцца, дайсці, апынуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Досць ’досыць’ (БРС). Як і до́сыць (гл.), узыходзіць да слав. *do syti (*do sъti). Наўрад ці можна думаць пра запазычанне з польск. dość ’тс’ (< dosyć; гл. Слаўскі, 1, 158–159), хоць такая магчымасць не выключаецца (бел. досць. здаецца, на ўсх.-слав. тэрыторыі ізаляванае, няма ў іншых усх.-слав. мовах, калі не лічыць укр. дыял. до́ста). Агляд роднасных форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ква́піць ’тс’ (ТСБМ), ’цікавіць, прыцягваць увагу’ (Сцяшк.), ’накопліваць багацце’ (ТС). Укр. квапити ’прымушаць, падганяць’, польск. kwapić ’тс’, чэш. kvapiti ’хутка рухацца’, в.-луж. kwapić ’тс’. Слова адсутнічае ў паўднёваславянскіх мовах і на асноўнай рускай тэрыторыі. У адпаведнасці з вядомай версіяй (Бернекер, 655) каўзатыў да прасл. kypěti ’кіпець’. Дадатковым аргументам у карысць гэтай этымалогіі можна лічыць каш. pře‑kvapic ’выкіпець’. Гл. Слаўскі, 3, 459; ЕСУМ, 2, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апры́ндзіцца ’здохнуць’ (Жд.). Магчыма, экспрэсіўны варыянт апрэгчыся, прычым паяўленне ‑н‑ можа тлумачыцца і наяўнасцю гіпатэтычнага польскага адпаведніка з насавым галосным. Параўн. яшчэ літ. aprìmti ’супакоіцца’, лат. aprèmdêt, aprèmdinat ’супакоіць, ахаладзіць’; гэты ж дзеяслоў выступае ў форме aprindinât. З другога боку, ці не трэба тут параўнаць з рус. прунда ’чалавек, які хварэе нетрыманнем мачы’, пры прудить(ся) ’мачыцца ў пасцель’, тады апрындзіцца непасрэдна можна звязаць з апрудзіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бароўка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Паколькі параўнанне з бор ’лес’ не мае сэнсу, то хутчэй за ўсё можна бачыць тут аснову бар‑, якая служыць для падзывання авечак. Параўн. бел. бар‑бар (ДАБМ, № 305), рус. бар‑бар, барь‑барь, баря‑баря; ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Божая кароўка часта называецца (божым) баранчыкам, (божай) авечкай. Параўн. чэш. berunka, beruška, ням. Herrgottschäfchen. Літ-py гл. пад бе́дрык. Параўн. і буроўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баўдзі́ла ’лаянкавае слова’ (Янк. БП), ’дурань’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж., БРС), бо́ўдзіла ’дурань’ (Янк. Мат.), бо́ўдзіло (Арх. Бяльк., слонім.), боўдзіла ’вярзіла’ (Шат.), ’чалавек, які ў гутарцы ўжывае недарэчныя ці лаянкавыя словы’ (КЭС, лаг.), бо́ўціла ’лаянкавае слова’ (КЭС). Можна меркаваць, што ёсць сувязь з словам боўдзіла ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (гл.). Перанос значэння ’палка, дубіна, жэрдка’ → ’дурань’ добра вядомы амаль ва ўсіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блу́тацца ’бадзяцца’ (Жд.), блута́цца ’блытацца, заблытвацца’ (Бяльк., Влад.), блутаніна (Касп.). У рус. гаворках, здаецца, няма (гл. СРНГ), таксама і ва ўкр. мове. Гэтае слова можна лічыць бел. новаўтварэннем з дзеяслова плутацца, плутаць, вядомага ва ўсх.-слав. мовах. Блу́тацца, блу́таць узнікла экспрэсіўным азванчэннем п > б (перад л). Але не выключаецца і ўплыў (кантамінацыя) дзеяслова блудзі́ць, блука́ць. На аснове блу́тацца, блу́таць далей утварыўся дзеяслоў блытаць, блытацца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)