Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ірда́нь ’рэлігійны абрад асвячэння вады’ (Бяльк.), ’месца, дзе ў дзень богаяўлення асвячаюць ваду’ (Нас.). Рус. иорда́нь ’месца на рацэ, дзе праводзяць асвячэнне вады і некаторыя царкоўныя святы’, дыял. ’вадохрышча’, ’палонка’, ирда́н, ирда́нь ’месца на рацэ, возеры ці сажалцы для царкоўнага абраду асвячэння вады’, ’палонка’, ’чысты ручай, крыніца’, ерда́нь ’палонка’, укр. дыял. йрда́нь ’месца на рацэ, дзе асвячаюць ваду ў дзень богаяўлення’. У рускай пісьменнасці иердань, иордань, ердань ’палонка з памостам і часовай капліцай для вяршэння абраду асвячэння вады і купання’ з XVI ст. Утворана ад назвы ракі Іардан (грэч. Ἰορδάνης), у якой, паводле евангельскага падання, хрысціўся Іісус Хрыстос. Гл. Фасмер, 2, 23.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.
2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́ста,
1. Прысл. да чысты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.
3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.
•••
Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Тля ’дробнае насякомае, якое жывіцца сокам раслін’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Арх. Вяр.), ’моль, Acarus’: тля мучная, сырная (Ласт.), ’плесня, мох на чым-небудзь гнілым; прах; моль, дробныя чарвякі’ (Нас.), ’плесня’ (Байк. і Некр.), тля́га ’тля’ (Барад.), ст.-бел. тля ’тля’ (1489 г., КГС). Укр. тля, дыял. тлі́я, рус. тля ’тс’. Звязваюць з прасл. *tьliti ’хутка і прагна есці, паглынаць; выгадоўваць, адкормліваць; губіць, знішчаць, псаваць, пажыраць’, параўн. стараж.-рус. тьлити ’псаваць, пажыраць’, роднаснае *tьlěti ’тлець’ (гл. тлець). Акрамя таго, супастаўляецца з грэч. τῖλάω ’вадкія экскрэменты’, ’хварэю на панос’, лат. tĩrelis ’балота’, літ. týras ’балота; чысты’, tỹrė ’каша’, што няпэўна (ЕСУМ, 5, 583; Фасмер, 4, 65).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Праўдзівы, прамы і добрасумленны. Але Зайкін, чалавек чэсны, бачыў Новікава наскрозь і не паспагадаў яму. Дуброўскі. Слаўны хлопец, гэты Мікола. Сапраўдны таварыш. І чалавек чэсны. Савіцкі. // Прасякнуты праўдзівасцю, добрасумленнасцю. Чэсныя намеры. Чэсная праца. // Атрыманы ў выніку добрасумленных паводзін, адносін. Чэсны заробак.
2. Справядлівы, бездакорны ў маральных адносінах. Чэснае імя. □ [Чарнавус:] Учора, лёг, як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Крапіва.
3. Маральна чысты, цнатлівы. [Валянціна Васільеўна:] — І Антось не вінаваты. Я чэсная перад ім, як анёл. Гроднеў.
•••
Чэснае слова гл. слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.
2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.
1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.
2. і без дап. Сеяць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.
2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)