парыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Імкнуцца, намервацца што‑н. зрабіць. Палашка пазірае на Панаса і хвалюецца, парываецца нешта сказаць і не зусім яшчэ адважылася, каб гаварыць. Галавач. Не раз парываліся Антон з Іванам кінуць вучобу зусім і дапамагаць сястры ў гаспадарцы. Місько. Стары Міклюта двойчы парываўся схапіцца з Міхалам, але Міхал адбягаў, выкручваўся. Сіняўскі.
2. Зал. да парываць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Зрабіць абмен, абмяняць. — І яшчэ адно, Андрэй Ігнатавіч, — шэптам загаварыў барадач, — трэба збыць тавар, прамяняць на чырвонцы, з імі спакайней... Якімовіч. // на каго-што. Адмовіўшыся ад каго‑, чаго‑н., аддаць перавагу другому. Ну і кожны з хлопцаў бадай што роднага бацьку прамяняў бы на .. [Піліпа]. Кулакоўскі. — Самасад ні на якія папяросы не прамяняю, — заявіў .. [Васіль], згортваючы цыгарку. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смаля́к, ‑а, м.
Смалісты кавалак дрэва. На агні яркім полымем гарэў смаляк, і ад гэтага за кругам святла цемень здавалася яшчэ больш густой. Краўчанка. У грубцы весела разгараліся смалякі, страляла іскрамі. Шамякін. А я яшчэ памятаю, калі людзі смалякамі ды лучынай асвятляліся. Сіняўскі. // толькі мн. (смалякі́, ‑оў). Насычаная смалой драўніна хваёвых парод, якая выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу каніфолі, шкіпінару і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ціхо́ня, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.
Ціхі, лагодны, ціхмяны чалавек. Аднойчы гэты ціхоня, які, здавалася, і мухі не мог пакрыўдзіць, учыніў такое, што не кожны даваў веры. Сіняўскі. І вось Волька скончыла вучобу не горш, а, можа, нават і лепш за Петруся. Вось табе і ціхоня Волька. Хто б мог падумаць!.. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.
2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтэрнацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Міжнародны. Інтэрнацыянальнае адзінства рабочага класа. // Многанацыянальны. Інтэрнацыянальны батальён. □ Да нас у атрад пачалі прыходзіць немцы, чэхі, палякі, французы, італьянцы. Праз год у нас ужо быў цэлы інтэрнацыянальны ўзвод. Сіняўскі. Наш невялічкі калектыў камунараў-чырвонаармейцаў быў інтэрнацыянальным: у нас былі і рускія, і ўкраінцы, і беларусы, і яўрэі. «Маладосць».
2. Які адпавядае прынцыпам інтэрнацыяналізму, заснаваны на прынцыпах інтэрнацыяналізму. Інтэрнацыянальнае выхаванне працоўных. Інтэрнацыянальная пралетарская салідарнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сабата́ж, ‑у, м.
1. Наўмысны зрыў якога‑н. мерапрыемства ўхіленнем ад удзелу ў ім ці свядомым нядобрасумленным яго выкананнем. [Кох:] — Трэба паслаць у дэпо сваіх людзей, праз якіх мы зможам ведаць усё: хто перашкаджае, адкуль ідзе сабатаж, каго трэба ліквідаваць там. Лынькоў.
2. Замаскіраванае супрацьдзеянне ў мэтах перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н. Сабатаж справы міру. □ [Міхась:] — Бяры сякеру і — на гумно. А не прыйдзеш, будзем лічыць гэта як сабатаж. Сіняўскі.
[Фр. sabotage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утрапёны, ‑ая, ‑ае.
Нястрымны ў праяўленні якіх‑н. пачуццяў. Успомнілася акушэрка, што ўляцела тады ноччу ў хату, як утрапёная. Як яна ўвіхалася ля Анэты, старалася, бегала. Пташнікаў. // Які выражае ўтрапенне. — Кругом агонь! — адказалі.. [Максіму Астаповічу] сотні ўтрапёных галасоў. Чорны. Усе глядзелі на.. [Галезнікаў] утрапёнымі позіркамі. Сабаленка. // Раз’юшаны; ашалелы. Кідалася [Марфа], як утрапёная, лаялася на чым свет стаіць. Сіняўскі. Аксіння, як утрапёная, дабегшы да рэчкі, кінулася за дачкою. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З махрамі. Карычневы шалік з .. какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў .. [Людзін] твар. Брыль.
2. Падобны на шматкі, касмылі па краях чаго‑н. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны. Колас.
3. З вялікай колькасцю пялёсткаў. Кветка была вялікая, махрыстая. Тамары здавалася, што і пахне яна не так, як іншыя. Сіняўскі. // З вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў. Махрысты корань.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́лаз 1, ‑а; мн. палазы, ‑оў; м.
1. Адна з дзвюх ніжніх частак саней у выглядзе загнутай спераду драўлянай паласы (або металічнай пласціны). Спрасаваны людскімі нагамі ды саннымі палазамі снег быў цвёрды, што на таку. Сіняўскі. Рэзка рыпеў снег пад палазамі чатырох партызанскіх саней. Краўчанка.
2. Спецыяльны брус, які падкладаецца пад ніз пры перавозцы цяжару, пры спуску суднаў і пад.
по́лаз 2, ‑а, м.
Неядавітая змяя сямейства вужоў. Амурскі полаз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)