ачы́сціць, ачышчу, ачысціш, ачысціць; зак., што ад чаго.

1. Зрабіць чыстым, выдаліўшы бруд, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Верабей ачысціў гняздо ад бруду, смецця, нанасіў свежага пуху. Пальчэўскі. // Зрабіць чыстым па саставу, вызваліць ад чужародных прымесей. Ачысціць спірт. Ачысціць паветра. // перан. Вызваліць, пазбавіць ад чаго‑н. пабочнага, непатрэбнага, шкоднага. // перан. Зрабіць чыстым у маральных адносінах. Ачысціць сумленне.

2. Зняць, абскрэбці, аблупіць. Наглядаючы за ўдалымі рухамі Маіных рук, Сцяпан прыйшоў да думкі: каб ёй падаваць рыбу на стол, то яна ачысціла б за добрых двесяцярых. Дуброўскі.

3. Прыбраць, вынесці адкуль‑н. усё лішняе, непатрэбнае. [Стафанковіч:] — Млын закідан рыштункам і плашкамі на дровы. Трэба ачысціць. Чорны.

4. Вызваліць ад прысутнасці каго‑, чаго‑н. варожага, непажаданага. Зону зноў ачысцілі ад акупантаў, у вёсках устанавілі партызанскія гарнізоны і камендатуры. Няхай. // Пакінуць што‑н., вызваліць ад сваёй прысутнасці. Пляцінскі на хвіліну прыпыніўся, спыніў за рукаў Зынгу і грозна заявіў: — Заўтра ж ачысці мне кватэру. Чорны.

5. Разм. груб. З’еўшы ўсё, дачыста, зрабіць пустым, чыстым (пасудзіну і пад.). Ачысціць талерку баршчу.

6. Разм. Абакрасці. Ачысціць кішэні. □ Патруцілі [зладзеі] сабак і ачысцілі камору і свіран. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.

2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.

3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.

4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́плаў1 ’заліўны луг у пойме ракі’ (ТСБМ, Некр., Гарб., Нікан., Шат., Сл. ПЗБ; петрык., Мат. Гом.; ТС, Сл. Брэс.), поплыў ’тс’ (Бяльк.), ’незабалочаная сухадольная сенажаць’ (Янк. 2; лун., Сл. Брэс.), ’луг каля вёскі’ (Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ; драг., Сл. Брэс.), ’месца на рацэ, возеры, якое зарасло трысцём’ (Інстр. 1: слуц., КЭС), ’сенажаць на высокім месцы’ (лун., Шатал.), ’пясчанае месца каля ракі’ (Сл. ПЗБ), по́плава, по́плаво ’тс’ (Скарбы), поплава́ ’выган’ (в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ) по́плавына ’тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), ’смецце, нанесенае паводкай’ (Ян., ТС), укр. по́плав ’заліўны луг’, рус. бранск. по́плав ’заліўны луг, выган’, польск. popław ’заліўны луг’, ’сена з такіх лугоў’. Вытворнае ад прасл. *pluti/*plavati ў першасным значэнні ’ліць, цячы’, ’заліваць вадой’, параўн. славен. popláva ’паводка’, poplaviti ’заліць’; азначае як месца, якое заліла вада, так і месца, ад якога вада адступіла з агульным значэннем ’пасля паводкі’. Гл. плаваць.

По́плаў2 ’расліна маннік, Glyceria R. Br.’, паплаво́к, мн. л. плаўкі́ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по-, гл. плаваць і плаў як агульная назва для расліннага покрыва на вадаёмах (Расл. св.).

По́плаў3 ’сетка для падлёднай лоўлі рыбы’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад плавіць ’сплаўляць па плыні ракі’, перанос семантыкі на прыстасаванне, што дзейнічае, выкарыстоўваючы ток вады, параўн. рус. плавная сеть ’самаплаўная сетка’, польск. popław ’плынь, ток вады’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траці́ны1 ‘пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑всмецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57- 64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́несці, ‑несу, ‑несеш, ‑несе; пр. вынес, ‑ела; зак., каго-што.

1. Несучы, выдаліць адкуль‑н., выставіць за межы чаго‑н. Вынесці мэблю з кватэры. Вынесці смецце. □ — Прыхавай шрыфт дзе-небудзь, — папрасіў Мікола. — Вынесі з хаты. Навуменка. // Змясціць частку чаго‑н. асобна, за межамі цэлага, сістэмы. Вынесці дробавы лік за дужкі. // Завесці што‑н. куды‑н. І зімою Галя не гуляла: то пойдзе карове дасць, то вынесе свінням, то дроў унясе ў хату. Сабаленка.

2. Хутка вывезці, вымчаць куды‑н. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. Конь мігам вынес.. [байца] за сяло. Мележ.

3. Захапіўшы ў агульны паток, прынесці, прыбіць куды‑н. Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі. □ Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі.

4. перан. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства, вывучэння чаго‑н. Вынесці ўражанне. □ Ад знаёмства з.. людзьмі я вынес два неразлучныя пачуцці — захапленне і ўдзячнасць. Брыль.

5. Вытрымаць, перажыць, перанесці. Не такія, як сёння, удары прыходзілася вынесці вось гэтай пасівелай без пары галаве. Брыль.

6. Прапанаваць на абмеркаванне, вырашэнне. Вынесці пытанне на разгляд сходу.

7. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: утварыць дзеянне, якое адпавядае значэнню гэтых назоўнікаў. Вынесці падзяку, пастанову. Вынесці прысуд, вымову.

•••

Вынесці на сваіх плячах — вытрымаць на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. справы, працы.

(Ледзь) вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а .. [Блішчынскі] ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жу́жма1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел. рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус. рыхлый, польск. rychły ’хуткі, паспешны’, славац. rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш. rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж. rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл. *rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат. rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsaсмецце’, літ. ruošù (лат. roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням. rusch, ст.-ісл. rúst ’разваліны’, нідэрл. rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл. *rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск. rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням. rücheln, ням. Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑ ’рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ. rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дом, ‑а і ‑у; мн. дамы, ‑оў; м.

1. ‑а. Будынак для жылля, размяшчэння устаноў і прадпрыемстваў. Цагляны дом. Будаўніцтва жылых дамоў. □ Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат. Бядуля. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. // перан. Пра ўсё, што можа служыць прытулкам, сховішчам для каго‑, чаго‑н. Гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Маўр.

2. ‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. □ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Новікаў. Змарылася... Цяжка старой Тупаць дзень каля дому. Гілевіч. Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго. Паўлаў. // Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. □ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. // перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом. Колас.

3. ‑а; каго-чаго або які. Як назва дзяржаўнай, грамадскай, культурнай установы, а таксама памяшкання, дзе яна знаходзіцца. Дом калгасніка. Дом мадэлей. Дом культуры. Гандлёвы дом.

4. ‑у. Дынастыя, род. Дом Раманавых.

•••

Дзіцячы дом — вучэбна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей, якія не маюць бацькоў.

Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.

Заезны дом — тое, што і заезны двор (гл. двор ​1).

Казённы дом (уст.) — а) афіцыйная дзяржаўная ўстанова або служба ў ёй; б) турма.

Публічны дом — у капіталістычным грамадстве: памяшканне, у якім жывуць і прымаюць наведвальнікаў прастытуткі.

Выносіць смецце з дому гл. выносіць.

На дом — дамоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)