1) біямаса, здольная пры згаранні даваць энергію (драўніна, торф, водарасці і інш.).
2) Арганічныя адкіды (гной, смецце, памёт, драўнянае пілавінне і інш.), якія выдзяляюць у працэсе распаду цяпло. Біяпаліва шырока выкарыстоўваюць для абагравання цяпліц, парнікоў і ахаванага грунту. Пры распаданні біяпаліва вылучаюцца вуглякіслы газ, аміяк і вада, якія спрыяюць росту і развіццю раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКО́ВАЯ МОЛЬ, агнёўка пчаліная вялікая (Galleria mellonella),
матыль сям. агнёвак. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі — у раёнах пчалярства. Актыўная на змярканні і ноччу.
Даўж 15—20 мм, размах крылаў 15—35 мм. Пярэднія крылы ў самкі фіялетава-шэрыя, у самца бураватыя, заднія шэрыя. Яйцы адкладвае ў шчыліны і смецце на дне вуллёў, на соты. Вусені (клочні) даўж. 14—18 мм брудна-белыя з карычневай галавой. Кормяцца арган. рэшткамі, потым воскам сотаў, коканамі пчол (ператвараюць іх у парахню). Ячэйкі сотаў аплятаюць павуцінай. Акукліванне ў коканах. За год 2—3 пакаленні. Вусені або яйцы зімуюць. Васковая моль шкодзіць пчалярству. Пры масавым размнажэнні пчаліныя сем’і гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,
старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл.Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд.смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКу мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел.літ. мовы не характэрныя.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.