здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.
2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.
3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.
2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.
3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.
4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца, разваліцца на часткі ад удару або ціску, даць трэшчыну. Раскалолася, як цацачная, і рухнула каменная лазня, выбуховай хваляй скінула з рэек вагон. Навуменка. Лёдавая паверхня мора раскалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Бяганская. / у перан. ужыв. І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Распасціся на дзве або некалькі груп у выніку рознагалоссяў. Свет раскалоўся на два лагеры. □ Народніцтва раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў палітычнай барацьбы. «Полымя».
3. перан. Разм. Выдаць, расказаць тайныя, сакрэтныя звесткі. Спачатку [Косцік] хацеў падгаварыць і Воўку, каб разам .. ісці ў лес, потым перадумаў. Воўку — не. Скнара ён і размазня. Зловяць немцы, прыціснуць Воўку, ён і расколецца. Арабей. Пан Мазурэцкі глядзеў на Рыгора і думаў сабе: «Гэты расколецца, нідзе дзенецца». Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
1. Нахіліцца, нагнуцца трохі ўніз, да зямлі. Нікне трава ад жаласці, а дзерава пад тугою к зямлі прыхілілася. Купала.
2. Шчыльна наблізіцца да чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца. Лынькоў. Міхась прыклыпаў да дзвярэй, прыхіліўся плячом да вушака — роўна стаяць было яму цяжка. Савіцкі.
3. Прытуліцца, прыпасці да каго‑н. Але хлопчык і не варухнуўся, глянуў спадылба на Косцю, прыхіліўся бліжэй да Ірыны. Арабей. Тады Стася зусім блізка прыхілілася да .. [бацькі] і яшчэ цішэй, ледзь чутна запытала: — А як з мамкай? Зарэцкі. // перан. Знайсці спагаду, спачуванне ў каго‑н.; адчуць прыхільнасць да каго‑н. — Людзі нашы нядрэнныя. Вядома, цёмныя мы, прыхіліцца не да каго, — Алесь зразумеў, што .. [Марыніч] кажа Калачыкавы словы. Чарнышэвіч. Няма да каго прыхіліцца, няма каму пра сваё гора расказаць. Якімовіч. Ранняй часінай к табе я лячу, Позняй парою, Толькі к табе прыхіліцца хачу Сэрцам, душою. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.
2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.
3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.
•••
Вывернуць душу — падзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Перапісаць асобна часткі чаго‑н. Распісаць тэкст на картачкі. Распісаць ролі.
2. Размеркаваць каго‑, што‑н. паміж кім‑, чым‑н., зрабіўшы аб гэтым адпаведны запіс. Распісаць рацыён. Распісаць маршрут па ўчастках.
3. Разм. Зарэгістраваць чый‑н. шлюб. Старшыня сельсавета распісаў маладых.
4. Размаляваць фарбамі, узорамі, накрыць роспісам (у 2 знач.). Распісаць столь. Распісаць вазу. / у перан. ужыв. За гулам людзей не чуваць ні свісту ветру на вуліцы, ні таго марозу, які паспеў распісаць на розныя ўзоры шыбы вокнаў. Сергіевіч. Дарожны вецер і гарачае жнівеньскае сонца яшчэ больш распісалі загарам .. [Сцёпкаў] і без таго загарэлы твар. Колас. // перан. Разм. Збіць, пакінуўшы на целе рубцы, сінякі. Мікіта расказваў, як белапалякі распісалі бізунамі яго старую спіну. Каваль.
5. перан. Разм. Расказаць, апісаць што‑н. занадта падрабязна, у дэталях. Рэдактар.. распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Шамякін. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыпо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае характэрныя асаблівасці, уласцівыя пэўнаму тыпу прадметаў, з’яў, людзей і пад. Тыповы паўднёвы горад. Тыповы беларускі арнамент. □ Герой аповесці [«Набліжэнне»] Левін — тыповы дробнабуржуазны інтэлігент. Яго светапогляд вельмі абмежаваны. Перкін. // Разм. Ярка выражаны. Тыповае верхаглядства.
2. Які часта сустракаецца, звычайны, характэрны для каго‑, чаго‑н. Тыповы выпадак. Тыповая памылка. □ Федароўскіх, Елаўскіх, Малых — тыповыя для Урала прозвішчы. Шынклер. Для Беларусі тыповым з’яўляецца залаты карась. «Беларусь».
3. У мастацтве — які аб’ядноўвае індывідуальныя, своеасаблівыя рысы з прыкметамі і ўласцівасцямі, характэрнымі для шэрага з’яў і асоб. У рамане Шамякін здолеў намаляваць тыповую карціну партызанскай барацьбы ў тыле ворага, барацьбы, якая пабыла шырокі размах і ўсенародны характар. Гіст. бел. сав. літ. Матывы адлёту журавоў, буслоў і гракоў — тыповыя для народнай творчасці, для беларускай паэзіі. Палітыка. / у знач. наз. тыпо́вае, ‑ага, н. Аўтар нібы імкнецца толькі добрасумленна расказаць пра чалавека ўсё, што ведае, не спрабуючы вылучыць тыповае ў яго характары і адсеяць выпадковае і нехарактэрнае. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́ступіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
1. Выйсці наперад адкуль‑н., з-за чаго‑н. Васіль.., не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакару. Мележ. // Стаць бачным, абазначыцца. З правага боку выступілі з-за шэрай заслоны дажджу абрысы касы. В. Вольскі. Вада.. [у сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр.
2. Выйсці, адправіцца. На світанні партызаны выступілі ў пушчу.
3. перан. Пачаць працу ў якой‑н. галіне. Выступіць на літаратурную арэну. Выступіць на падмостках сцэны.
4. Звярнуцца да грамадскасці з якім‑н. паведамленнем, прапановай, планам і пад. Выступіць з дакладам. Выступіць у спрэчках на сходзе. □ Калі ўсе.. пытанні былі абмеркаваны, выступіў дзед Талаш, каб расказаць пра Саўку Мільгуна. Колас. // Адкрыта выказаць свае думкі, погляды, прапановы і пад. Выступіць у абарону міру. Выступіць супраць падрыхтоўкі новай вайны.
5. Прасачыўшыся знутры, паказацца на паверхні. Выступіў пот на твары. □ Гарачыня была такая, што ў людзей ад поту на гімнасцёрках выступіла соль. Гурскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра рысы характару, пачуцці і пад.). І тут усе ўбачылі, што раней незаўважаная рыса гэтай натуры.. выступіла наверх. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі. Пажарная бочка. □ У газеце .. [Малькевіча] назвалі «шашалем» за тое, што зводзіў калгасныя лясы на бочкі, цабэркі, ражкі і збываў гэты тавар тым жа калгасам па дарагой цане. Дуброўскі.
2. Руская мера вадкіх і сыпкіх цел, роўная сарака вёдрам (каля 500 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы. Бочка аўса.
3. Адна з фігур вышэйшага пілатажу.
•••
Ад усіх бочак затычка гл. затычка.
Бочка з порахам — пра напружаныя адносіны паміж кім‑н., якія пагражаюць выліцца ў сутычку, вайну.
Бяздонная бочка — а) пра тое, што патрабуе вялікіх затрат і не акупляе сябе; б) пра таго, хто можа многа выпіць спіртнога і не ап’янець.
Нясе як з бочкі — моцна чуваць пах гарэлкі, віна ад чалавека, які выпіў.
Сорак бочак арыштантаў (нагаварыць) — шмат неверагодных гісторый расказаць.
Як у бочку (кашляць, гаварыць і пад.) — кашляць (гаварыць) глухім голасам, падобным на гук сказанага ў бочку.
Як у бочку (ліць) — многа піць і не п’янець.
Як у бочцы селядцоў гл. селядзец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чай, ‑ю, м.
1. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты вечназялёнага чайнага дрэва, на якіх настойваюць духмяны напітак. Пачак чаю. □ Абсалям Чыка тлумачыць нам, як трэба гатаваць чай па-мараканску. У медны чайнік засыпаецца зялёны чай і кладзецца столькі цукру, колькі можа змясціцца ў чайніку. В. Вольскі. // Вечназялёная расліна, дрэва або куст, сямейства чайных, з лісця якой атрымліваюць духмяны напітак. Куст чаю.
2. Гарачы напітак, настоены на лісці гэтай расліны. Напіўшыся чаю, дзед сказаў: — А ты, сынку, што, вячэраць не будзеш? Якімовіч. Змітрок узяў шклянку і наліў з чайніка трохі чаю. Ваданосаў. // Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які замяняе такі напітак. Знялі чайнік з агню і пачалі піць духмяны, завараны на .. ліпавым цвеце чай. Капыловіч.
3. Працэс піцця такога напітку. Пасля чаю мама пачала прасіць дзядулю расказаць нам аб яго мінулым жыцці. Бяганская.
•••
Зялёны чай — разнавіднасць чаю, які дае зеленавата-жоўты настой з моцным пахам і гаркавата-вяжучым смакам.
Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.
На чай — як узнагароду за дробныя паслугі (даць, атрымаць і пад.); чаявыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)