тыпо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае характэрныя асаблівасці, уласцівыя пэўнаму тыпу прадметаў, з’яў, людзей і пад. Тыповы паўднёвы горад. Тыповы беларускі арнамент. □ Герой аповесці [«Набліжэнне»] Левін — тыповы дробнабуржуазны інтэлігент. Яго светапогляд вельмі абмежаваны. Перкін. // Разм. Ярка выражаны. Тыповае верхаглядства.

2. Які часта сустракаецца, звычайны, характэрны для каго‑, чаго‑н. Тыповы выпадак. Тыповая памылка. □ Федароўскіх, Елаўскіх, Малых — тыповыя для Урала прозвішчы. Шынклер. Для Беларусі тыповым з’яўляецца залаты карась. «Беларусь».

3. У мастацтве — які аб’ядноўвае індывідуальныя, своеасаблівыя рысы з прыкметамі і ўласцівасцямі, характэрнымі для шэрага з’яў і асоб. У рамане Шамякін здолеў намаляваць тыповую карціну партызанскай барацьбы ў тыле ворага, барацьбы, якая пабыла шырокі размах і ўсенародны характар. Гіст. бел. сав. літ. Матывы адлёту журавоў, буслоў і гракоў — тыповыя для народнай творчасці, для беларускай паэзіі. Палітыка. / у знач. наз. тыпо́вае, ‑ага, н. Аўтар нібы імкнецца толькі добрасумленна расказаць пра чалавека ўсё, што ведае, не спрабуючы вылучыць тыповае ў яго характары і адсеяць выпадковае і нехарактэрнае. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)