запа́рыць 1, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць варам, парай драўляную пасудзіну. Запарыць дзежку.

2. Заліць варам сухі корм, каб размякчыць, распарыць. Запарыць мякіну. □ Усціння спярша запарыла сеч[ку] карове, занесла ў хлеў, пасля пачала таўчы бульбу. Чыгрынаў. // Прыгатаваць настой, заліўшы варам. Запарыць ліпавы цвет.

3. Разм. Доўга парачы ў лазні, давесці да знямогі.

4. Разм. Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай. Запарыць каня. □ — Ды і нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі. — Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай. Шамякін.

запа́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць парыць (у 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заце́рці, ‑тру, ‑траш, ‑трэ; ‑тром, ‑траце; пр. зацёр, ‑цёрла; зак., каго-што.

1. Тручы, зрабіць што‑н. нябачным, невыразным; сцерці. Зацерці надпіс на сцяне. // Разм. Выцерці (брудны след, лужыну і пад.). Вакол чыгуна і пад нагамі хлопца стаяла такая лужына, што мо з паўгадзіны трэба было б старой гнуцца, каб зацерці яе. Кулакоўскі.

2. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца. Ільды зацёрлі карабель. Зацерці ў натоўпе. // перан. Разм. Перашкодзіць каму‑н. праявіць сябе, не даць ходу. [Даніла] вучыцца завочна ў тэхнікуме, быў брыгадзірам. Гэта яго Свідрань зацёр за пярэчанні. Дуброўскі.

3. Прыгатаваць што‑н. заціраннем. Зацерці муку. Зацерці талакно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

к (перед некоторыми сочетаниями согласныхка) предлог с дат. в разн. знач. к, ко;

дзень хілі́ўся к ве́чару — день клони́лся к ве́черу;

падары́ць к Но́ваму го́ду — подари́ть к Но́вому го́ду;

падысці́ к сталу́ — подойти́ к столу́;

спячы́ піро́г к свя́ту — спечь пиро́г к пра́зднику;

прыгатава́ць заку́ску к абе́ду — подгото́вить заку́ску к обе́ду;

паспе́ць к цягніку́ — успе́ть к по́езду;

прытулі́ся ка мне — прижми́сь ко мне

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

стол, стала, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах (ножках), часам з шуфлядамі, тумбачкамі, на які кладуць, ставяць што‑н. Пісьмовы стол. Кухонны стол. Чарцёжны стол. □ З поля гадзінкаю шэрай Вярнуся, сяджу за сталом, Краплюся паціху вячэрай, Лучынка міргае агнём. Купала. Маці паставіла на стол усяго, што толькі было ў іх. Чорны. Зайшоў у свае сцены, і тут табе ўсё: вось твой стол, сядай за яго і што хочаш — еш, чытай, пішы, лічы. Ракітны.

2. У выразах, якія абазначаюць: прыём ежы, яда. За сталом (у час яды). Садзіцца за стол (садзіцца есці). Уставаць з-за стала (уставаць, кончыўшы есці). Ісці да стала (ісці есці). Запрашаць да стала (запрашаць есці). Накрыць (на) стол (прыгатаваць усё для яды). Прыбраць са стала (пасля яды прыбраць посуд, рэшткі яды). Сабраць на стол (прыгатаваць, паставіць усё неабходнае для яды). □ Не хачу з імі [багатымі] быць за сталом, На сваё паніжэнне глядзець, Як, мінаючы чаркай з віном, Ад парогу накажуць сядзець. Купала. Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы. Зарэцкі. Стол накрылі ў пакоі, які займалі немцы. Новікаў. // Сталаванне, харчаванне. К вечару другога дня .. [Кастравіцкі] знайшоў сабе стол — у вёсачцы, размешчанай па суседству з біястанцыяй. Навуменка.

3. Страва, ежа; тое, што гатуюць, падаюць для яды. Затраты на стол. Рабіць разнастайныя свой стол. // з азначэннем. Від стравы, ежы; рэжым харчавання. Вегетарыянскі стол. Дыетычны стол.

4. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якія займаюцца спецыяльным колам пытанняў. Стол рэгістрацыі шлюбаў у ЗАГСе. Стол даведак. Пашпартны стол. // Форма абслугоўвання насельніцтва. Стол заказаў. Стол раскрою.

•••

Адрасны стол — установа, якая рэгіструе асоб, што пражываюць у пэўнай мясцовасці, і выдае даведкі пра іх месцажыхарства.

Стол знаходак — установа, у якую здаюць знойдзеным рэчы для перадачы іх уладальнікам.

За круглым сталом — пра сустрэчу, нараду і пад., калі ўдзельнікі маюць аднолькавыя правы і пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў выказваюцца ў пэўным парадку.

Пад стол пяшком хадзіць гл. хадзіць.

Садзіць за стол гл. садзіць.

Царскі стол — пра багаты пачастунак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Растаро́п1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр. росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус. росторо́пный ’кемлівы’, польск. roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл. *torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’вярцець’, ст.-інд. trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ. tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpà ’працвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ. stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ. stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл. *torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.

Растаро́п2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́цьпрыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус. дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіць ’распускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск2 (гл.). Не выключана сувязь з літ. strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

навалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што і чаго. Налажыць, узваліць што‑н. на каго‑, што‑н. Наваліць сучча на агонь. □ Паставілі [друкарскі станок] у кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. Назаўтра цэлы дзень балелі рукі, ныла спіна, нібы хто наваліў на яе цяжкі камень. Хадановіч. // перан. Ускласці на каго‑н. многа работы, абавязкаў. — Пшанічны! — паклікаў старшына. — Давай памагай. Што на аднаго хлопца наваліў столькі [работы]. Быкаў.

2. чаго. Налажыць, накідаць у беспарадку многа чаго‑н. Каля падвала навалілі нямала розных скрынак: відаць, усё з магазіна выкідвалі. Даніленка.

3. чаго. Нагрузіць, накласці многа чаго‑н. Наваліць воз дроў. Наваліць машыну зямлі.

4. звычайна безас. што і чаго. Нападаць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.). І хоць тут [у лесе] было зацішней, але снегу жваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, [сынкі]. Лынькоў. Месцамі.. [пурга] наваліла высокія гурбы, а месцамі амаль да самай зямлі вылізала снег сваім калючым ледзяным языком. Бяганская.

5. безас. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Колас.

6. чаго. Зрабіць, прыгатаваць шляхам валення ў вялікай колькасці. Наваліць валёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. чаго. Разрэзаць чым‑н. вострым на часткі, кавалкі; накроіць. Нарэзаць хлеба. Нарэзаць сыру. □ Бабка Параска нарэзала сала — і для закускі і для яечні. Колас. Маці лячыла лейтэнанта сваімі, хатнімі сродкамі. Узамен бінтоў яна нарэзала з прасціны доўгіх стужак, а для прамыўкі ран .. ужывала адвар з пахучых траў. Курто.

2. чаго. Зрэзаўшы або разрэзаўшы, нагатаваць у нейкай колькасці. Нарэзаць дроў. Нарэзаць сечкі. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік, каб не было ніякага падазрэння. Чарот. // Зрэзаўшы, прыгатаваць, зрабіць. Нарэзаць букет ружаў.

3. каго. Зарэзаць у нейкай колькасці. Нарэзаць гусей.

4. што і чаго. Падзяліць шляхам межавання або выдзеліць у час межавання. Нарэзаць зямлі. □ [Сузон:] — Мне на панскім [полі] хутар нарэзалі, толькі ж куды мне з такімі будынкамі перасяляцца? Галавач.

5. што. Зрабіць нарэзы. Нарэзаць гайку.

6. што. Зрабіць разьбу на чым‑н. Нарэзаць гравюру.

7. што. Спец. Падрыхтаваць участак для выемкі ў шахце. Нарэзаць лаву.

8. што. Зрабіць надрэз на чым‑н.

9. што. Нарабіць зубцоў на піле, назубіць.

10. што. Намуляць чым‑н. Нарэзаць плячо лямкой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабра́ць, збяру́, збярэ́ш, збярэ́; збяро́м, збераце́, збяру́ць; збяры́; сабра́ны; зак.

1. каго-што. Сканцэнтраваць у адным месцы, запрасіўшы або прымусіўшы прыехаць, прыйсці куды-н.

С. студэнтаў.

2. што і чаго. Назапасіць дзе-н., паступова збіраючы, адшукваючы.

С. многа значкоў.

С. грошы на мэблю.

3. што. Размясціць блізка адно ля аднаго; злучыць што-н.

С. кветкі ў букет.

4. што. Зняць пасля паспявання ўраджай.

С. ягады з кустоў парэчак.

С. добры ўраджай пшаніцы.

5. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі рассыпанае, раскіданае; прывесці ў парадак.

С. шчаўя ў суп.

С. бульбу пасля бараны.

С. інструмент са стала.

6. што. Узяўшы з розных крыніц, сканцэнтраваць, змясціць у адным месцы.

С. звесткі.

С. прапановы і заўвагі.

7. што. Пры галасаванні атрымаць пэўную колькасць галасоў за сябе, за сваю кандыдатуру.

С. большасць галасоў.

8. што. Склаўшы ў адно месца. падрыхтаваць, нагатаваць.

С. сумку ў дарогу.

9. каго (што). Падрыхтаваць у дарогу таго, хто ад’язджае.

С. сына ў паездку.

10. што. Злучыўшы асобныя часткі, дэталі. атрымаць што-н. цэлае.

С. матацыкл.

С. будзільнік.

11. перан., што. Мабілізаваць свае сілы, волю, энергію і пад., прывесці сябе ў актыўны стан.

С. волю.

12. што і без дап. Зрабіць зборкі на чым-н.

С. сукенку ў поясе.

13. што. Паставіць, прыгатаваць на стол усё неабходнае для яды.

Тое-сёе можна с. на стол.

С. абед.

|| незак. збіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. збор, -у, м. і збіра́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)