Стадо́ла ‘канюшня на заезным двары’, ‘вялікі хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘адрына’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ‘адрына; пуня’ (Скарбы), ‘вялікая пабудова’ (ТС, Ян.), стадо́ля ‘вялікае заезнае памяшканне’ (Шат.), стодо́л ‘адрына для малацьбы’, ‘частка адрыны, дзе малоцяць’ (Шушк.). Укр. стодо́ла, стодо́ля ‘клуня’, рус. стодо́ла ‘навес, хлеў, адрына’, польск. stodoła ‘гаспадарчы будынак для захоўвання сена, збожжа і пад.’, чэш. stodola ‘тс’. Запазычанне праз польскае і чэшскае пасрэдніцтва з ст.-в.-ням. stadal ‘хлеў, стойла’; гл. Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764; Брукнер, 516; Махэк₂, 578; Борысь, 578; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 339–340. У беларускай праз польск. stodoła (Карскі, Белорусы, 135; Кюнэ, Poln. 99); ст.-бел. стодола (стадола) ‘гасцініца, карчма, гумно’ (XVI ст.) з ст.-польск. stodoła.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стату́й зневаж, пра тупога, бесталковага чалавека (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), ‘нязграбны чалавек’ (Мат. Гом.): стату́й ты карэтны! — лаянка (маг., Ліцв.), стату́й ‘фігура, вылепленая з чаго-небудзь або зробленая з пяску’ (Жд. 2), ста́туй, ста́туя ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Касп.), ста́туй ‘чалавек высокага росту’ (Бяльк.), стату́я ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Нас.), стату́й, стату́я ‘фігура з металу ці каменя; манекен’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, магчыма, і статэ́ва ‘высокая жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Statue ‘скульптура, фігура’, франц., англ. statue ‘тс’ з лац. statua ‘статуя, калона’ ад statuo ‘стаўлю, засноўваю’, праз рускае або польскае пасрэдніцтва. Адаптацыя па роду па аналогіі з балван, ёлуп і пад. Гл. Фасмер, 3, 748; ЕСУМ, 5, 402. Значэнне ‘чалавек высокага росту’, магчыма, пад уплывам статны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кло́пат1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.

Кло́пат2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.

Клопат3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сліма́к ‘малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Жыв. св.), ‘смоўж’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘палявы смоўж’ (Касп.), слюма́к ‘слізняк, смоўж’ (віц., Жыв. НС), сляма́к ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слима́к, польск. ślimak ‘смоўж, слімак’, чэш., славац. slimák ‘тс’, балг. сли́мак ‘смоўж, Helix’, макед. дыял. сли́мок ‘тс’. Праслав. *slimakъ, роднаснае грэч. λείμαξ, Р. скл. λείμακος ‘смоўж без ракавіны’, лац. līmāx, ‑ācis ‘слімак’, ст.-ісл. slím ‘слізь, глей’, с.-н.-ням. slîm ‘ціна, гразь’, ірл. slenum ‘гладкі’, якія да і.-е. *(s)leim‑ ‘слізкі’. Гл. таксама сліна і роднасныя (слімак пакідае пасля сябе сліністы след — гл. Махэк₂, 554; Траўман, 269; іншую літ-py гл. Фасмер, 3, 672; Трубачоў, Проспект, 79). Карскі (Белорусы, 157) меркаваў пра польскае пасрэдніцтва праз збліжэнне з лац. limax, што не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йнік ’агент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны1 (гл.).

Тайні́к1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).

Тайні́к2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́хі ‘няшмат, крыху’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Нік. Очерки, Варл., Бяльк., Шат., Мат. Маг., Жд. 1, Мал., Гарэц., Шпіл., Яруш., Сл. ПЗБ), тро́хі, тро́ху ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., ТС, Растарг.), ‘крыху’ (ТСБМ, Юрч., Бяльк., Сл. ПЗБ), тро́хо ‘тс’ (ганц., Ск. нар. мовы), у тым ліку ў памяншальнай форме тро́ханько ‘крышку’ (Сцяшк. Сл.), трошкі, трошку, тро́шка, тро́шко, тро́шкы, тро́шачкі, тро́шочкі, тро́шечкі, тро́шычкі, тро́шачку, тро́шычку, тро́шычке, тро́шечка, тро́шычкы ‘тс’ (ЛА, 5), ст.-бел. трохе, трохи, трохо, трошка, трошку ‘тс’ (ГСБМ). Паводле Карскага (2–3, 74), названыя прыслоўі ўзыходзяць да формаў Н. або В. скл. назоўніка троха (гл.) у адз. і мн. ліку (Карскі 2–3, 419). Параўн. ранейшыя меркаванні пра польскае паходжанне прыслоўя трохі (Карскі Белорусы, 147), а таксама залічэнне да паланізмаў смал. трошку, троху і трохі (Бяднарчук, Językowy obraz WKL, 240) пры агульнаславянскім пашырэнні зыходнага слова не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ара́пнік (БРС), гарапнік (Нас.), аграпнік (Шн.). Рус. ара́пник, дыял. ара́пальник, ара́польник, ара́пельник, ара́пленник, укр. ара́пник, гара́пник, арапі́й, гарант, гарапі́й, польск. harap, harapnik ’арапнік’, harap ’вокліч для сабак, у прыватнасці для адгону іх ад забітай жывёліны’, ст.-польск. harap ’паляванне’, чэш. harapník. Усходнеславянскія словы імаверна запазычаны з польскай. У польскай мове этымалагізуецца традыцыйна ад ням. выклічніка herab ’далоў’, ’тут’ (гэта прынята Брукнерам, 168). Аднак Слаўскі (1, 402–403) цалкам абгрунтавана выказаў думку аб тым, што гэта не адпавядала б старому значэнню слова ’паляванне, дабыча’. Больш верагодна ён выводзіць слова ад тур. harapараб. harap) знішчэнне, спусташэнне’, адкуль і серб.-харв. дыял. харап ’рабунак, спусташэнне’. Суфікс ‑нік звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння назваў прадметаў (Слаўскі, 1, 402–403). Наяўнасць ст.-бел. (Нас. Гіст.) і ст.-укр. гарап мабыць у значэнні ’разбой’ дае магчымасць паставіць пытанне аб тым, што польскае harap, калі яно сапраўды цюркскага паходжання, магло прыйсці ў польскую мову з усходнеславянскіх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народна-этымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)