хімі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хіміі, звязаны з ёй. Хімічная формула метану.

2. Які мае адносіны да з’яў, што вывучаюцца хіміяй. Хімічныя элементы. Хімічны вопыт. Хімічная рэакцыя. Хімічны аналіз вады. Хімічны састаў крыві. // Прызначаны для заняткаў хіміяй. Хімічны посуд. Хімічная лабараторыя.

3. Звязаны з прымяненнем метадаў хіміі ў вытворчасці, у розных галінах гаспадаркі. Хімічныя прадукты. Хімічная чыстка адзення. Хімічная апрацоўка драўніны. Хімічная вытворчасць. □ Доўга расказваў [Шыпулька], які будзе наш горад і як тут усё зменіцца, калі хімічны камбінат пачне даваць мінералы. Кулакоўскі. // Атрыманы пры дапамозе метадаў і сродкаў хіміі. Хімічныя ўгнаенні.

4. Звязаны з прымяненнем прадуктаў хіміі ў ваенных мэтах. Хімічная вайна. Хімічная зброя.

•••

Хімічнае чарніла гл. чарніла.

Хімічны карандаш — карандаш з графітам, які пры змочванні піша, як чарніла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

І́віна ’Salix caprea’ (Нас. Доп., Кліх., Бяльк., Кіс.), і́ва (Бяс., 114). Рус. и́ва, укр. и́ва, ги́ва (Грынч.), польск. iwa, iwina, дыял. wiwa, в.-луж. jiwa, н.-луж. wiwa, палаб. jeivó, чэш. jíva, славац. iva, славен. íva, серб.-харв. и̏ва, балг. и́ва, макед. ива. Прасл. *iva/*jьva (Трубачоў, Эт. сл., 8, 248) мае шматлікія адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. ievà ’чаромха’, лат. iēva ’тс’, прус. iuwis ’ціс’, ст.-в.-ням. iwa ’тс’, ірл. eo ’тс’, грэч. οἄ, οἴη ’Sorbus’, арм. aigi ’вінаграднік’ (апошнія з вакалізмам ‑o‑). Звязваюць з і.-е. *ei̯‑u̯o‑ ’чырванаваты’ (Покарны, I, 297; Слаўскі, 1, 473–474; Тапароў, 3, 100–101). Адсюль розныя значэнні ў і.-е. арэале: ’чаромха’, ’ціс’ ад колеру драўніны; ’рабіна’, ’вінаград’ па афарбоўцы ягад. Скок (1, 737) першасным лічыць значэнне ’ягада’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 438; Мейе, MSL, 14, 1906–1908, 479; Машынскі, Pierw., 61; Клюге, 153; Фасмер, 2, 113; Безлай, 1, 214. Махэк₂ (230) супастаўляе з ням. Weide ’вярба’, грэч. ἰτέα ’тс’ < «праеўрапейскага» *vīteuā. Трубачоў (Эт. сл., 8, 249), прымаючы збліжэнне з ням. Weide, прапануе звязаць з і.-е. коранем *u̯i‑/*u̯ei̯‑ ’віць’, адкуль *u̯ei̯‑u̯ā > *ei̯‑u̯ā. Бел. івіна ўтворана ад іва суф. ‑ін‑а, які падкрэслівае значэнне асобнай адзінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смоль, ‑і, ж.

1. Смала (звычайна ў паэтычнай мове). Пахне смоллю Лясной, Аплывае жывіца. Лужанін. Усё было мне міла тут: Над Нёманам зялёны кут, Палі шырокія, узгоркі, І смоль сасны, і ў небе зоркі. Астрэйка. Векавечны, хмуры бор Горда ўзносіцца высокі, Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Жылка.

2. Смалісты кавалак драўніны; смаліна. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на к[а]мінку смоль.., здалася прытульнай, цёплай. Галавач.

3. Гарэлае, гар; смаль. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю. Лынькоў. Ад Бугроў нясло чадам і смоллю. М. Ткачоў.

4. перан. Пра чорныя валасы; наогул што‑н. чорнае. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў. Лынькоў. Кубанак смоль, Чупрын віхры — любому заглядзецца... Калачынскі.

•••

Як смоль (чорны) — вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шацёр, шатра, м.

1. Лёгкае пераноснае жыллё з тканіны, скуры і пад., якое будуецца звычайна ў форме конуса. Пад’ехаў Іванька да царскага шатра. Якімовіч. За ўзгоркам знаходзіцца табар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. // Навес з матэрыі, драўніны ці з галін і лісця дрэў. Лье дождж. Аўдулі не сядзіцца Пад парусінавым шатром. Калачынскі. Як волаты, за рэчкаю дубы Шатры свае раскінулі над долам. Колас. // перан. Неба, небасхіл. О неба, ціхае, світальнае... Мы пад шатром тваім стаім З салодкай сённяшняю тайнаю І лёсам заўтрашнім сваім. Бураўкін.

2. У старой рускай архітэктуры — дах у выглядзе высокай чатырохграннай ці васьміграннай піраміды, што завяршаецца ў царкоўных пабудовах галоўкай з крыжам, а ў грамадзянскіх і ваенных — вышкай, флюгерам і пад. Вакол [забудовы] нібы групуюцца, збіраюцца навакольныя шпілі, шатры і купалы. «Помнікі».

3. У паляўнічых — конусападобная сетка для лоўлі цецерукоў і курапатак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слой 1, ‑я; мн. слаі, ‑ёў; м.

1. Маса якога‑н. рэчыва, якая пакрывае паверхню чаго‑н., або пласт чаго‑н., размешчаны паміж іншымі такімі пластамі. Слой лёду. Слой тлушчу. Слой драўніны. Слаі атмасферы. □ Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота. Ваданосаў. // перан. Тое, што наслойваецца на што‑н. Выпадак за выпадкам, нязначным, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Гартны.

2. Група людзей, аднародная па сацыяльных, культурных і пад. прыметах. У рэвалюцыйным лагеры мы бачым людзей розных слаёў грамадства. Хромчанка.

•••

Культурны слой зямлі — слой зямлі, які ўтвараецца з арганічных і іншых рэштак на месцах пасяленняў чалавека.

слой 2, ‑я, м.

Вялікі слоік. Распачаў тут доктар лекі: Апарацік выняў нейкі, — Трубак, шрубак там мільён, А да іх яшчэ балон. У Хвядосаў труп застылы Ён бальзам уліў у жылы, Слой шкляны сказаў падаць, Стаў за хворым наглядаць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лісце ў выглядзе іголак. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч.

2. у знач. наз. хво́йныя, ‑ых. Падклас голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных, у які ўваходзяць сасна, елка, кіпарыс і інш.

3. Які складаецца з раслін, што маюць іголкападобнае ці лускападобнае лісце. А за Глінішчам — пачынаецца лес, не кусты, не алешнік які, а высокі і густы хвойны лес. Марціновіч. // Які належыць хвоі, уласцівы ёй. Хвойная кара. □ Прызвычаеным рухам.. [жанчына] зняла хустку з галавы, .. асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. Лынькоў. Хай аддае вада балотам І лезе ў вочы хвойны дым, Мы пасля бою ў ахвоту І ў смак харчы свае ядзім. Астрэйка. // Атрыманы з драўніны або ігліцы хвоі. Хвойная мука. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хвойнае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

1. што. Апрацоўваць паверхню металу, шкла, драўніны і пад. абразіўнымі матэрыяламі, каб зрабіць яе гладкай, з дакладнымі памерамі, надаць ёй пэўную форму. Я лічыў у маленстве суседа багатым: Груд камення ляжаў у яго на двары. Кожны камень рукою ён мацаў шурпатай, Шліфаваў пад страхой ад зары да зары. Ляпёшкін. [Антон Максімавіч:] — Памятай, алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён стаў брыльянтам. Рамановіч. // Знішчаць якія‑н. няроўнасці, рабіць гладкай, роўнай, чыстай паверхню чаго‑н. у працэсе трэння. Скарбы мора збірала вякамі, шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч.

2. перан.; каго-што. Удасканальваць, паляпшаць. Нарэшце падышоў час, калі трэба было першы свой «матэрыял» паказаць сакратару. [Максім] доўга і старанна працаваў, шліфаваў, намагаючыся, каб першы твор атрымаўся як мага лепшы. Машара. Жыццё шліфавала мяне і часам з надзвычайным болем зразала з мяне розныя лішнія, непатрэбныя каросты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прырасці́ ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. прырос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Зросшыся з чым‑н., утварыць адно цэлае; прыжыцца. Прышчэп прырос. □ Пяць груш і яблынь пасадзілі Мы ў гонар дружбы і любві. І пастаялі ў задуменні, І пажадалі без прамоў, Каб прырасло мацней карэнне, Як наша прырасла любоў. Панчанка. // перан. Моцна прывыкнуць, прывязацца да чаго‑н. — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агарода моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. [Ксавэру Блецьку] ужо цяжка было на старасці год выбівацца з той каляіны, да якой прырос за доўгія гады. Чорны.

2. перан. Шчыльна прыстаць да чаго‑н., застацца на месцы, стаць нерухомым. Ульяна ўстала з ложка, падышла да стала, дзе, расставіўшы ногі ў чорных валёнках-бурках, прырос да падлогі дзед Тодар. Пташнікаў. Той бедны дзяцел да сука прырос, аж па спіне прайшоў мароз. Дубоўка.

3. Разм. Павялічыцца ў колькасці, у памерах. Толькі за сем месяцаў з ліменскіх лясоў вывезена шаснаццаць тысяч кубаметраў драўніны, у паўтара раза больш, чым за год прырасце. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.

2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.

3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лес, ‑у; мн. лясы, ‑оў; м.

1. Дрэвы на корані, якія займаюць значную прастору; масіў зямлі, зарослы дрэвамі. Лісцевы лес. Хваёвы лес. Трапічны лес. □ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. // перан. Вялікая колькасць, мноства якіх‑н. прадметаў, якія ўзвышаюцца над чым‑н. Лес мачтаў. □ Маша спакойна села на месца, а ў зале падняўся лес рук. Гроднеў.

2. зб. Спілаваныя дрэвы як будаўнічы, вырабны і пад. матэрыял. Праходзяць чыгуначныя саставы з лесам, цэментам, жалезам. «Маладосць». [Да вайны] па рэчцы сплаўлялася шмат драўніны, будаўнічага лесу. М. Ткачоў.

•••

Карабельны лес (бор) — лес з высокіх мачтавых дрэў, якія выкарыстоўваюцца ў суднабудаванні.

Нестраявы лес — крывы, каржакаваты лес, непрыдатны для ўзвядзення будынкаў.

Страявы лес — высокі стройны лес, прыдатны для ўзвядзення будынкаў.

Чорны лес — лісцевы лес.

Чырвоны лес — хваёвы лес.

Воўк (мядзведзь) у лесе здох гл. воўк.

Глядзець (пазіраць) у лес гл. глядзець.

За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.

Расці на лес гледзячы гл. расці.

Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.

Цёмны лес для каго — пра што‑н. абсалютна незнаёмае, незразумелае.

Як у цёмным лесе — не разумець, не разбірацца ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)