прырасці́ ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. прырос, ‑расла, ‑ло; зак.
1. Зросшыся з чым‑н., утварыць адно цэлае; прыжыцца. Прышчэп прырос. □ Пяць груш і яблынь пасадзілі Мы ў гонар дружбы і любві. І пастаялі ў задуменні, І пажадалі без прамоў, Каб прырасло мацней карэнне, Як наша прырасла любоў. Панчанка. // перан. Моцна прывыкнуць, прывязацца да чаго‑н. — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агарода моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. [Ксавэру Блецьку] ужо цяжка было на старасці год выбівацца з той каляіны, да якой прырос за доўгія гады. Чорны.
2. перан. Шчыльна прыстаць да чаго‑н., застацца на месцы, стаць нерухомым. Ульяна ўстала з ложка, падышла да стала, дзе, расставіўшы ногі ў чорных валёнках-бурках, прырос да падлогі дзед Тодар. Пташнікаў. Той бедны дзяцел да сука прырос, аж па спіне прайшоў мароз. Дубоўка.
3. Разм. Павялічыцца ў колькасці, у памерах. Толькі за сем месяцаў з ліменскіх лясоў вывезена шаснаццаць тысяч кубаметраў драўніны, у паўтара раза больш, чым за год прырасце. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)