бада́й,
Разм.
1. часціца. Ужываецца для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёну. А бадай ты прапаў! □ Пан, разгневаны, нязграбна На тапчан прылёг і стогне: — А бадай вас, бабы, вогнік! Бажко. / у безас. ужыв. [Крукаў:] — Выходжу на двор — бацюхны мае: тая ж каўзота! А бадай ты згарэла! Васілёнак. / у спалучэнні з узмацняльнай часціцай «жа». Стаіць човен вады повен, Бадай жа ён да пахіснуўся... З нар.
2. пабочн. Выказвае дапушчэнне якой‑н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым‑н. Няма, бадай, па багаццю ўбораў прыгажэй пары года, чым восень. Ігнаценка. Бадай, нідзе так праўдзіва не гучыць народная прымаўка «Якое жыццё — такія песні», як у сяле Азершчына. Мяжэвіч.
3. прысл. Амаль. Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кіламетраў. Бядуля. На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка.
•••
Бадай ці не... — падобна на тое, што.
Бадай што — а) (пабочн.) магчыма што, відаць што. [Радзевіч:] — Бадай што, я згодзен з вамі. Дуброўскі; б) амаль, амаль што. Дзень бадай што ўжо канчаўся. Чорны. Так прайшоў .. [Віктар] бадай што паўдарогі. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.
1. Невялічкая акруглая часцінка якой‑н. вадкасці; кропля. Капля расы. Каплі поту на твары. □ З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Капля слёз на зрэбнай кашулі Здавалася капляй крыві. Чарот.
2. толькі мн. (ка́плі, ‑пель). Разведзенае на чым‑н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак. Сардэчныя каплі. Мятныя каплі: Выпіць капель.
3. перан.; толькі адз., чаго. Разм. Самая нязначная колькасць чаго‑н. Газы ў лямпе засталася адна капля. // у знач. прысл. ка́плю. Зусім нямнога, чуць-чуць. Удзяліць каплю ўвагі.
•••
Да (апошняй) каплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).
Да апошняй каплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).
Капля за капляй — паступова, патрошку.
Капля ў каплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Капля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.
Ні каплі — ніколькі, ані.
Ні каплі ў рот не браць гл. браць.
Як дзве каплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. класці (у 7 знач.). Новы метад кладкі. Кладка сцен. // Спосаб размяшчэння паштучнага матэрыялу, які складваецца. Кругавая кладка снапоў. □ Кладка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т. зв. «галандскай», у якой мяшаныя рады чаргуюцца з радамі, пакладзенымі тарчаком. «Помнікі».
2. Частка якой‑н. пабудовы, зложанай з цэглы, каменю. Рабочыя вынялі некалькі цаглін, а затым разабралі ўсю кладку. «Маладосць».
3. Дошка, палена або некалькі пален, пакладзеныя для пераходу цераз раку, балота, гразкае месца і пад. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой, пад імхамі сваёй нагой. Галавач. Пераскакваючы цераз груды, пераходзячы па хісткіх кладках глыбокія канавы, няспынна снавалі людзі. Шамякін.
4. Невялікі драўляны памост на рэчцы, возеры і пад. для чэрпання вады і паласкання бялізны. Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы. Бядуля.
5. Адкладванне яец (у насякомых). Назіранне над кладкай яец матылямі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Свойская жывёліна са звычкамі драпежніка, якая ловіць мышэй; самка ката. Кошка злавіла мыш. Кошка мяўкае. □ Кошка вочкі жмурыць, а кіпцюры вострыць. Прыказка.
2. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых (леў, тыгр, барс і інш.). Дзікая кошка.
3. Прыстасаванне ў выглядзе якара з трыма ці больш кручкамі для падымання прадметаў з-пад вады.
4. звычайна мн. (ко́шкі, ‑шак). Прыстасаванне ў форме металічных кручкоў з шыпамі ўсярэдзіне, якое прымацоўваецца да абутку пры пад’ёме на слупы, мачты і пад. // Прыстасаванне ў форме падэшвы з шыпамі, якое прымацоўваецца да абутку пры хаджэнні па скалах, па лёдзе і пад.
•••
Ангорская кошка — асобая парода кошак з доўгай мяккай поўсцю.
Кошкі-мышкі — дзіцячая гульня, у якой той, хто выконвае ролю кошкі, ловіць астатніх удзельнікаў гульні.
На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць — пра трывожны стан, чаканне чаго‑н. непрыемнага.
(Чорная) кошка прабегла (перабегла) паміж кім — сапсаваліся адносіны паміж кім‑н., хто‑н. з кім‑н. пасварыўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змыць, змыю, змыеш, змые; зак., каго-што.
1. Мыццём ліквідаваць, зняць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Змыць смалу з рук. □ Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Гурскі. Пасля дзённых спраў, турбот Добра змыць на тварах пот! Дзеружынскі. // Мыццём ачысціць што‑н. Змыць лаўку. // перан. Пазбавіцца, ачысціцца (ад таго, што ганьбіць, няславіць). — Прашу я вас: на полі бою Сваю віну дазвольце змыць крывёю. Бачыла.
2. Знесці (вадой, цячэннем). Здаецца, .. усё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю .. і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы. Шамякін. Паміж голых яблынь яшчэ прыкметны грады — восеньскія дажджы не паспелі змыць, зраўняць межы. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Выцягнулі з вады лодку, убілі ў гліністы грунт калок, прывязалі яе, каб не змыла часам. Хадкевіч.
•••
Як вадой змыла — пра раптоўнае, бясследнае знікненне каго‑, чаго‑н. Жука і Барадатага як вадой змыла — уцяклі ў кусты ад пчол. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гульня́, ‑і; мн. гульні, ‑льняў; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. гуляць (у 1 знач.). // Занятак, дзейнасць дзяцей. Паеўшы, [Славік] выбягаў на вуліцу, каб паганяць футбольны мяч або заняцца якой іншай гульнёй са сваімі шматлікімі сябрамі. Няхай.
2. Занятак з мэтай забавы, адпачынку і пад., звычайна заснаваны на пэўных умовах, правілах. Гульня ў футбол. Гульня ў шахматы. Парушыць правілы гульні.
3. Камплект неабходных прадметаў для таго, каб іграць у якую‑н. гульню. Дзіцячая настольная гульня.
4. Разм. Вечарынка, гулянка. Моладзь яшчэ спала пасля ўчарашняе гульні. Гартны.
5. Хуткая змена колераў, святла і пад. Сусвет нахіляецца да майго казырка. Нахіляецца гулам пушчы, пляскам вады крынічнай, Запалавелым жытам, вясёлай гульнёй зарніц. Кірэенка.
6. Наўмысныя дзеянні для дасягнення якой‑н. мэты; тайныя замыслы, інтрыгі. — Прахадзімец ты ... Гэта вядома. А двайную гульню кідай. Навуменка.
•••
Алімпійскія гульні — міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, якія праводзяцца раз у чатыры гады.
Гульня прыроды — выключная, рэдкая з’ява ў прыродзе; адхіленне ад звычайных фізічных норм.
Гульня слоў — дасціпны, каламбурны выраз.
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
два, двух, двум, двума, (аб) двух, м. і н., дзве, дзвюх, дзвюм, дзвюма, (аб) дзвюх, ж., ліч. кольк.
1. Лік 2. Два разы па два — чатыры. Напісаць лічбу два. // Колькасць 2. Два алоўкі. Дзве дарогі. □ За аднаго бітага двух нябітых даюць. Прыказка. З аднаго вала дзвюх шкур не дзяруць. Прыказка.
2. Тое, што і двойка (у 2 знач.).
•••
Двух слоў не звяжа гл. звязаць.
Забіць двух зайцоў гл. забіць 1.
За два (тры і пад.) крокі гл. крок.
На два словы гл. слова.
На два франты гл. фронт.
Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.
Не раз і не два гл. раз.
Ні два ні паўтара — пра што‑н. няпэўнае, неакрэсленае; ні тое, ні сёе.
Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.
Палка з двума канцамі гл. палка.
Паміж двух агнёў гл. агонь.
Раз-два і гатова гл. раз.
Служыць двум багам гл. служыць.
У два канцы гл. канец.
У двух словах гл. слова.
Як двойчы два (чатыры) гл. двойчы.
Як дзве каплі вады гл. капля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.
2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.
3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.
•••
Вывернуць душу — падзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлі́цца, разальецца і разліецца; пр. разліўся, ‑лася, ‑лося; заг. разліся, зак.
1. Выліцца часткова або поўнасцю; расплюхацца. Малако разлілося. □ Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка.
2. Размеркавацца па розных пасудзінах (пра вадкасць).
3. Заліць якую‑н. прастору, паверхню чаго‑н.; расцячыся. Тая нафта, што разлілася тонкім слоем па паверхні вады, загарэцца ўжо не магла. «Полымя». // Выйсці з берагоў. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты. Шамякін. А там, дзе чарнеў заскарузлы алешнік, разлілася сажалка, увабраўшы ў сябе ўсю ясную сінь летняга неба. Ракітны.
4. перан. Разысціся ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра — шчаслівы смех дня, каб дыяментамі разліцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы. Колас. Голас .. [Надзі] пачаў прыкметна дрыжэць, на твары разлілася пунсовая чырвань. Гроднеў. Па пакою разліўся знаёмы і дарагі мне бэзавы пах. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разо́ра, ‑ы, ж.
1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.
2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.
3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)