Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скут ‘скрутак, кавалак палатна, прызначаны для бялення’ (Касп.; астрав., глыб., шуміл., калінк., Сл. ПЗБ; Уладз.; сен., Сл. нар. фраз.; ЛА, 4, Нік. Очерки), ‘кавалак, абрэзак палатна’ (Сл. рэг. лекс.), ску́так ‘акравак; скрутак палатна’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘палатно, якім кума пакрывала дзіця пры абрадзе хрышчэння’ (хойн., Арх. ГУ), скуто́к ‘скрутак палатна’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. скут ‘жаночае зімовае паліто на ваце’, ц.-слав. скутъ Бярында тлумачыць одѣ(н)е, а Зізаній ве(р)хнее одѣніе, рус. паўн.-усх. ску́ты ‘цёплыя анучы’, ст.-рус. скутъ ‘кавалак тканіны; верхняя вопратка’, старое н.-луж. skut ‘шматок, акравак’, серб.-ц.-слав. ску̑тъ ‘крысо адзежы’, серб.-харв. ску̑т ‘край, падол’, балг., макед. скут ‘крысо, шляк адзежы’. Прасл. *skutъ. Лічыцца запазычаннем з ст.-герм.; параўн. гоц. skaut(s) ‘край, вугал, шляк’, ст.-ісл. skauti м. ‘чатырохвугольны кавалак тканіны’, нарв. skaut ‘жаночая хустка’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 201; Праабражэнскі, 2, 316; Фасмер, 3, 663; Скок, 3, 275. Брукнер (186) супастаўляў славянскае слова з хуста (гл.) і літ. skíautė ‘аскравак, абрэзак’, Фасмер (там жа) лічыць гэта непрымальным, як і версію Даля і Кіпарскага (там жа) з хутаць (гл.), што вельмі верагодна, параўн. скутаць ‘ухутаць, уцяпліць’ (Нас.) пры сувой (да віць, гл.) ‘скрутак палатна’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 812–813. Лінгвагеаграфія і семантыка не даюць падстаў лічыць запазычаннем з літ. skùtas ‘кавалак палатна’, як гэта мяркуюць аўтары Сл. ПЗБ (4, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабы́ ‘які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы’, ‘нямоцны, нетрывалы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Касп.; гродз., брэсц., ЛА, 5), ‘мізэрны, слабасільны, хілы, кволы’ (Ласт.), сла́бы(й) ‘тс’ (Бяльк., ЛА, 5). Укр. слаби́й, рус. сла́бый, ст.-рус. слабъ, польск., в.-луж., н.-луж. słaby, чэш. slabý, серб.-харв. сла̏б, славен. slàb, балг. слаб ‘слабы, худы, хілы’, макед. слаб ‘тс’, ст.-слав. слабъ. Прасл. *slabъ. Роднасныя: літ. slõbti, slobstù, slabaũ ‘слабець, траціць прытомнасць’, лат. slãbt ‘абмякнуць, панікнуць’, ст.-в.-ням. slaf ‘слабы, вялы’, с.-в.-ням., н.-ням. slap ‘тс’, гоц. slēpan ‘спаць’, магчыма, лац. labor, labi ‘падаю, кульгаю’, laborāre ‘цяжка працую, падаю ад стомленасці’; гл. Младэнаў, 588; Праабражэнскі, 2, 316–317; Фасмер, 3, 664; Траўтман, 270; Вальдэ-Гофман, 1, 739; Махэк₂, 551. Скок, 3, 277; ЕСУМ, 5, 294; Брукнер, 499 лічаць слова славяна-германскім, а балцкія формы разглядаюць як запазычанні з польскага. Райхельт (KZ, 39, 25), Праабражэнскі (там жа), Скок (там жа) і інш. рэканструююць і.-е. аснову *(s)lab‑, *(s)lōb‑ > лац. lābor, labi ‘слізгаць, праслізгваць’; гэту лацінскую паралель прымае і Фасмер (там жа). Махэк₂ (551) даўгату а ў славянскім слове, параўнальна, напрыклад, з ст.-в.-ням. формай, лічыць экспрэсіўным падаўжэннем. Борысь (537) узводзіць да і.-е. *(s)lē̆b‑/*(s)lō̆b‑/*(s)lā̆b‑ ‘быць абвіслым, слабым’. Гл. яшчэ БЕР (6, 824–827) з аглядам іншых версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescan ‘малаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2–3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іржа́ць ’абзывацца ржаннем (пра каня); гучна, нястрымана смяяцца, рагатаць’ (ТСБМ, Бяс., Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ), ірза́ць (Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Жд. 2), іржа́нне ’крык каня, конскі голас; гучны, нястрыманы рогат’ (ТСБМ, Нас.), ірза́ньня ’тс’ (Бяльк.). Рус. ржать, дыял. смал., зах.-бранск. иржа́ть, ирза́ть, укр. ржати, іржати, польск. rżeć, чэш. ržáti, славац. erdžať, hržať, славен. rzati, серб.-харв. р̏зати, макед. ʼржи. Ст.-слав. ръзати, ст.-рус. ръзати, ръжати. Беларуская форма з прыстаўным і‑. Прасл. *rъzati: ‑ž‑ пад уплывам форм цяп. ч. *rьžǫ. Бліжэйшыя паралелі: грэч. ἐρυγόντα, ἐρύγμηλος ’равучы’, лац. rūgiō, ‑īre, с.-ірл. rucht ’роў, выццё’, узыходзяць да і.-е. reug̑‑ (Покарны, 1, 867). Дзеяслоў гукапераймальнага характару. Гл. Праабражэнскі, 1, 201–202; Брукнер, 478; Махэк₂, 528; Фасмер, 3, 480–481. Параўн. рыкаць. Значэнне ’смяяцца’ другаснае, утворанае ад значэння ’абзывацца ржаннем (пра каня)’; параўн. аналагічную семантычную структуру слав. *regotati (гл. рагатаць). Семантычна адрозніваюцца иржа́ць ’настойліва, назойліва прасіць, патрабаваць, дабівацца’ (Нас.), ірза́ць ’дурэць, гойсаць, сваволіць’ (Юрч.). Мяркулава (Этимология, 1974, 63) звязвае гэтыя значэнні са страчаным семантычным звяном ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, вядомым шмат якім славянскім дзеясловам гукапераймальнага характару. Старая семантыка захавалася ў н.-луж. ryžaś ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’скакаць, бегаць, лютаваць’, ryžaty ’шумны, юрлівы, які знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’моцна жадаючы чаго-н., прагны да чаго.-н.’; параўн. аналагічную семантычную трансфармацыю в.-луж. rjut ’спешка; моцнае жаданне’ (*ruja ’цечка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сум ’пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы’, ’пакутлівая маркота, туга’ (ТСБМ, Ласт.), ’сумненне’ (Нас.), ’сумненне; смутак’ (Байк. і Некр.), сум‑туга́ ’маркота, роспач’ (Барад.), су́мна ’сумна’, ’прыкра, смутна, маркотна’ (ТСБМ, Шат., ТС, Бяльк., Арх. Федар., Касп., Сержп., Мат. Гом.), ’няпэўна’ (Нас., Мат. Гом., Гарэц.), ’страшна, страшнавата’ (Нас., Некр., Растарг.), су́мно ’тс’ (ТС), су́мны ’маркотны’ (ТСБМ), ’адзінокі’ (Ян.), сумо́сны ’смутны, маркотны’ (Мат. Гом.), сумо́тна ’маркотна’ (Сцяшк. Сл.), сумо́та ’маркота, тута, журба’ (ТСБМ), сумата́, сумаце́нне ’здзіўляльнасць’ (Шат.). Укр. сум ’смутак, журба’, сума́ ’тс’ (Шымк. Сл.), су́мно ’смутна, маркотна’, рус. зах., паўдн. су́мно ’сумніцельна, страшна’ (Пятк. 2, 295), польск. sum, sumny ’тс’ (< усх.-слав., гл. Брукнер, 526; параўн. заўвагу Пяткевіча: “jest to słowo rosyjskie”), славен. sȗm, sȗmnja ’падазрэнне’, серб.-харв. су́мња ’сумненне; падазрэнне’. Праславянскі дыялектызм *sumъ (Гутшміт, Бел.-укр. ізал., 29). Зыходзяць з прасл. *sǫmьnъ (*sǫmьňa) > *sumьnъ, дэвербатыва ад прасл. *sъ‑mьněti (гл. сумненне), які ў Р. скл. даў *sumьna; пасля падзення рэдукаваных і асіміляцыі насавых форма (у выніку перараскладання) *sum‑ генералізавалася (Міклашыч, 188; Бязлай, Eseji, 136; Бязлай, 3, 341; Варбат, Этимология–1988–1990, 196). Дурыданаў (Зб. памяці Стойкава, 580–581) звязвае з балг. дыял. су́муя ’згадваць, прыпамінаць’ і выводзіць з *sъ‑umiti, параўн. сумець (гл.) і дыял. сумую ’раздумваю’, су́мны ’разумны (з папрокам)’ (Арх. Федар.). Трубачоў (Труды, 1, 284) параўноўвае з серб.-харв. су̏моран ’пануры, хмуры, змрочны’ і лічыць, што слова не мае этымалогіі. Гл. яшчэ Супрун, Бел.-укр. ізал., 67; Сной₁, 619; Борысь, 586–587; ЕСУМ, 5; Жураўлёў, Язык и миф, 69 (агляд версій).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)