Прасо́л ’расол’ (Юрч. Фраз. 1), ’засол’ (Ян.), ’ляк у селядцах’ (Вешт.), прасуол ’булён’ (Федар. 7), пра́саль ’расол’ (пух., Сл. ПЗБ). Укр. просі́л ’салёная рыба, род халоднай стравы з салёнай рыбы’, рус. просо́л, про́соль ’лёгкі, свежы засол’, ’усё, што засольваецца ў запас: сала, рыба, гародніна’, серб.-харв. préso ’сок, у якім захоўваецца сыр’, славен. présol ’расол, лях’, балг. прясул ’падсоленая вада для захоўвання брынзы або салёнай гародніны’, макед. пресол ’тс’. Прасл. *persolъ. Да саліць. Семантычная палеска-паўднёваславянская паралель (гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

меркава́нне, ‑я, н.

1. Думка, погляд. Відаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалі меркаванне радыста. Шыцік. — Чалавек як прывыкне да дамашняй стравы, дык яго хоць у рэстараны завядзі — не наесца, — выказаў сваё меркаванне Казлюк. Няхай. // Вынік роздуму. Вера Антонаўка коратка пазнаёміла выпускніцу з двума меркаваннямі камісіі. Васілевіч.

2. Разлік, дапушчэнне. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Партызаны выказвалі свае меркаванні пра тое, што магло здарыцца з Мікалаем Мікалаевічам. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаршчо́к, ‑шка, м.

Круглая выпуклая гліняная пасудзіна са звужаным дном для гатавання стравы. Маці пачала вымаць з печы гаршкі з ядою. Дамашэвіч. Пільнуйся гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка. // Прадаўгаватая гліняная пасудзіна ў выглядзе ўсечанага конуса для хатніх раслін. // Пасудзіна для мачы і спаражненняў. Начны гаршчок.

•••

Ад гаршка паўвяршка — пра недарослага, нясталага чалавека.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

Змяняць гаршкі на гліну гл. змяняць.

Не святыя гаршкі лепяць гл. святы.

Як у гаршку кіпець гл. кіпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад драць.

2. у знач. прым. Разадраны на кавалкі. [Шпалеры] звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. М. Стральцоў.

3. у знач. прым. Зношаны да дзірак, падраны. Дранае адзенне. □ Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Быкаў.

4. у знач. прым. Здробнены на тарцы. Курловіч еў .. [бліны] з лоем і хваліў за смак, прызнаваўся, што надта любіць увосень бліны з дранай неляжалай бульбы і пшанічнай мукі. Дуброўскі. / Пра стравы. Драныя аладкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стол, стала́, мн. сталы́, стало́ў, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах, ножках.

Пісьмовы с.

Сесці за сталы.

Перагаворы за круглым сталом (перан.: пры поўным раўнапраўі бакоў).

2. Прадмет спецыяльнага абсталявання або частка станка падобнай формы.

Аперацыйны с.

3. адз. Страва, ежа, тое, што падаюць для яды.

Затраты на с.

Разнастаіць с.

4. Від стравы, ежы; рэжым харчавання.

Мясны с.

Дыетычны с.

Вегетарыянскі с.

5. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якая займаецца спецыяльным колам пытанняў

С. даведак.

Пашпартны с.

|| памянш. сто́лік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).

|| прым. стало́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сос1 ‘шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй ш — с > с — с і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).

Сос2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос2 ‘тс’ (гл.).

Сос3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сала́та, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. Аднагадовая агародная расліна сямейства складанакветных, лісты якой сырымі ўжываюцца ў ежу. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч.

2. Страва з лісцяў гэтай расліны з воцатам, смятанай і пад.

3. Халодная страва з нарэзанай кавалачкамі сырой або варанай гародніны, часам рыбы, мяса і пад., палітых якім‑н. соусам. Салата з памідораў. □ Раней ставяцца халодныя закускі — ікра, рыбныя вырабы, розныя салаты, вяндліна і іншае. «Звязда». // Усякая агароднінная прыправа да мясной стравы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падлі́ць, падалью, падальеш, падалье; падальём, падальяце і падлію, падліеш, падліе; падліем, падліяце; заг. падлі; зак., што і чаго.

1. Дадаць чаго‑н. вадкага; наліць яшчэ крыху. Падліць кавы ў шклянку. □ Як выйдуць паліваць тыя пасадкі, Васілінка абавязкова падалье пабольш вады пад той «свой» куст. Ус. А з’еўшы адно, паглядаю, Ці хто больш чаго падліе. Купала. Мужчыны вылезлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць. Гартны.

2. Наліць пад што‑н. Падліць вядро вады пад куст.

•••

Падліць масла ў агонь — абвастрыць якія‑н. непрыязныя адносіны, пачуцці і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́хня, ‑і; Р мн. ‑хань; ж.

1. Памяшканне з печчу або плітой для гатавання ежы. // Павозка або машына з катламі і плітой для гатавання ежы ў паходных умовах. Палкавая кухня. □ У вёсцы палалі кастры, дымілі паходныя кухні — гатавалася агульная вячэра. Лось. // Разм. Гатаванне ежы. Займацца кухняй. // перан.; чаго або якая. Разм. Скрыты, закулісны бок якой‑н. дзейнасці. Дыпламатычная кухня.

2. Падбор страў, характар ежы. Польская кухня. Французская кухня.

•••

Малочная кухня — а) стравы, прыгатаваныя на малацэ, з малака; б) установа, якая гатуе сумесі розных адвараў з малаком для грудных дзяцей.

[Ад ням. Küche.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ва́рыва ’варэнне (працэс)’ (Юрч., Янк. I, БРС); ’агародныя расліны, што ўжываюцца да стравы’ (КЭС); ’гародніна’ (Шат., Касп., Янк. БП, Др.-Падб., Янк. I, 47); ’сцяблы і лісце буракоў’ (ДБА, 868, Бяльк., Касп., Гарэц., Юрч.); ’буракі’ (Касп.), у дыял. ва́ріво, ва́рэво, ва́рво, ва́рыво (гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 129). Укр. ва́рево, ва́риво ’вараная страва; квашаная гародніна’, рус. ва́рево ’вараная страва’; ’гародніна, зелень; гародніна, прыгатоўленая на зіму’, польск. warzywa ’гародніна, зелень’ і г. д. Слав. *varivo (да вары́ць); агляд слав. форм і значэнняў Вештарт (Лекс. Палесся, 130–131; там жа і меркаванні пра магчымы шлях семантычнага развіцця). Да адлюстравання *varivo ў ст.-бел. мове гл. Казачонак, Весці АН БССР, 1975, № З, 117–118.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)