шпа́ла, ‑ы, ж.

1. Брус, які кладзецца ўпоперак чыгуначнага насыпу як апора пад рэйкі. Пахла мазутам, пагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю. Колас. Адноўлены Касцюковіцкі райпрамкамбінат пачаў вырабляць шпалы для Беларускай чыгункі. Лыч.

2. Знак адрознення старшага каманднага саставу ў Савецкай Арміі (да 1943 г.), які меў форму прамавугольніка. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка. Лупсякоў.

[Ад гал. spalk — падпорка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саста́ў, ‑таву, м.

1. Сукупнасць частак, прадметаў, якія складаюць адно цэлае; склад. Асноўнай задачай лексікалогіі з’яўляецца планамернае навуковае апісанне слоўнікавага саставу мовы і выяўленне гістарычных заканамернасцей яго развіцця. Гіст. лекс. бел. мовы. Па саставу лічэбнікі падзяляюцца на простыя.., складаныя.. і састаўныя. Граматыка. // Сукупнасць элементаў, якія ўваходзяць у хімічнае злучэнне, рэчыва і пад. Састаў глебы. Састаў крыві.

2. Злучэнне, сумесь, раствор, якія складаюцца з розных элементаў або рэчываў. Састаў для бальзамавання. Лекавы састаў.

3. чаго або які. Сукупнасць людзей, з якіх складаецца які‑н. калектыў, арганізацыя (з колькаснага або якаснага боку). Састаў выканаўцаў спектакля. Састаў бюро. □ Цяпер у саставе мясцовых Саветаў рэспублікі 80648 дэпутатаў, больш за 63 працэнты якіх складаюць рабочыя і калгаснікі. Машэраў.

4. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Камандны састаў. Выкладчыцкі састаў. Лётны састаў.

5. Рад счэпленых разам чыгуначных вагонаў, падрыхтаваных для адпраўкі ў рэйс. Таварны састаў. Пасажырскі састаў. □ Састаў з двума паравозамі прагрукатаў па мосце за Дняпро. Грахоўскі. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз — побач праляскаў таварны састаў. Шамякін.

•••

Асабовы састаў — тое, што і асабовы склад (гл. склад ​2).

Рухомы састаў — сукупнасць лакаматываў і вагонаў на чыгунках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачы́сціцца, ачышчуся, ачысцішся, ачысціцца; зак.

1. Стаць чыстым па саставу, пазбавіцца ад чужародных прымесей, бруду. // Стаць свежым, свяжэйшым (пра паветра). // перан. Стаць чыстым у маральных адносінах; пазбавіцца чаго‑н. заганнага. Калі ж чалавек не мог канчаткова ачысціцца ад усяго заганнага, жыццё цяжка помсціла за гэта, скіроўвала на непажаданую дарогу. Хромчанка.

2. Стаць вольным ад наяўнасці каго‑, чаго‑н.; пазбавіцца чаго‑н. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар і было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Шамякін. Раніцай падзьмуў вецер, разагнаў туман, і ля Карскіх Варот мора амаль зусім ачысцілася ад ільдоў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фла́гман, ‑а, м.

1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).

2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.

3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.

4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.

[Гал. vlagman.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сутыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сутыкнуцца (у 1–3 знач.).

2. Датыкацца, дакранацца ўзаемна. [Настаўніца] завяла патэфон, я пачаў выбіраць пласцінкі, рукі нашы ўвесь час сутыкаліся. Лупсякоў.

3. Размяшчацца блізка да чаго‑н.; мець сумежныя бакі; межавацца. [Паліна:] — Пайсці ўскрайкам лугу, што сутыкаўся з полем, значыла выдаць сябе. Кавалёў.

4. Уступаць у якія‑н. адносіны, узаемадзеянне, кантакт з кім‑, чым‑н.; мець справу з кім‑, чым‑н. Важным сродкам узбагачэння слоўнікавага саставу старабеларускай мовы з’явілася запазычванне лексікі з іншых, пераважна суседніх моў, з якімі ў большай ці меншай ступені сутыкалася ў старажытнасці беларуская мова. Жураўскі.

5. Зал. да сутыкаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́весці¹, -веду, -ведзеш, -ведзе; вы́веў, -вела; вы́ведзі; -ведзены; зак.

1. каго-што. Ведучы, накіраваць куды-н., выдаліць адкуль-н.

В. войскі на парад.

В. дзяцей на двор.

В. каня з канюшні.

В. з бяды (перан.).

2. каго-што з чаго. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго-н.

В. з гульні.

В. з саставу прэзідыума.

3. перан., каго (што), з чаго. Уздзейнічаючы якім-н. чынам, прывесці ў які-н. стан, становішча.

В. з раўнавагі (пазбавіць раўнавагі, спакою). В. з цярпення (раздражніць). В. з сябе (давесці да страты самавалодання).

4. каго-што. Знішчыць, вынішчыць.

В. прусакоў.

В. плямы на паліто.

5. што і без дап. Зрабіць вывад, прыйсці да чаго-н. разважаннем.

В. формулу.

|| незак. выво́дзіць, -во́джу, -во́дзіш, -во́дзіць.

|| наз. вывядзе́нне, -я, н. (да 2, 4 і 5 знач.), вы́вад, -у, М -дзе, м. (да 1 і 2 знач.) і вы́вадка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

1. Спец. Замацоўваць што‑н. у адпаведным становішчы. Фіксаваць рэйку.

2. Адзначаючы, вылучаць, замацоўваць што‑н. у свядомасці, памяці і пад. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і.. [Шыковіч] усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Шамякін. // Адзначаць, замацоўваць з дапамогай запісу, фатаграфіі і пад. Выдаткаванне электраэнергіі фіксуе лічыльнік. □ Выхад з друку кожнага дыялектнага слоўніка трэба толькі вітаць, асабліва калі ён фіксуе яшчэ мала даследаваныя гаворкі. «Полымя».

3. Сканцэнтроўваць, накіроўваць. Фіксаваць увагу.

4. Канчаткова ўстанаўліваць, замацоўваць. Фіксаваць заработную плату.

5. Спец. Апрацоўваць якім‑н. рэактывам клеткі і тканкі жывых арганізмаў для кансервацыі іх структуры і хімічнага саставу. Фіксаваць тканку фармалінам.

6. У фатаграфіі — апрацоўваць фіксажам. Фіксаваць фотаплёнку.

7. Пакрываць фіксатывам. Фіксаваць малюнак.

8. Спец. Усмоктваць, засвойваць. Карэнні раслін фіксуюць глебавую кіслату.

[Ад фр. fixer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парк, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Участак з прыроднымі ці штучнымі насаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку. Парк маўчаў у перадвосеньскім зняменні, нават птушкі не гаманілі ў пабурэлым, але яшчэ густым лісці дрэў. Дуброўскі.

2. ‑а. Месца стаянкі і рамонту транспартных сродкаў. Трамвайны парк. Аўтобусны парк. □ Звініць на прыпынку апошні трамвай ля вакзала. — У парк адыходзіць, — кандуктарка ветла сказала. Вялюгін.

3. ‑у. Сукупнасць рухомага саставу чыгуначнага, аўтамабільнага і іншых відаў транспарту. А цяпер увесь .. парк — дваццаць трактараў, два камбайны, дзесяць жняярак... Сіўцоў. У танкавым парку, угледзеўшы новыя машыны, якіх да гэтага яшчэ ні разу не бачыў, Максім аж уздыхнуў ад хвалявання і нясцерпнай прагі падысці, пакратаць іх. Грамовіч.

•••

Заалагічны парк (сад) — навукова-асветная ўстанова, у якой трымаюць у клетках, вальерах ці на вялікіх пляцоўках дзікіх жывёл для дэманстрацыі іх і вывучэння.

[Англ. park.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грунт, ‑у, М ‑нце, м.

1. Верхні пласт зямлі; глеба. Высадзіць памідоры ў адкрыты грунт. □ Пад нагамі адчуваўся трывалы, увесь у купінах грунт. Мележ. // Цвёрдае дно натуральнага воднага басейна; глеба марскога, рачнога і пад. дна. Донны грунт. □ Нераст [ментуза] адбываецца пад лёдам на глыбіні ад 1 да 2,5 метра пераважна на камяністым або пясчаныя грунце. Матрунёнак.

2. Пласты зямлі, якія знаходзяцца пад глебай. Вывучэнне саставу і ўласцівасцей грунтоў — задачы інжынерна-геалагічных даследаванняў. □ У зямлі ёсць такія грунты, дзе вада спыняецца, не ідзе далей. Колас.

3. перан. Тое галоўнае, на чым асноўваецца што‑н. Хоць матэматыка грунт усяму на свеце, але Юлька на гэтым «грунце» яшчэ слаба трымаецца. Бядуля.

4. Слой рэчыва, якім пакрыта палатно, дошка і пад., прызначаныя для жывапісу ці графікі. Нанесці грунт.

5. Састаў, якім пакрываюць паверхню, рыхтуючы яе для жывапісу ці афарбоўкі; грунтоўка.

•••

Выбіць грунт з-пад чыіх ног гл. выбіць.

Траціць грунт пад нагамі гл. траціць.

[Ням. Grund — глеба, аснова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Про́сты ’элементарны, аднародны па саставу’, ’не складаны для разумення’, ’грубы па якасці’, ’няхітры, адкрыты, неганарлівы’, ’звычайны, негатунковы’, ’прамы, роўны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Бір. Дзярж., Шн. 2, Выг., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Клім.), ’свабодны’ (Нас.), ’слабы, некруты (аб пражы)’ (Уладз.), ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. просто́й, укр. про́стий, ст.-рус. простъ ’прамы, адкрыты, свабодны, просты’, ст.-слав. простъ ’прамы, просты’, польск., в.-луж. prosty, н.-луж. pšosty, чэш., славац. prostý ’просты, прамы’, серб.-харв. про̏ст ’няхітры, просты; дараваны, памілаваны’, славен. pròst ’натуральны, свабодны, звычайны, просты’, балг., макед. прост ’просты, нявыхаваны’. Прасл. *pro‑stъ ад pro‑ (гл. пра- і *sto‑). Апошняе параўноўваюць з літ. ãpstas ’багацце’, apstùs ’багаты, шчодры, шырокі’, atstùs ’аддалены’, лат. nuôst ’прэч’ (< *nuo‑stu), ст.-інд. sụṣthú‑ ’які знаходзіцца ў добрым стане’, оск. trstus ’сведка’, ст.-в.-ням. ewist ’аўчарня’. Першаснае значэнне *prosthos ’тое, што выступае; той, які выступае’, параўн. ст.-інд. prastha‑ ’горная раўніна, плошча’, ірл. ross ’лес, мыс’ (гл. Фасмер, 3, 380). Іншыя версіі: Міклашыч (321) выводзіў слав. *prostъ з *prostrъ ’разасланы’ і набліжаў да прастор і роднасных; Махэк₂ (485) роднаснымі славянскаму слову лічыў літ. prantù, pratau, pràsti ’прывыкаць’ (г. зн. *prostъ з *prot‑tos), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць яго семантыку. Паводле Аткупшчыкова (Балто-слав. иссл., 1984, 94–95), роднаснае літ. prãstas, лат. prasts ’просты; дрэнны’, літ. pràsti ’прывыкаць’, таксама Банькоўскі, 2, 788. Трубачоў (ЭССЯ, 13, 137–138) адносіць другую частку слова да *stojati (гл. стаяць) аналагічна да ku‑stъ ’куст’. Гл. таксама Шаўр, Slavia, 50, 52–60; Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 71. Паводле Сноя₂ (586), першасная семантыка — ’які стаіць спераду’, параўн. про́сто ’насупраць’: просто хаты (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)